– Не, я таксама ў маўзалей хачу!– выпяла грудзі Ганна перад райкомаўскім начальнікам, ссунула бровы. – Я што – пабягу камеру тую шукаць? Хай яна гарам гарыць! Мужыкі, адвярніцеся! Адвярніцеся, кажу, мужыкі! Бабы, захініце мяне ад іх, ненажэрных! Во, во так. – І яна, нібы блазнуючы, загаварыла паўшэптам да жанчын. – На ўвесь пасёлак калі ж трусоў накупляла, каб яны задубелі, трусы тыя. Во, во, я зараз іх усе, трусы, на сябе надзену. Ці налезуць толькі? Павінны. І не будзе рэчаў. Хоць раз у жыцці мінісцерскім азадкам патрасу. Што пад спадніцай, то ўсё маё. А то, бач ты іх, у маўзалей не пускаюць. Можна падумаць, што трусы там узарвуць маўзалей. За кім, можа, і трэба вока, толькі не за Ганнай. Ну, жанкі, дзе там міліцыянер? Расступіцеся, бабы! Усё, галубчык, няма рэчаў! Здала, здала ў камеру. Ага! Дык што, можна праходзіць?
Міліцыянер усё, вядома ж, бачыў, таму адно ўсміхнуўся і нічога не сказаў.
Вось так, Ганна, шырока, крыху як бы раскірэчыўшыся, і зайшла ў маўзалей, паглядзела на Леніна. Потым у той маскоўскай школе ледзьве не на самай ускраіне яна дужа доўга распраналася, сапла, крэхкала, а трусы складвала акуратна ў стосік і жартавала:
– Пакамечыліся, як усё роўна паўгода насіла, але ацікеткі не пазрываліся. Добрыя ацікеткі. А то паспрабуй дакажы сваім бабам, што новыя трусы купляла. Скажуць, на сметніку дзе падгрэбла.
– Ты, дзеўка, павінна ўзяць са сваіх баб удвая, а то і ўтрая за трусы даражэй, – ці то сур’ёзна, ці то жартам сказала даярка з суседняй вёскі. – Не здагадваешся, чаму?
– Не, яй-бо не! – шчыра прызналася Ганна.
– Таму даражэй, што яны ў маўзалеі пабывалі!
– Ай, во, праўдацькі!– успляснула рукамі Ганна, а потым схамянулася. –Цішэй, цішэй, бабы. Рукавадзіцель наш ідзе. Хавайце трусы.
... Калі Ганна памірала, у той час пра Леніна гаварылі толькі добрыя словы. А, можа, каб жыла цётка цяпер, то і яна б расказала усё крышачку інакш... Пэўна ж бы інакш...
КВАТЭРА Ў ОМСКУ
Канаўшчык неспадзявана спатыкнуўся перад самым парогам, тыцнуўся ўсім тварам у некрануты ўчарашні снег – наваліла яго, як ніколі ў снежні, багата – і адчуў, як ён, снег, палагаднеў, выкрапіўся цёплай расой на носе, ілбе , шчоках. Канаўшчык стаяў пэўны час на каленях і руках, раскірэчыўшыся і баючыся варухнуцца, а тады адчуў, як ногі самі, не падпарадкоўваючыся яму, раз’ехаліся, бы перапілаваныя на дзве часткі – пасяродку ўздоўж – санкі, слізгануўшы палазамі. «Паміраю хіба? Я ж... я ж яшчэ і не жыў! Не жыў! Мяне ж чакае кватэра ў Омску-у-у-у!» На гэты шалёны крык прыбег шчуплы і сухарэбры – з напёрстак – сусед Цімка, аднагодак, мусібыць, Канаўшчыка ( такую мянушку далі Віктару, бо доўгі час даглядаў канавы, што на тэрыторыі калгаса),зацягнуў яго, сапучы і чамусьці мацюкаючы мясцовую ўладу, у халодную хату, так-сяк зняў верхнюю апранашку, узвалок непаслухмянае цела на ложак ,прыхінуў коўдрай.
– Не памёр, бо дыхаеш,– аблізаў губы Цімка і выцер узмакрэлы лоб. – Зараз я цябе сагрэю. Пляшку гарэлкі прынясу. Папрашу ў людзей. Скажу, чалавек памірае... Канаўшчык, скажу, калі не дасцё, вам сніцца доўга будзе... на тваё выратаванне ахвяруюць, куды яны, гады, дзенуцца. Ці спярша грубку распаліць? Маўчыш. Распалю спярша. Чуеш мяне? М-да-а!..
Канаўшчык не зрэагаваў на роспыты Цімкі, і той, уздыхнуўшы, натапырыўся і патупаў на дрывотню. Вярнуўся з бярэмем дроў. Неўзабаве ў грубе загуло , і з дзірачак, што там-сям прадзьмуліся сярод цаглін, выпырхнулі вясёлыя зайчыкі, якім было крыху дзікавата ў гэтай вялікай, як гумно, хаце.
– Чуеш мяне, Віктар?– зноў павярнуўся да нерухомага Канаўшчыка Цімка і адразу засумаваў. – Не чуеш, бачу. Дажыўся, бедалага. Дакаціўся. Хай я... п’янтос... а ты ж быў нармальным чалавекам. – Ён раптам спалохаўся, пачуўшы ў стылай хаце свае словы, паправіўся. – І ёсць! Чаму... чаму быў? І ёсць! Ты будзеш жыць, Віцька-а! Я гавару! Ці табе мала гэтага? Будзеш!
З гэтымі словамі Цімка выскачыў на вуліцу, адразу ж пашыбаваў да Машкі, якая прадае самагон, забарабаніў зморшчаным, што леташні цукровы бурак, кулаком у браму. – Дрыхнеш, а Канава памірае! Адчыняй! Адчыняй, загадваю! Не для сябе буду прасіць! Для Канаўшчыка! Калі ж памірае!..
Машка, худая, з чорнымі злымі вачыма, бразгнула зашчапкай, пацягнула на сябе дзверы:
– Хто... хто памірае?
– Канаўшчык. «Хто-хто?» Не верыш – правер! Яму нутро працерці трэба. А то хана!.. Можа, з раніцы ляжаў на двары. Кішкі, можа, к гарбу прымерзлі? Га? Не дасі – і я тады скажу, што ты яго загнала на той свет! Ты! Твая сквапнасць.
– Дык я ж яго толькі бачыла... – не паверыла пачутаму Машка.
– Чалавек заўсёды так: спярша яго нехта бчыць, а тады і няма... і складай некралог у газету. Хы? Ты думаеш спасаць Канаўшчыка, ці не, мымра-а?
– Бягу, бягу, бягу!– Машка замітусілася і знікла ў сенцах.
А Цімка зноў аблізаў засмяглыя губы, вылаяўся:
– Маць тваю!.. Не давярае. Не давярае, каза крываногая. Яе не абдурыш. Пабег, пабег далей шукаць... Павінен жа нехта клюнуць.
Але ніхто не клюнуў. Цімку добра ведалі. І калі ён вярнуўся да Канаўшчыка, таго ўжо катурхала Машка, а заадно касцярыла і яго, Цімку.
– На бядзе і тое чарку хочаш мець, ірад,– кідала яна раз-пораз позірк на таго.—Якое нутро? Каму? А я і не падумала спярша, прыхапіла бутэльку. Ці ён жа выпівоха, Канаўшчык? Кепска стала? Можа, сэрца, а можа, і яшчэ якая трасца... А ён на чужой бядзе разбагацець захацеў. Цьфу!
– Ой! Ой! Прыкра слухаць. З цябе выціснеш кроплю тую. Смалы палучыш. Маўчала б!
– Хопіць нам, бабам, рот затыкаць.
– Калі хто і нажыўся, дык на Чарнобылі! – выпяў наперад грудзі Цімка.
– Багата ты ведаеш!
– Людзі гаварылі... А я б, можа, калі за здароўе Канаўшчыка шлёпнуў паўлітэрку, то яму, глядзіш, і лепей стала б... і крызіс мінаваў бы. Га?
– Табе не дам! – сказала Машка белазубым і запэцканым сажай ротам. – Званіць трэба!..
– У комін? – без патрэбы спытаў Цімка.
– Збегай у Іскань. Там ціліхвон. Пазвані.
– Збегай. Маладога знайшла...
– На, гад, пляшку гарэлкі! На! – І жанчына варсанула ў рукі Цімку жаданае пітво. – Бяжы і пі, пі і бяжы, каб ты здох! Толькі ў Віцькаву канаву не зваліся. А то капаць няма каму ямку. Адны бабы.
Цімка ўсміхаўся, гладзіў бутэльку:
– Зваліцца – не звалюся. Ты скупая на градус. І, увогуле, я не таму ўзяў твой самагон, што нешта табе рабіць буду... а каб хапіла сілы і ліхасці дабегчы да той Іскані. Каравуль Канаўшчыка. Я пабег, – ён задраў бутэльку, глытнуў кроплю, а потым схаваў самагон у кішэню аблезлага кажушка. –Глядзі ж, каб не памёр тут.
– Бяжы ўжо, шугалей!– махнула рукой на Цімку Машка.
– Ды дроў у грубку падкінь. Там павінна гарэць.
– Гарыць, як у цябе ў штанах,– хмыкнула Машка.
– Гаручае ёсць, то не хвалюйся,– сказаў Цімка і знік.
Машка раздзьмула вугельчыкі ў грубе, тыя ляніва заняліся сінім полымем. Села на зэдлік. Цікаў гадзіннік, што вісеў на сцяне, гіра звісла ледзь не да самай падлогі. Яна ўстала, падцягнула гіру, і ў гэты момант Канаўшчык расплюшчыў вочы і прашаптаў сухімі губамі:
– Напішыце... брату Хведару... што не прыеду ў Омск... Хай кватэру для мяне не трымае... Мане кватэра чакае ў канцы гарода...
– Нешта ты, Віцька? – затрымала на Канаўшчыку погляд Машка, суцешыла. – Рана табе думаць пра пагост, рана... Жыць трэба... жыць...
– Гэта ты, Машка?
– Я, я, Дзмітрыевіч. Якраз табе вадзічкі падам. Зараз. – Жанчына зачэрпнула карцом у вядры, падала Канаўшчыку, той прыўзняў галаву, піў з Машкіных рук.
– Дзякуй,– сказаў і апусціў галаву на ранейшае месца . – Пасядзі каля мяне. Пагавары. Вечар ужо?
– Вечар.
– Нічога не помню... як праваліўся куды. І мог бы назаўсёды праваліцца –вось табе і смерць. А іншы раз думаеш, што яна з сябе ўяўляе? Усё проста. Надта.
– Цімка пабег званіць у раён: «хуткую» выклікаць,– стоячы перад Канаўшчыкам, заківала галавой Машка. – Прыедуць, то, можа, які ўкол зробяць. Калі шпрыц не забудуць. Цяжка, мабыць?
– Не магу зразумець... Быццам хто абхапіў мяне, як бочку абручом, і давіць. А ўнутры, здаецца, пяску набілася...