Марасанаў адказаў не адразу:
– Цяжкавата.
– А Мельнік купіў зяцю новую іншамарку. І сам паедзе на «маздзе» . А чаму? А таму, што разумны чалавек, галава-а! Вось так трэба і жыць...
– Не вучыце мяне, калі ласка, – запярэчыў Марасанаў.
– Ды вас, гляджу, позна вучыць,– пагадзіўся падпалкоўнік. – Ну, што ж... Будзем лічыць, што размова закончана. Пасядзіце пакуль. А там ужо што пракуратура скажа...
За дзвярыма пачуўся голас Пырха, той узняў ніяк вэрхал: відаць, нагадаў, што ў сталіцы ён і не такое рабіў і нічога, а тут і слова ім не скажы. Надакучыла. Колькі можна цярпець? «Пусціце мяне-е-е!» Пырх, мусіць, нагадаў, што ў яго зрываюцца ўрокі, але каму гэта цікава? Капітану? Падпалкоўніку? Каб паводзіў ён сябе больш прыстойна ў міліцыі, нехта варсануў яму ў бок, а мо гваздануў і па галаве – тут, у кабінеце начальніка, Марасанаву было не відаць, але калі Пырх залямантаваў не сваім голасам «уй-й-й-й-й!», ён быў упэўнены, што так і было.
Страмавусаў націснуў на кнопку і загадаў капітану, які прасунуў галаву ў дзверы:
– Забярыце. І таго разам з ім...
Выходзячы з кабінета, Марасанаў павярнуўся да падпалкоўніка, усміхнуўся:
– А той кавалак золата... помніце сваю пляменніцу, якая вучылася ў нас па вашай пратэкцыі... так і не навучыўся граць ні на адным музычным інструменце. Не заблішчэла золата... Сустрэў на днях ... працуе той кавалак золата на базары ў гандлёвым радзе...
– Выйдзіце!– Страмавусаў грукнуў кулаком па стале.
Пырх ужо больш не нагадваў пра сталіцу, моўчкі плёўся паперад Марасанава, і прыкідваў, на каго раскінуць ягоныя ўрокі. І – што і не дзіўна! – ніколькі не дакараў сябе, што заставаўся каля дагараўшага крэсла да апошняга... Хоць, можа, і трэба было не спадзявацца на Сцяпана Віктаравіча, а драпаць? А што, калі яго ўжо няма ў горадзе?..
Як толькі за Марасанавым зачыніліся дзверы, былы дырэктар мясцовай вучэльні Мельнік выглянуў з невялічкага пакоўчыка для адпачынку, які быў адразу ж за спіной Страмавусава. Яны перакінуліся позіркамі. Усміхнуліся.
– Ты ўсё чуў. Гэтае крэсла ім доўга будзе помніцца,– паабяцаў падпалкоўнік і дастаў з сейфа пачатую бутэльку з каньяком. – Таму што жыць не ўмеюць. І самае галоўнае – не хочуць вучыцца. Вось у чым бяда. Вось у чым іх загана. Падсядай, Сцяпан Віктаравіч, да стала. Хваляваўся, бачу...
Мельнік пацвердзіў:
– Ды не жалезны...
– Рукі дрыжаць. А хваляваўся дарэмна. Дарэмна хваляваўся, шаноўны. Мы сяброў у бядзе не пакідаем. Ну, спалілі крэсла. Каб жа ты раней нам паведаміў, то мы б іх усіх і замялі..
– Усіх не трэба,– замахаў рукамі Мельнік. – Не,не! Там і добрыя людзі ёсць.
– Але ж палілі крэсла, так бы мовіць – вас...
– За кампанію. За кампанію,– Мельнік праглынуў даўкі камяк, пацягнуўся за келіхам з каньяком, падняў яго дрыжачай рукой. – Не будзем пра крэсла... Забудзем. Раз і назаўсёды. Няхай яны думаюць, што я нічога не ведаю. А мне, між іншым, сам Пырх... той, што з барадой, і сказаў, што будуць паліць крэсла... і што ён будзе таксама паліць... Але каб ведаў. Папярэдзіў. Малайчна. Свой чалавек. Калі ён нават і адмовіцца, сказаў, то спаляць іншыя. Так што ўсё роўна... канец адзін. Папрасіў загадзя і прабачэння. Гэта ж я яго запрасіў у вучылішча. Друг мой інстытуцкі слова замовіў за Пырха...
Пачуўшы пра Пырха, падпалкоўнік адразу ж пракаўтнуў пітво, крэкнуў і механічна ўтапіў кнопку ў стале, і ў дзвярах паказаўся лейтэнант, якому Страмавусаў загадаў адпусціць «на ўсе чатыры стораны» падпальшчыкаў крэсла. А Мельніку , не хаваючы разачаравання, гучна заўважыў:
– Маць вашу!.. Папярэджваць трэба!..
І плюхнуўся ў сваё крэсла, пра якое Марасанаў падумаў, што яно б гарэла яшчэ лепш, чым гарэла крэсла іхняга былога дырэктара...
ТАК ПЛАЧА АКНО
Галя не першы раз тузанула руку: дарэмна, адно што пеканула болем. «Гад! – заплюшчыўшы вочы, адчайна прамовіла жанчына, матлянула галавой і не магла стрымаць слёз: тут і не кожны б мужчына вытрымаў, а што ўжо гаварыць пра яе, кволую, дваццацігадовую. – Заўтра ж аднясу дакументы на развод. Хопіць. Нацярпелася. І які д’ябал вымусіў мяне выйсці замуж за мянта паганага?! Гэта мама: выходзь, дачка, не пашкадуеш, грошы добрыя будзе прыносіць. Напрыносіў! А цяпер вось і наручнікамі прышпіліў да батарэі... А сам храпе, гад. П’янтос у пагонах!»
П’янтос, а па пашпарту Цэдрык, міліцыянер з трыма лычкамі на пагонах, варухнуўся, прадраў адно вока, доўга свідраваў ім жонку, прабурчэў:
– Сама добра – жонку на ланцуг,і ўсе дзеці будуць толькі на цябе падобныя.
– Ідыёт! – вырвалася ў Галі. – Як ты можаш? Што ты вярзеш? Я ж... я ж, акрамя работы, нідзе не бываю.
Цэдрык адвярнуўся:
– Не перашкаджай спаць. А прафілактыка бабам патрэбна. У любым выпадку. Як зямлі дождж у спёку. Сплю-ю!.. – Ён глыбока пазяхнуў і суцішыўся.
Галя, уздрыгваючы худзенькімі плечыкамі, папрасіла:
– Міша, адшпілі. Рукі баляць. Хопіць здзекавацца. Я ж не вінаватая. Ну, Мішка-а-а!..
Не гледзячы нават на жонку, Цэдрык, пракаўтнуўшы сліну, вырак:
– Пасядзі, пасядзі... на ланцугу. І дзякуй скажы, што я прышпіліў цябе каля акна. Кругагляд. Не сумна. Што бачыш, га, жоначка?
– Га-а-ад!-- затрэслася яшчэ больш Галя, а вочы затуманілі слёзы. – Каб ты здох!
– Будзеш абражаць міліцыю, пакараю больш строга,– прамовіў Цэдрык і захроп.
Галя ж глядзела на акно, і ёй здавалася, што не яна плача, а яно. На шыбах былі слёзы. Розныя – і вялізныя, бы раннія зялёныя вішні, і малюпасенькія, як усё роўна недаспелыя ягады смародзіны. Яны, тыя слёзы-вішні-ягады, іншы раз мітусіліся хаатычна, беспарадкава, але сцякалі ўніз, уніз... Калі прыгледзецца больш уважліва да шыбы – а Галя гэта заўважыла адразу, – то можна ўбачыць і сябе, і яго, нягодніка Цэдрыка. Ён, вядома ж, нахабна рагоча, потым закасвае рукавы, плюе на далоні: сцеражыся, бойся, жонка! А вунь і сама яна... У ражку шыбы... Змізарнелая, запалоханая... Яна бачыць сябе надзіва хораша... Сцялася ўся, трымціць. Зараз будзе бойка. Зараз пачнецца. І Галя, быццам прыйшоўшы да памяці пасля нядоўгага маўчання, плюе на акно і паўтарае – толькі не ўслых, а сама сабе: « Гад!» Вінаваты ён, Цэдрык, а дасталося шклу. Не жывое – у яго не папросіш прабачэння. Але нешта рабіць трэба. Жанчына пацягнулася ўсё ж – ледзь не разарвалася – да шыбы, сцёрла сліну.
Хочацца спаць. Падбароддзе паступова асунулася на грудзі, замгліліся вочы. Сама сабе загадала: «Спаць, спаць, спаць!» Хоць так, не па-людску. Стамілася за дзень на рабоце. А больш – дома... Толькі ж сон не слухаецца яе, не адольвае. Было ж адно жаданне –праваліцца ў забыццё, а прачнуўшыся, убачыць нарэшце цвярозага Цэдрыка і, магчыма, плюнуць цяпер яму ўжо ў вочы. Цвярозы ён ніжэй травы, цішэй вады, а вып’е – дурань дурнем.
«Хоць бы мама, ці што, прыйшла? – думае Галя. – Як няма асаблівай патрэбы – дзесяць разоў прыбяжыць на дні. А калі здзекуецца муж – не чуе яе сэрца бяды, не спяшаецца на падмогу».
З Цэдрыкам Галя пазнаёмілася ў тралейбусе. Быў ён у цывільным адзенні, даўгалыгі і белазубы, з густымі брывамі, чорнымі, як смоль, але рэдкімі валасамі. Гаварыць умеў. Улюлюкаў. Неўзабаве яна пазнаёміла Цэдрыка са сваімі бацькамі – на гэты раз жаніх апрануў міліцэйскую форму, яна яму добра пасавала, і маці, з зайдрасцю кінуўшы лагодны позірк на бацьку, паказала ўсім сваім выглядам: здаецца, тое, што і трэба нашай Галінцы! А калі дачка засталася адна, пацалавала яе ў шчаку:
– Выходзь. І не думай. Відны і пры пагонах. А ў міліцыі абы-каго не трымаюць.
Бацька больш маўчаў. «Самі разбірайцеся».
Цэдрык прачнуўся першы. Мітусліва паглядзеў на акно, на жонку, якая, паклаўшы галаву на маленькія кулачкі і падкурчыўшы ногі, спала. Да яго нарэшце дайшло: гэта ж, мабыць, я?.. Усхапіўся. Разамкнуў наручнікі – і Галя лягла спіною на падлогу, паклала збялелыя рукі на жывот: ён ужо прыкметна выдаваўся – у сям’і Цэдрыкаў чакаўся першынец.
– Прабач, Галя!– муж схіліўся над жонкай, прыпаў на калена, прыўзняў яе за плечы. – Паглядзі на мяне. Паглядзі. І даруй.
– Ні-ко-лі,– не расплюшчваючы вачэй, прашаптала Галя. – Ідзі. Ідзі, Міша. Я адна выгадую дзіця. Пакуль бацькі жывыя – не дадуць прапасці. А з тваіх грошай толку мала. Прапіваеш усё роўна. Ды і нядоўга ты пратрымаешся... Раскусяць. Не сёння, дык заўтра. Такімі, хіба, міліцыянеры павінны быць, як ты?..