– Дзе гэта вы бачылі сабаку з каўбасой на шыі? Схаваць яны захацелі. А дурнейшага нічога прыдумаць не маглі, што бацька, што зяць?
Пасмяяліся. У Міці Буханава – сваё:
– Пра касілку сваю ўспомніў... Новенькую купіў жа. Каля двара на ноч ставіў. Раніцай дачка пытае: «Тата, а дзе твая касілка?» Як – дзе? Стаіць. «Не, там няма». Гляджу: праўда, няма. Укралі. Нашы не маглі, вядома. Не схаваеш. Аб’ехаў усе навакольныя вёскі. Чатыры гады шукаў. Знайшоў! Мужыкі, каму трэба касілка? Бясплатна аддам. Пакуль знайшоў, усе свае сілы патраціў, раструсіў, мусіць... Ды і жыццё за гэты час іншым стала.Змянілася. Карову ж не трымаю. Ведаеце. Сам сена не ем. Можа, і не трэба было шукаць? Няхай бы хлопцы тыя касілі сабе ды людзям на задароўе. Хоць – не: за шкоду, за любую шкоду ўсё роўна трэба па руках біць...
Адкуль і ўзяўся Іван Шаршэнь. Тут як тут.
– А я ўжо выспаўся! – цёр ён вочы дрыготкімі пальцамі.– А мая кімарыць. Сапе ў дзве дзірачкі. Глянуў на гадзіннік: ого, мне ж на хверму неўзабаве!.. А ў галаве, самі разумееце, мутарна. Дык вы што, усё яшчэ тут?
– А дзе нам быць? – павярнуўся тварам да Шаршня Хведар Хацкоў.– Вяселле ж!..
Шаршэнь пагадзіўся:
– І я сваёй кажу: вяселле ж, а ты мяне забрала адтуль. Як жа, кажу, там адны мужыкі без мяне будуць? «Спі!» Чулі? Гэта мне: спі! А я, можа, не хачу. Нядрэмнасць у мяне. – Ён пакруціў галавой па баках. – Дык што, і Мікалая Сцяпанавіча, брата Ягоркавага, таксама няма тут?
– Чаму ж, тут ён, – кіўнуў на ўваходныя дзверы Міця Буханаў.– У хаце.
– У хаце? У хаце – не лічыцца. Іш, схаваўся! А чаму не там, дзе ўсе? Непарадак! Перакур – ён для ўсіх перакур! Я правільна кажу, мужыкі?
Шаршню ніхто не адказаў, тады ён пацягнуў дзверы на сябе, і знік у хаце.
– А, дык вось ты дзе, Мікалай Сцяпанавіч! – шырокая лагодная ўсмешка з’явілася на твары Шаршня.– А для мяне ўжо новы дзень пачаўся. Дзе б тут чаго каўтануць, а то галава цяжкаватая?.. Мне ж цялят карміць скора... Павінен быць як штык!..– Шаршэнь напоўніў першую чарку, што трапілася пад руку, гарэлкай, затрымаў позірк на субяседніку.– Дык што, забрыкай яго камар, вып’ем,так сказаць? За кампанію? Га?
– Не, дзякуй. Я ўжо і так, адчуваю, замнога выпіў.
– То ўчора. Так? Так. А сёння яшчэ не піў. Што было, тое сплыло. Дзе твая чарачка, Мікалай Сцяпанавіч? Ды і як жа дзядзька не вып’е за любімую пляменніцу, якая, бач ты на яе, ні каго-небудзь, а інжынера сельскай вытворчасці прыбрала да рук, прытуліла, так сказаць. Я ж яе, саплівую, вось такой помню, – Шаршэнь трымаў у адной руцэ чарку, а пальцы другой растапырыў над падлогай, нават крыху нахіліўся, каб быць больш даставерным.– Вось такой была... Якраз я тут, у вас, аказаўся. Ну, са сваёй мымрай... сам жа ведаеш... Я хіба не расказваў учора?
– Расказвалі. Багата чаго расказвалі.
– І пра камсамольскую пуцёўку?
– Ну,гэта вядома...у першую чаргу... з такім энтузіязмам расказвалі, што і мне захацелася туды, на Калыму.
– Сёння не пусцяць. Не-а. Іншая краіна. Не пусцяць. А шкада. Камсамол быў у пашане. Дык што, за пляменніцу не вып’еш?
Мікалай Сцяпанавіч падставіў чарку, Шаршэнь напомніў яе і сказаў:
– Цяпер я бачу, што ты свой чалавек. Ну, хай будзе ўсё добра.
І асушыў пітво. Тое ж самае, крыху павагаўшыся, зрабіў і Мікалай Сцяпанавіч.
– Цяпер можна і перакурыць...
– Вы закусіце, – параіў Шаршню Мікалай Сцяпанавіч.
– А папяроса – што, не закуска? Яшчэ якая! Ого закуска! – І пачаў выбірацца з-за стала. – Пайшлі, пайшлі, Сцяпанавіч. Я ж альбом прынёс. Пакажу Калыму. Свой ты чалавек, бачу, тады чаму ж не паказаць. Во ён, альбом, тут... Пры мне. Ці, можа, яшчэ па адной?.. Каб лішні раз штаны не драць аб лаву, га, Сцяпанавіч?
– Накорміце цялят, дзядзька Іван, а тады і яшчэ вып’ем. Дамовіліся?
Шаршэнь затрымаў на бутэльцы з гарэлкай доўгі нераўнадушны позірк, перасмыкнуў кадыком, а тады пагадзіўся:
– Разумны чалавек абы чаго не параіць. Правільна: спярша цялят, а тады можна будзе... Ці тут паглядзім карткі? Тут святла больш.
– Можна і тут.
– Прымаецца! Трымай пяць!..
Шаршэнь дастаў з-пад дзягі маленькі альбомчык, які быў перахоплены белай рызінкай, разгарнуў, пагартаў... потым яшчэ пагартаў, на гэты раз похапкам... А тады падняў яго над сабой, патрос – з альбома нічога не выпала. Альбом быў без картак. Паглядзеў на Мікалая Сцяпанавіча.
– Былі ж!.. Учора гартаў!.. Былі ж!.. Ну, Таццянка, ну, пачакай! – І на ягоных вачах, што яшчэ больш уразіла госця з горада, заблішчэлі слёзы.– Так падвесці!.. Усю маю Калыму вытрэсла з альбома!.. Да адной карткі!.. А я ж там і з начальнікам у абдымку стаю – з тым, што з Канавы!.. І грубкі на картках былі, што паліў!.. І дровы!.. Ды шмат чаго было на тых хватаграфіях, забрыкай яе камар!.. Хацеў табе, Мікалай Сцяпанавіч, паказаць... пахваліцца біяграфіяй... Не атрымалася. І ўсё таму, што не шанцуе мне на баб. Адна запёрла туды, а другая і знаць не хоча!..
Мікалай Сцяпанавіч паклаў руку на плячо Шаршню, а сам пільна глядзеў таму ў вочы, і не адразу сказаў:
– Добрая жонка ў вас, дзядзька... Беражы яе... А карткі як-небудзь паглядзім іншым разам...
... На дварэ па-ранейшаму шалеў халодны вецер. Бліжэй да раніцы вяселле пачало затухаць, у сенцах больш нікога з людзей не было. Пра перакур нагадвала толькі шызае воблака гаркотнага дыму, якое наважвалася праслізнуць на двор у дзверы, калі хто заходзіў альбо выходзіў, аднак у таго нічога не атрымлівалася: халоднае паветра з вуліцы апярэджвала воблака, усяляк адціскала яго; яно нахабна і рашуча ўрывалася ў сенцы і пачынала ўладарна гаспадарыць тут, не зважаючы, як у сябе на дварэ каля навагодняй ёлкі...
Неўзабаве пра перакур у сенцах-катушку мала што нагадвала.
ЭМЧАЭСАВЕЦ
Тады была якраз сярэдзiна лета. Хоць для нашага аповеду гэта не мае нiякага значэння. Такое магло здарыцца i ўзiмку, i ў восень...
Сцяпан Фiлiмончык, слесар мясцовага завода безалкагольных напояў, гарманiст i спявак, сур’ёзна захварэў: неабходна аперацыя, зрабiць якую сёння так проста было немагчыма. Патрабавалiся значныя грошы, якiх, зразумела ж, у сям’i Фiлiмончыкавых не мелася. Жонка Антанiна, выслухаўшы доктара, гаротна ўздыхнула i нiчога канкрэтнага яму не адказала. Сама ж толькi падумала: «Ратаваць трэба свайго Эмчаэсаўца, ратаваць!..» Але як гэта зрабiць – не ведала, i пакуль iшла з бальнiцы дадому, увесь час пра гэта толькi i думала. Ёй шкада было свайго зухаватага мужа, яна кахала яго, i кахала надта, i думка пра тое, што калi не зрабiць платную аперацыю, то жыць яму заставалася нядоўга, нiбыта прыбiла яе да зямлi – ногi зусiм не слухалiся, а галава, адчувала, iдзе кругам. «Ратаваць... Ратаваць... Ратаваць...» Пра iншае i думаць не хацелася. Ратаваць свайго эмчаэсаўца. Гэта яна, жонка, прыклала да яго такую мянушку, тая неяк адразу замацавалася за iм, суседзi i знаёмыя таксама прынялi: Сцяпанам мала калi называюць, больш – Эмчаэсаўцам. Ён i не крыўдуе. А то ж! Так яно i ёсць, тут чысцейшая праўда: калi што дзе – там Сцяпан. «Выручай, сусед!» Пачынiць, ухiлiць, лiквiдуе. Не кажучы ўжо, што нядаўна новы гармонiк набыў – той, стары, выдыхся: як гулянка якая, адразу да яго, Сцяпана: пайграй, дружа!.. Жонка iншы раз заўважала: «Гэта добра, што мы ў вёсцы не жывём. А то б я цябе дома i зусiм не бачыла – там старых людзей, нямоглых, шмат, i табе б хапiла занятку на iх дварах. Прастор. Уяўляю: свой агарод не ўбiраецца, бо няма калi, а Сцяпан мой рачкуе на агародзе ў якой-небудзь бабкi Моцi цi дзеда Нiчыпара. Выратоўвае тых... Адным словам – Эмчаэсавец!»
I вось – бяда... Пра гэта адразу даведалiся суседзi, iнакш i быць не магло: не толькi на адной лесвiчнай пляцоўцы, але i ў пад’ездзе людзi добра ведалi адзiн аднаго, на першы погляд, жылi надзiва дружна, чаму нельга было не пазайздросцiць. Асаблiва сёння. У наш час. Калi iншыя родныя людзi мала ведаюцца.