Выбрать главу

Першай падтрымала Макара Ягорыха:

– Светлая галава ў цябе, Макарка, ой і светлая! Добры ты чалавек. Ета ж правільна, ета ж вумненька! І я ўбачку не застануся. Прыбягу, прыбягу. І гатаваць памагу, і пляшку віна захаплю. Толькі ж дзе мы будзем гатавацца – у Дуні?

– А дзе ж яшчэ? У яе. Мая ў радзільню пайшла сёння з Матрунай, ключ забярэ. Трэба ж гаспадарыць у хаце, пакуль яна там. Ты вось што, Ягорыха, зрабі: накажы бабам, хто хоча прыняць у радзінах учасця, хай збягаюцца. І мужыкі хай. П’яніц абмінай толькі, не трэба, а то ўсю кампанію сапсуюць. Ясна?

– Ясненька, галубок. Ясненька.

– Дзякуй табе, Ягорыха.

– За што ж дзякаваць, Макарка? Такое дзела, такое дзела... Дуня ж нарадзіла дзіця, а не хто іншы. Трэба, тут усім трэба...

Макар – хіцёр! Навошта яму хадзіць па ўсёй вёсцы, пра хрысціны гаману весці? Скажа адной Ягорысе – і ўсё будзе вядома кожнаму. А там няхай самі ўжо рашаюць. Сілком не прымусіш. Але ён верыў, што знойдуцца людзі, якія падтрымаюць, і тады ажыве, загамоніць Дуніна хатка, будзе далёка чуваць гармонік, тупат-грукат.

Забіраць Дуню Макар паехаў у нядзелю. «Якраз радзіны правіць». Выхадны дзень выдаўся сонечны, цёплы, ціхі. Васілёк усё роўна як ведаў, дзеля чаго цягне калёсы і дзеда на іх, бег трушком ды трушком. Стоміцца – запаволіць бег, адпачне і далей спяшаецца. Назад таксама не трэба было нэкаць і нукаць – капыціў лёгка, шпарка.

– Тыр-р-р! – нацягнуў Макар лейцы, хоць конь і сам бы спыніўся на двары, куды прывёз новага жыхара Кругліцы. – Тыр-р-р! Стой, Васіль.

Макар наўмысна гаварыў гучней і тыркаў умысна, каб жанчыны, што варылі-гатавалі ў хаце, пачулі і выбеглі сустракаць Дуню з дзіцём. Не памыліўся. Голас яго заляцеў у пакой, і жанкі ішлі ўжо насустрач, ішлі нясмела, выціраючы рукі аб фартушкі, і калі Матруна першай пацалавала маладую маці, то і ўсе потым за ёй – цмок ды цмок у шчаку, Дуня ажно разгубілася, а Макар, трымаючы малога на руках Сам прыцёгся ў самы разгар, доўга шкрабаўся ў сенцах – жанчыны падумалі спярша, што дзіця нейкае. Ягорыха кінулася адчыняць, а замест дзіцяці таго на парозе Смык. У паклоне апусціў галаву, доўга трымаў яе так, быццам чакаў, пакуль зайграе музыка і тады ён тупне нагой па маснічыне, пусціцца ў скокі. Да таго ж і руку з кепкай выпрастаў убок. Смык стаяў так нядоўга, нарэшце выпраміўся, паказаў вачмі на сталы:

– Хрэсьбіны ў вас, ці што? А я іду і чую галасы. Дай, думаю, зацягнуся. Можна?

Жанчыны былі трошкі нападпітку – па каліву ўзялі, а ці ж багата ім трэба, таму сустрэлі Смыка так, быццам яго даўно чакалі і каб той не зазірнуў, то што гэта была б за пагулянка такая.

– Праходзь, Смычок, праходзь, родненькі,– першай падбегла да госця Ягорыха. Яна падавала- адносіла, таму сядзела крыху неяк наводшыбе, хоць і мала – больш бегала, каб мелася на стале.

– Смык, у цябе і нос – за кіламетр чуе!

– Праходзь, сядай,– падціснуў бокам жанчын Макар.

– Дай, думаю, зацягнуся,– масціўся на край услона госць.

– І не прашыбіў. Малайчына. Во што значыць нос па ветру трымаць!

– Ну, будзе, будзе вам, жанкі,– буркнуў Макар, узяў пляшку, забулькаў у пузатую шклянку, напоўніўшы яе, кіўнуў Смыку: – Цябе чакае. За мальца... За Дунінага...

– Ай во! – Смык зноў паставіў шклянку, якую паднёс амаль да самых губ, але ўспомніў, што ідзе напрамкі, а трэба звярнуць убок, павіншаваць, як і вядзецца, віноўніцу гулянкі, таму ўзняўся, працягнуў праз увесь стол парэпаную руку да Дуні, моцна паціснуў яе далонь. – Дазволь, Еўдакія, з мальцом цябе... Хай здаровы расце, паслухмяны і ўсё такое...

– Ты на нас не дзяржы роўню,– пачуўся голас Ягорыхі. – Спазніўся? Спазніўся. Штрафную табе налілі...

«Каму б кепска было...» – падумаў, мабыць, Смык, а да людзей прамовіў:

– Штрафную дык штрафную. Ну, за мальца твайго, Дуня.

Дуня моўчкі кіўнула, і ўсе глядзелі цяпер на Смыка. Сталі ўбок. Нават было чуваць, як у горле ў Смыка булькала гарэлка. Тры разы: юк-юк-юк!

– Закусвай, закусвай, Смычок.

– Дай, думаю, зацягнуся,– настрой у Смыка паступова падымаўся, вочы адразу засвяціліся, як усё роўна пітво запаліла ў іх нейкія малюпасенькія лямпачкі, і ён цягнуў відэлец да скрылька сала, але перадумаў і замест яго падчапіў на суседняй талерцы кружочак агурочка, а сам ківаў Дуні. – Гэта ж абрадавала ты мяне, Еўдакія... Малайчына. Што значыць – рашыцца. Смеласць. Тут, брат, стратэгія і тактыка.

– Закусвай,закусвай, – Смыку не даць разгаварыцца, – самае важнае, а то ён і глупстваў наказаць можа столькі, што ад усяго сяла за год не пачуеш, таму Ягорыха тапталася вакол яго, паказвала, што браць, чым закусваць, бо пасля шклянкі гарэлкі самае галоўнае добра закусіць трэба, асабліва яму, Смыку. – Сала чапляй. Ці мяса хоць. Тады – агурочак.

– Ем, ем, кума. Усё я ем. Дай, думаю...

– Ты вось што, Смык, – паклаў яму руку на плячо Макар, і той замоўк, павярнуўся тварам да старога. – Пакуль мы тут гуляем, то і рашым давай: хто, як не мы, мужчыны, павінны памагчы Дуні?

– Ясна, мы. Ну.

– То-та! Цяпер у яе хвост. Разумееш? Дзіця. Нагляд і ўсё такое, а дзеўцы і скасіць надляжыць соткі, і дроў прывезці...

– Зробім, дзед, што трэба! Усё зробім!

– Правільна. Хто, як не мы. Бабы, а вы чаму галовы паапускалі? Песню, ці што, зацягніце. Давайце песню. А мо яшчэ па граму, а тады?

– Давай яшчэ па граму,– дыхнуў прама ў твар старому Смык, загарэўся. – А тады не тое, што спець, а танца ўрэзаць можам.

Але жанчыны зацягнулі:

Паслухайце, дзеўкі, дзе галуба гудзе,

Там маладая Дуня дзявоцтва здае:

-- Наце вам, дзяўчаты, дзявоцтва маё.

Макар таксама падключыўся, хоць голасу ў яго няма, але як мог, так і падцягнуў:

Я пайду сябу ў жаночым раду,

У жаночым раду з жанкамі на нараду.

Ён спяваў, а заадно напоўніў шклянку Смыку, той крактануў і моўчкі выпіў. Пасядзеў, паслухаў крыху. Спяваць Смык не мастак, але паслухаць любіць. Задумліва, сур’ёзна слухае. Мо песня і яго расчуліла, раз такі твар у Смыка – вось-вось пырснуць слёзы. Песня раптам ападае, новую жанчыны не заводзяць, і Смык кажа:

– Душу раздзірае песня. На шматкі. Дай, думаю, зацягнуся... Во і добра, во і пасяджу ў нармальным гурце. – Язык у яго пацяжэў, лямпачкі ўваччу пачыналі тухнуць. – Гэта ж, Еўдакія, ты мне равесніца, ці не?

– Я табе равесніца! – гукнула Ягорыха, і жанчыны зарагаталі.

– На случай вайны калі толькі,– пастараўся ўсміхнуцца Смык. – Хе, равесніца. Я сур’ёзна. Я ў Еўдакіі пытаюся: равесніца, га, Еўдакія?

– А то забыўся!– Дуня нарэшце адчула, што яна не дзе-небудзь у гасцях, а ў сваёй хаце, узняла вочы на Смыка. – У школу ж мы разам хадзілі. Ты яшчэ запісачкі міліцыянеру пісаў на калене, на Карлікавай горцы, калі цябе крыўдзілі. Што, скажаш, не было такога ?

– Гэта я вас дагнаў ці вы мяне?

– Цябе ўсе даганялі.

– Ага. Ну. Усе. Спрытныя былі, халера, вы... А я буксаваў. Буксаваў я. Кандратаўна на лета мне работу задасць, а я ў калгас іду, а не ў школу. Калі ж алфавіт за лета забудзеш, тады бытта зноў у першы клас ступаеш. І так укругавую.

Смык зірнуў на Макара, на жанчын. Жанчыны чамусьці зноў засумавалі, толькі ён асалавелымі вачыма не мог да канца ўцяміць, якія ў тых твары – вясёлыя ці не, а раз не было чуваць іхніх галасоў, распарадзіўся:

– Падвесялі іх, Макар, а то сядзяць, бы на хаўтурах.

– Чагой-та мы на хаўтурах, Смык? – хаўкаючы ротам, прамовіла Ягорыха. – Во пасядзім трошкі ды музыку завядзём. Мішка, струмент з табой?

Мішка-гарманіст – чалавек не малады і не стары: колькі і помняць яго вяскоўцы, увесь час ён з гармонікам на каленях: якая б гулянка ў Кругліцы ні праходзіла, там і ён, гэты штатны вясковы музыкант. Мішка забіўся ў кут, сядзіць ціха, аб нечым думае. Каб не Ягорыха, ці не заснуў бы. Ён часта міргае вочкамі, адказвае:

– Тут, у той хаце на канапе. А што, расцягнуць мяхі? Пара?

– Давайце, бабы, успомнім маладосць,– кажа Матруна.