– Сэрца, у майго так было,– Машка падкінула дроў у грубу. – І жыве. І ты будзеш жыць.
– Пражывеш столькі, колькі Бог дасць.
– Цябе Бог не павінен пакрыўдзіць. Сумленна жывеш. Нават вельмі ўжо, мог бы і пра сябе больш падумаць...
– Так атрымалася...
Машка пагадзілася:
– Як ужо атрымалася, так і добра.
Яна села на зэдлік, уздыхнула. Потым доўга глядзела на Канаўшчыка, і на вочы нагарнуліся слёзы. Машка засаромелася іх, крадком змахнула пальцамі, узнялася з зэдліка, ціха прашаптала:
– Я пайду. Хату ж кінула... карміць трэба... а тады зазірну... у грубу дроў яшчэ падкіну. Паляжы... табе пакой трэба... цішыня...
Канаўшчык нічога не адказаў. Ён чуў, як рыпнулі дзверы, як за імі аціхлі крокі жанчыны. Заплюшчыў вочы... Божа! Божа! Не так, не так хацелася дажыць свой век. Зусім не так. Але што паробіш цяпер? Позна нешта памяняць – асабліва тое, што залежыць зусім не ад цябе самога.
Канаўшчык заплакаў. Слёзы, салёныя і цёплыя, плылі па шчоках. Заплачаш: адзін застаўся. Ні жонкі, ні дзяцей, ні... брата. Так-так, і брата, лічы, няма. Ну што ён там, Хведар, у тым Омску, у якім Канаўшчык ніводнага разу нават не бываў? Адрэзаны кавалак. Страчаны. Не прыязджаў нават, калі памерлі матка і сястра Роза, адбіваў, праўда, кароткія тэлеграмы : не магу, вучэнні... А вучэнні ў яго там ці што – адзін ён, Хведар, і ведаў. Апошні раз бачыліся год дваццаць назад, калі паралізавала матку, тады яны ў Лосеўку прыехалі абодва – па тэлеграме-выкліку сястры, яна з ёй жыла. Віктар яшчэ не быў канаўшчыкам, ён рабіў у Магілёве на «Строммашыне», меў добрую кватэру, прыгожую жонку і гадавалую дачку. А потым – трэба ж такому няшчасцю здарыцца – не стала хадзіць і Роза. Што рабіць? Як жыць далей? Хведар напісаў: паколькі чалавек ён вайсковы, то пра вяртанне ў вёску не можа быць і размовы. Давай, маўляў, ты, Віктар, бярыся... жывеш жа побач, а я ў даўгу не застануся. Ён і звольніўся. Раз у тыдзень наязджаў да сям’і ў Магілёў, прыязджала тады-сяды да яго і жонка. А потым ён не паехаў, яна не прыехала... Была сям’я, адным словам. Даўно. Дачка, праўда, не забывалася на бацьку. Гэта пазней Канаўшчык зразумеў, чаму прыязджала яна да яго: грошы патрэбны былі малечы, толькі яны. Быццам у знак кампенсацыі, што брат страціў усё, што меў у горадзе, Хведар зафрактаваў за ім кватэру ў Омску. Аднапакаёўку. А мо і схлусіў. Пісаў жа, пісаў, што чакае жытло... Канаўшчыку не было нават магчымасці з’ездзіць у той Омск і хоць адным вокам глянуць на кватэру, калі і праўда яна ёсць: хапіла клопату ў вёсцы, як толькі вытрымаў – аднаму Богу вядома.
І вось ён адзін. Сястра памерла сёлета, улетку, амаль пятнаццаць год праляжала ў ложку. Канаўшчык прыкметна здаў: пасівеў, скурчыўся,і, некалі прыгожы хлопец, падобны на Алена Дэлона, зрабіўся непрыкметным дзедам.
... У сенцах пачуліся крокі, і неўзабаве ў хату ўварвалася воблака халоднага паветра. Гэта вярнулася Машка.
– Ну, як ты тут? – запыталася яна, адразу ж накіравалася да грубы. – Пагарэла ўсё. Сухія дровы. Як порах.
– Леташнія,– падаў голас Канаўшчык.
– Яно і відаць. К дровам бы ды брыкету.
– Няма. Усе грошы на пахароны патраціў...
– Мо з’еў бы чаго? Я паставіла вячэру гатавацца, то і табе прынясу. Мой у Магілёў паехаў да дочкі. Чакаю, павінен на ноч вярнуцца. Пасяджу каля цябе. Я бабам сказала, прыйдуць і яны... управяцца толькі.
– Не трэба было б клапаціцца,-- паправіў коўдру, якая краем спаўзла на падлогу, Канаўшчык. – Нарабіў я клопату.
– З кожным можа быць...
– Відаць, ужо не памру... буду жыць, відаць... А напалохаўся... Хлушу, аднак: не паспеў напалохацца. Жыць захацелася яшчэ больш... Жыць!
– А ў той Омск паедзеш?
– Не, позна... Раней каб...
– Я б паехала,– сумна сказала Машка. – Мне, колькі і жыву, у горад хочацца. Як есці галоднаму... А горад да мяне задам павярнуўся.
– Трэба было табе адразу пасля школы перадам да Мішкі не варочацца,– паўшэптам сказаў Канаўшчык і адразу зразумеў, што сказаў не тое, няварта было б.
Аднак Машцы ягоныя словы спадабаліся, яна ўхапілася за іх, як тапелец за саломінку:
– А да каго мне было павярнуцца? Да каго? Прыспічыла, зачасалася, а нікога паблізу... адзін Мішка, лапсар. Вось я да яго і кінулася-рынулася. А каб ты быў, то я да цябе б... ахвотна б!
– Ты, Машка, проста чалавек добры... як свая... з табой бы я не змог... я тут пераборлівы... абы з кім не спасобны быў... – прамумкаў Канаўшчык.
У Машкі запаліліся шчокі:
– А што, добрых – не трэба? Толькі шваль розную? Дзе яна, твая добранькая, твая красавіца? Краля тая гарадская, з кіпцямі пафарбаванымі? Толькі нешта я сяджу тут, з якой ты б не змог, перад табой, а не яна? Га-а?
– Даруй, Маша.
– Усё прыгожых выбіраеце. А я б, Віця, з табой у Омск паехала б. Яй-бо.
Канаўшчык павярнуў галаву, сустрэўся вачмі з Машкай:
– Жартуеш?
– Я? Я што, не магу манікюр той чортаў зрабіць? Я...я...я... – і Канаўшчык бачыў, як жанчына ўтапіла твар у далонях, а плечы яе часта пачалі ўздрыгваць. – Даруй, Віця... Што гэта са мной? Зацьменне найшло... не ведаю, як атрымалася. Напляла абы- чаго.
– Паехалі, Машка. Паехалі ў Омск. Пажыла з Мішкам, пажыві са мной, калі хочаш. Жыць можна, відаць, з чалавекам, якога і не любіш?
– Хопіць, што я цябе люблю!– вырвалася ў Машкі. – А дзе ты бачыў такое, каб са стараны двух бакоў любоў была роўная?
– А чаго ж ты раней мне не сказала нічога? Калі я здаровы быў, маладзейшы траха?
– Не асмельвалася, дурніца!
– А мне якраз жанчына і трэба была... глаўней, чым тая кватэра ў Омску.
Машка прытулілася да Канаўшчыка, пагладзіла яго белы, як снег, чуб, чмокнула ў шчаку.
У дзверы нехта пачаў шкрэбсціся.
– Цімка,– сказаў Канаўшчык.
– Не пушчу!– Машка адвярнулася ад Канаўшчыка, накінула зашчапку на дзверы. – Нікога не пушчу! Я б, Віцька, у Омск не паехала... Гэта я так сказала... дужа далёка ён, той горад... Дужа чужы ён... Дровы дагараць, яшчэ падкіну... – і вось ён, твой Омск, дурніца ты старая! Гэта я пра сябе так сказала... Бач, ажыў... Вочы прыгожыя ў цябе... блакітныя... а прапалі... патухлі... Я не толькі грубку, я і цябе, Канаўшчык ты мой, распалю... Былі б дровы... А Цімка шкрабецца, паразіт! Не пушчу-у!
Пазней Канаўшчык усё ж напісаў брату Хведару ў Омск: дачакаўся канца ўсіх, даняньчых старых і нямоглых, гатоў прыехаць на сталае месца жыхарства ў Омск. Напісаў проста так, ад няма чаго рабіць.
Брат не адказаў.
СІНОПТЫК
Калі і звяртаюцца іншы раз вяскоўцы да Ягора Цыбулькі, то заўсёды з адной просьбай – якое , стары, там у нас надвор’е на гарызонце? Што дзень заўтрашні рыхтуе? Не палянуйся – растлумач. Не, Ягор не глядзіць на неба, не прыстаўляе брыльком руку да лба, а пэўны час маўчыць – збіраецца, мусіць, з думкамі. Нетаропка пачне майстраваць самакрутку, натрамбуе ў ножку моцнага тытуню, глыбока і смачна зацягнецца, крэкне ад задавальнення.
– А што нас чакае? – паглядзіць на таго, хто цікавіцца. – Багата чаго чакае. Хочаш ведаць? І ты, гляджу, як усе... Ну-ну. Што з вамі зробіш? Абяцаў не займацца прагнозамі. А то, адчуваю, па шапцы дадуць... але слухай. Так і быць. Земляку не магу адмовіць. Толькі – ша! Па сакрэту скажу...
І пачне расказваць Ягор не пра тое, будзе заўтра снег ці дождж, навальніца або сонца, а разважаць пра жыццё, будзе ўгрызацца ў яго, як той шахцёр у пласт, і абавязкова пра палітыку сыпане: даваць прагнозы, дык даваць не шкадуючы! Хіба ж мала іх, тых прагнозаў, у ягонай галаве, на якой некалі былі густыя, як смоль валасы, а сёння надзейна – бы прыклеілася – сядзіць на лысай бліскучай пляцоўцы зашмальцаваная кепка-васьміклінка: у ёй выдаваў ён яшчэ, мабыць, прагноз , ці доўга пратрымаецца ў нас сухі закон. На той конт ён сказаў тады пераканаўча, цвёрда: «Доўга ў нас нічога не бывае». Прагноз спраўдзіўся, аўтарытэт Ягора падрос, яму надалі мянушку «Сіноптык». Замацавацца на гэтай пасадзе дапамог зноў жа Гарбачоў, бо надзіва дакладны прагноз выдаў ён і пра яго: «Гаворыць багата. Натаўчэ лішняга. Дужа блізка да людзей стаіць, ліпне ажно да іх, не трымае адлегласць. Кіраўніку так нельга. Людзі на галаву сядуць, дай толькі паслабленне». Як у ваду глядзеў Ягор. Не памыліўся, калі і ў нас выбіралі першага прэзідэнта: «... Бо я буду за яго галасаваць».