Юрый Трафімавіч разгублена глядзіць то на сына, то на Сямёна, то на вахцёра, а больш – на сяржанта. І не пагаджаецца:
– Я сам... Не хвалюйцеся, таварыш міліцыянер. А за ўвагу, за клопаты дзякуй. Дастаўлю цэлымі і зберажонымі. Не хвалюйцеся задарма. Вось мой і транспарт,– ён бярэ ў Сямёна веласіпед. – З ім мы як-небудзь...
Сяржант не можа зразумець Юрыя Трафімавіча, ён, мусіць, лічыць яго дзіваком – яшчэ большым, чым той Сямён.
– Ды і фарба ж мне трэба...
... Як і ў райцэнтр, не спяшаючыся вяртаецца ў сваю вёску Юрый Трафімавіч. Гайдаецца на рулі сумка. Настаўнік зварочвае з асфальту, дарога –нялёгкая пасля ўчарашняга дажджу – бяжыць у глыб лесу, густога і стромкага. У лесе ціха, свежа, самотна. Хораша ў лесе\ Лес ёсць лес. Пасля гарадской мітусні, пасля тых не зусім прыемных хвілін, праведзеных у размове з міліцыянерам, хоць, прынамсі, нічога і не было ж такога, ад чаго мог сапсавацца ў яго настрой, але Юрый Трафімавіч адчуў сябе ў лесе, у знаёмых мясцінах, як дома. Ён і ехаў, і каціў веласіпед. Каціў пад узлобак ці ў лагчынцы, дзе не асабліва разгонішся – слізгота, гразь.
Яшчэ здалёк настаўнік запрыкмеціў легкавушку. Пад’ехаў бліжэй, убачыў: «Жыгулі» праваліліся заднім колам у разбітую каляіну, а яго гаспадар – мужчына сярэдніх гадоў – сядзеў на траве побач з машынай і шчыпаў травінкі, нервова адкідваў іх убок. Калі пад’ехаў да яго Юрый Трафімавіч, мужчына яшчэ хапнуў жменяй травы, скубануў, але ў руцэ было не густа травінак. Ён адкінуў іх убок, падхапіўся.
– Засеў?– адразу ж пацікавіўся Юрый Трафімавіч, хоць і без таго было бачна: не адпачываць жа сабраўся чалавек у лужыне.
– Занесла. Думаў, прайду па броўцы, ды прамахнуўся. Сцягнула во...
– Мо штурхануць?– прапанаваў сваю дапамогу настаўнік і прыставіў веласіпед да адзінокай бярозкі, што цягнулася ўгору на палянцы паміж лесам і дарогай.
– Паспрабаваць можна,– недаверліва глянуў на Юрыя Трафімавіча мужчына. – Толькі ці выпаўзем?
– Выпаўзем,– запэўніў настаўнік.
– Тады вы паакуратней, каб не заляпала,– шафёр ужо ўладкаваўся на сядзенні, гыркнуў маторам, папярэдзіў:– Слухайце каманду... Раз,два,– узялі! Так,так... О-па!
З цяжкасцю, але ўсё ж выбіраюцца «Жыгулі» з лужыны.
– Дзякуй вам вялікае,– на твары гаспадара «Жыгулёў» засвяцілася ўпершыню, як стрэўся з ім настаўнік, усмешка.
– Нічога, свае людзі,– змахвае са штаноў кроплі гразі Юрый Трафімавіч. –Глядзі, там наперадзе яшчэ адна яміна. Бяры лявей...
«Жыгулі» ад’язджаюць, а Юрый Трафімаівч вяртаецца да веласіпеда. Веласіпед стаіць пад бярозкай, і чорная сумка, на якую ўсё ж трэба прымайстраваць нейкі замок, вісіць на рулі. А можа, і не патрэбен ён, той замок? Навошта?
Бяжыць дарога, знікае пад коламі. Едзе на веласіпедзе чалавек, адбівае паклоны землякам, і не верыцца яму, што мог нехта працягнуць руку да ягонай сумкі.
Ніяк не верыцца.
ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ
Калі Ягорка п’янеў, ён рэзаў паветра растапыранымі пальцамі – справа налева – і пачынаў часта тупацець чобатамі, выбіваючы пыл з зямлі, а галаву трымаў высока і горда, нібы на цемені стаяла шклянка з віном , і ён баяўся, што расплешча каштоўныя кроплі. Сам жа крычаў сіпатым голасам:
– Танцуй, арцель! Не было б мне горка, каб не зваўся я Ягорка ! Х-ха-ха-ха-а! Гуляй, і-э-эх!
Мужчыны, з якімі Ягорка толькі што браў чарку, здзекліва-абразліва пасміхаліся, назіраючы за танцорам, а калі іх напарнік, запыхаўшыся да ачмурэння, бездапаможна павісаў на прылаўку, прапаноўвалі яму, пераміргваючыся, прамачыць яшчэ горла, не шкадуючы для яго слоў пахвальбы. Ягорка пагаджаўся, бо сёння якраз пенсія, капейчына ёсць, ён без лішніх слоў кідаў пакамечаныя грошы на вагі, загадваў:
– Для ўсіх. Ы-ы. Для таго і цывілізацыя, што хоць піва пап’ём. Налівай, Сцяпанаўна. Чым паўней. Хопіць, што згубіў жыццё, можна сказаць, у сваёй глухой Слабадзе. Не лічачы арміі. Там хоць свету пабачыў, на людзей паглядзеў і сябе паказаў. Нагу нат апаласнуў у Ціхім акіяне. Як, га? То-та ж!
Рукі мужчын цягнуліся да куфляў, Ягорка лагоднеў: хто вас частуе, маць вашу!.. Знайце і шануйце, бамжы д’яблавы!
А потым ён, хістаючыся, плёўся да хаты, падаў ніцма на ложак і хроп. Закончыўся яшчэ адзін дзень. Жонка, вастраногая і сухарэбрая, але мяккая і падатлівая Насця, прывыкла ўжо да ягоных п’янак – у апошні час яны абрынуліся на яе, як пракляцце. Але рада-радзёшанька была, што калі нажлукціцца Ягорка, то хоць руку на яе не падымае. Не-е, грэх сказаць. Прыгаворвае: «Абы ціха, абы ціха, Насця»,– і брык на ложак. Іншы раз перад тым, як пачаць храпці і высвістваць носам, прамумкае: «Абы не было вайны...»
Тут, у Доўску, Ягорка з’явіўся два гады назад – як толькі пайшоў на пенсію, прыехаў да сястры пагасцяваць. Пахадзіў, паглядзеў, як тая жыве, і засвяціліся ў калгаснага пенсіянера вочы: «А чым я горшы? Навошта млець мне ў сваёй Слабадзе? На якога д’ябла? Тут жа, гляньце, і дурань бачыць, крам багата, нават рэстаран ёсць, і кульдзім. А ў нас? Крама і тая за тры кіламетры».
Вярнуўшыся ў Слабаду, выклаў свой план Насці. Жонка ўважліва выслухала Ягорку, а тады ўздыхнула – выдумаеш таксама!-- і патэпала на двор. Ягорка – услед, за плячо яе сваёй рукой павярнуў – твар у твар:
– Дык ты што, на маю прыдумку чхнула?
– Адвяжыся. Мелеш абы што. З глузду, бачу, пад старасць з’ехаў,– і яна рашуча павярнулася , каб ісці далей.
Аднак Ягорка натапырыўся ўсур’ёз:
– Паеду адзін!
– Едзь. Абрусам дарога.
– Дык там жа людзі жывуць! А мы тут?.. Хто мы? Хоць... хоць, разумееш, апошнюю кроплю шчасця – ды на язык, га?
– Вось-вось,– з лёгкім дакорам заківала Насця. – Табе, бачу, тая кропля і спадабалася?
– Ды не тая кропля , не тая!– зморшчыўся Ягорка і тупнуў нагой. – У вас, баб, толькі адно ў галаве... Кропля шчасця! Шчасця-я-я! Га? Мы ж будзем жыць, як людзі. Я ж там і дамок прыгледзеў. З садам. Сад яшчэ большы, чым у нас. А побач – якраз насупраць – аўтастанцыя. Вядзерца яблыкаў ці груш прадаў... там і сліў багата... і заўсёды свежая капейка. Жывая. А з нашай Слабады не павязеш садавіну ў Доўск – далёка, няблізкі свет, адно больш грошай праездзіш.
Пра яблыкі Насці спадабалася. Але мужу нічога не сказала, пачала даіць карову, а той сеў побач на корч каля веснічак, згарнуў самакрутку, пацягнуўся, сказаў:
– Я б тады і табаку не садзіў. Мілае дзела – усё побач. А пенсій нам хопіць. Яшчэ дзецям паможам. Ды... ды і ім да нас на новае месца лягчэй будзе прыехаць. З Доўску – чуеш, маладзіца? – у любы бок: хочаш у Адэсу, хочаш у Маскву, а хочаш... ды куды хочаш, туды і шуруй.
Раптам Насця папытала:
– А хлеў там ёсць?
Ягорка разгубіўся: бач, ён ёй цывілізацыю прапаноўвае, а яна, не інакш, дурніца, хоча цягнуць за сабой і рагулю. Кашлянуў у кулак, дыпламатычна паўшчуваў:
– Хлеў ёсць. Добры хлеў. З блокаў. Але навошта ён нам? Хопіць пенсіянерам за цыцкі шморгаць. Нашморгаліся. Паберажы пальцы.
Насця, нібы не пачула ягоных слоў, ціха мовіла:
– А Зорку куды паставіш? Пад зоркі?
– Маць тваю, га!-- не стрымаўся ўсё ж Ягорка, прытупнуў нагой. – Там жа можна купіць любую трасцу. І кефір, і малако. На якога д’ябла нам дзяржава пенсіі дала? Купім, купім, Настуля, усё, што трэба.
Хату ў Слабадзе Ягорка, вядома ж, не прадаў: каму яна ў глушы патрэбна, калі іх вунь колькі, людзьмі і Богам забытых, побач стаіць? Заходзь у любую, добры чалавек, і жыві. Макар ці Свірыд, якія непадалёку на могілках, супраць не будуць. Не выганяць і дзеці, бо хто ведае, дзе яны, сыны і дочкі? Ды, можа, тыя яшчэ і рады будуць : няхай хоць так, бясплатна, чужыя людзі жывуць, і тое добра. А пачнеш патрабаваць грошы – толькі згоніш людзей з месца. А іх ужо аднаго разу прагналі... Адтуль, дзе белае сонца аказалася для славян чорным. Нацярпеліся. Хапіла. Ды і вокны ў хаце павінны свяціцца. На тое і хата.
Загрузіўшы рэчы ў кузавок «газончыка», Ягорка, як ні стрымліваўся, усё ж пусціў слязу. Жонка скарыстала гэты момант, папракнула:
– Сам жа хацеў, дык не плач, бабёр.
– Ага, сам,– пакорліва паківаў галавой Ягорка, а потым узяў падрыхтаваныя загадзя дошкі, закалаціў імі крыж-накрыж вокны. – Не крыўдуй, хата. Думаеш, мне не шкада цябе пакідаць, але ж і ў цывілізацыі хочацца пажыць. Колькі там засталося, га?..