І Міхасёў таварыш спрытна скокнуў на сядзенне. Веласіпед, нібы скінуўшы цяжар суму па хуткім бегу, памчаў вуліцай, што неаб’езджаны стаеннік. Відаць было, што прагаладаўся па гэтым транспарце і Сямён,– так апантана працаваў ён нагамі. А сумка, тая старая зашмальцаваная сумка, не знаходзіла, здаецца, сабе месца на рулі – гайдалася і трэслася, бы адбівала польку- «весялуху».
Вось веласіпедыст выруліў ужо на цэнтральную вуліцу, фарсіста імчыць па ёй, ажно прыўзняўся на сядле. Эх, і тэхніка! Расступіцеся, грузавікі і розныя там легкавікі—веласіпеду зялёнае святло! Але святлафор лыпнуў зялёным вокам раз, другі і ўспыхнуў чырвоным: стоп! І веласіпедыст ці то разгубіўся, ці то ўсё ж мераўся прашмыгнуць, але перад ім ужо зашугалі шчыльным ланцужком машыны, і яму нічога не заставалася, як «даць па тармазах». Даў, але не зусім удала: грымнуўся. Веласіпед у адзін бок, сам – у другі, а з сумкі высыпаліся проста на асфальт... грошы. Некалькі пачкаў. Сямён адрабіўся лёгкім перапалохам, а ўбачыўшы грошы, разгубіўся, бадай, яшчэ больш, чым хвілінай раней. Перад вачамі пракруціліся тыя пачкі з грашамі, бы на нейкім круглым дыску. Ён матлянуў галавой, нясмела зноўку паглядзеў на пачкі. Не, сапраўды – грошы...
Сямён, вядома, не бачыў, што за якія тры-чатыры крокі ад яго стаяў сяржант міліцыі. Стаяў, дакладней, матацыкл «Урал», а вартаўнік парадку масціўся на сядзенні ды барабаніў пальцамі па бензабаку. Як шлёпнуўся перад ім веласіпедыст, сяржант насцярожыўся. Калі ж з сумкі пасыпаліся грошы, ён ажно ўзняўся з сядзення, ажно працёр пальцамі вочы. Яны, відаць, абодва – Сямён і міліцыянер – глядзелі на грошы і не маглі паверыць: яны ці не яны? Сяржант, ну, канечне ж, адразу з прафесійнага пункту гледжання ацаніў абставіны: «Ага, ляціць на скрут галавы... Так-так-так... Куды ляцець- спяшацца можна? З такімі грашамі і на таксі не грэх праехаць. Уцякае, значыць. Бач, яму крадзеныя грошы нат за ўласнае жыццё даражэй – ледзьве пад колы не трапіў. Што робім? Затрымліваем. Дастаўляем. Дзейнічаем! Ні хвіліны замінкі!»
Свісток з гарошынай усярэдзіне грымнуў на усё скрыжаванне. Што? Чаму? Навошта?– азіраліся шафёры, матацыклісты, прахожыя. А свісток заліваўся. Хоць вушы затыкай. Сяржант падбег да разгубленага Сямёна, які і сам не ведае, адкуль тыя грошы на асфальце: ці шчодра сыпануў хто, ці з гэтай вось сумкі вываліся? Ды няўжо можа быць, каб з сумкі? Міліцыянер нешта даказвае хлопцу, той разводзіць рукамі – не разабраць, далекавата яны, ды і машыны шалёна гудуць.
Паколькі сутнасці справы яны не высветлілі, то едуць у райаддзел міліцыі. Наперадзе спакваля круціць педалі веласіпедыст, азадачаны і хмурнаваты, раз-пораз папраўляючы – ужо асцярожненька, далікатна – на рулі сумку, а за ім важна кіруе сяржант.
У райаддзеле сяржант дакладвае дзяжурнаму:
– Таварыш лейтэнант! Невядомы грамадзянін... – Глядзіць на хлапца, просіць вачамі, каб той назваўся.
– Сямён... Неслух. З вуліцы Смалячкова.
– Во,во,– неслух... Гы-эм,– сяржанту не падабаецца, як лічыць ён, празмерная Сямёнава іронія.– ... Затрыманы з невядомай сумкай і эннай колькасцю грошай. Факт патрабуе разабрацца.
Дзяжурны па райаддзеле міліцыі, не такі і малады ўжо лейтэнант, запрашае прайсці ў цеснаваты пакойчык.
– Сядайце,грамадзянін, – кіўнуў Сямёну, а сяржанту загадаў: – Раскавазвайце, Кудасаў...
– Значыць, так... Я мушу спярша запытаць таварыша... Як там цябе?...
– Сямён Неслух.
– ... адкуль у цябе, Неслух, грошы?
Сямён, хоць і разумее пытанне, аднак адказаць не можа. Паціскае плячамі:
– Не ведаю. Чэснае слова, не ведаю.
– Ну, бачыце,– сяржант, задаволены сабою, пераможна паглядае на дзяжурнага. – Я ж адразу і падумаў: свіснуў!.. Свіснуў – і кропка.
– З чаго б свіснуў? Ды ў мяне і свістка няма,– паказвае рукі Неслух, прыкідваецца дзіваком, проста па сваёй натуры ён такі наіўны і крышачку з дзяцінствам яшчэ ў галаве чалавек.
Між іншым дзяжурны ўсё ж згаджаецца, што перад ім не той хлпапчына, які можа ўкрасці. Штосьці ўсё ж умеціў у ягоных вачах лейтэнант. Штосьці шчырае, непасрэднае.
– Давай, Сямён, расказвай: чый веласіпед, чыя сумка?
– А-а!– нібыта прачынаецца Неслух.–Дык гэта ж веласіпед бацькі майго таварыша. І сумка... І сумка яго!
– А дзе ж ён, бацька той?– спакойна вядзе допыт лейтэнант.
– Ля прахадной завода.
– «Уралмаша»?– іранізуе дзяжурны.
Сямён зразумеў, што лейтэнант злавіў яго, як кажуць, на слове, таму тут жа сумеўся, трошкі вінавата ўсміхнуўся:
– Ну, вы даяце... Ля малаказавода...
Зноў у тым жа парадку, як і ў райаддзел, едуць на малаказавод. Неслух азіраецца на сяржанта, крычыць таму:
– Таварыш сяржант, а таварыш сяржант! Вы чалавек ці не,– відаць, што ён не ўпершыню звяртаецца да сяржанта з такой просьбай. – Фарба настаўніку трэба. Пазарэз. З-за яе рамонт у школе зацягваецца. Дзеці што, па старой падлозе павінны шоргаць? Як вы зразумець не можаце... Я тут недалёка, на Смалячкова жыву. Чулі пра такога героя?
Сяржант толькі махае рукой: кіруй далей і ніякіх размоў, можа, фарба тая – прычына ўцячы. Разбярэмся, тады хоць еш яе, фарбу тую, хоць лыжкай, а хоць жменяй. Ды не адной рукой, а дзвюма адразу можаш...
Невядома, успомніў Юрый Трафімавіч пра сумку, як невядома, ці забываўся ўвогуле ён пра яе. Настаўнік стаіць з сынам і вахцёрам, нешта расказвае ім смешнае, бо вахцёр ажно за жывот ухапіўся і тупнуў па зямлі ботам, бы збіраўся апынуцца ў бойкім танцы. Але ён першым заўважыў стракаты міліцэйскі матацыкл, таму адразу неяк суцішыўся, выпрастаўся.
Пад’ехалі Неслух з сяржантам. Апошні заглушыў матацыкл, зняў шлем, а потым падаўся да мужчын, павітаўся з кожным за руку. Побач з ім стаяў Сямён, не знаходзячы, што яму рабіць: перадаваць веласіпед уладальніку альбо чакаць загаду на гэта ад чалавека ў пагонах.
– Чый будзе веласіпед?– спытаў сяржант, прымерваючыся позіркам да кожнага, хто стаяў насупраць яго. – Смялей жа, мужчынкі!
– Веласіпед чый? Як чый – мой,– не мог, здаецца, зразумець настаўнік, чаго дамагаецца вартаўнік парадку.
– А сумка?
– І сумка.
– А там, у ёй, бублікі якія ці яшчэ паважнейшае?
– Грошы,– спакойна адказвае Юрый Трафімавіч.
– Грошы, кажаце?– прыняў больш канкрэтна дзелавы выгляд сяржант. – А ў вас якім чынам такая сума, га?
Юрый Трафімавіч трымаецца незалежна, сабрана. Допыт, невядома пакуль чым выкліканы, не выбівае яго з каляіны. Ну і што, калі міліцыянер? Няхай сабе. Хоць яшчэ другі побач няхай стане. А ён пры чым? Ну, грошы...
– У банку атрымаў. Адпускныя. На настаўнікаў...
Сяржант дакорліва ківае галавой:
– Грошы – у сумку. А галава на плячах навошта, спытаць варта. Што, для шляпы? Эх, паважаны чалавек-е-к... А калі б што? Сумку калі б хто зняў у Неслуха, як тады, га? Шукай у полі ветру?
Юрый Трафімавіч не ведае, як трымацца яму перад міліцыянерам, кепска, зусім кепска адчувае ён перад ім, таму адразу і слоў у адказ не знаходзіць.
– Ды... ды на гэтую сумку і паглядзець ніхто не паглядзіць. Старэнькая яна, нягеглая. Выкінь такую – палянуюцца людзі нагнуцца, каб падняць, не кажучы ўжо...
– Каб такія валяліся на дарозе... – сяржант паспрабаваў усміхнуцца. –Адказная сумка ў вас, таварыш. Сур’ёзная сумка. Колькі ў ёй?
– Багата...
– Ну во. З грашамі так не абыходзяцца. Паакуратней трэба, паасцярожней. Ёсць у нас яшчэ майстры лёгкага жыцця, якія чуюць вось гэтым самым месцам,– торкнуў пальцам у свой прыплюснуты нос,– як яны пахнуць, грошы. Мець на ўвазе трэба, паважаны...
А ён, Юрый Трафімаівіч, просты вясковы настаўнік, даверлівы і чулы, не можа дакеміць, да яго ніяк не даходзіць, што ёсць такія «майстры». Адно ён ведаў дакладна: у іхняй вёсцы няма. І сярод яго выхаванцаў, былых вучняў – таксама няма, на ўсе сто працэнтаў няма. І сумнявацца не трэба.
– Вось што, паважаны, – звяртаецца міліцыянер да Юрыя Тафімавіча. – У Кулагу вам трэба? Праз лес?
Настаўнік ківае: і ў Кулагу, і праз лес.
– Сядайце, падкіну я вас. Сур’ёзная ў вас сумка. Людзі грошы чакаюць. Адпускныя ці якія яны, а чакаюць.