Выбрать главу

Пад ранне настаўніка раскатурхалі, і яны вярнуліся ў вёску якраз у той час, калі яна прачыналася.

Браў разгон новы дзень.

11

Праспаўшыся, участковы Баравы правёў допыт Кандрацькі і Валодзькі, тыя пад неаспрэчнымі доказамі прызналіся, што гэта сапраўды былі яны, але адразу ж дружна папрасілі прабачэння, бо зусім не збіраліся калашмаціць яны дырэктара школы Саксонава, а хацелі правучыць фокусніка. За што, той ведае.

– Не месца фокусам у нашым жыцці!– сказаў Кандрацька.

– А я кажу: месца! – не пагадзіўся з ім участковы. – А пакуль я камандую тут парадам, то будзе так, як і трэба. Зразумелі, шалудзіўцы?

Кандрацька і Валодзька паказалі ўсім сваім выглядам, што зразумелі. Участковы доўга таптаўся яшчэ перад мясцовым крыміналітэтам, бо не мог вырашыць, хоць і даўно ў прафесіі, што з імі рабіць. У раён адвезці? Яму заўвагу зробяць, як так, скажуць, давёў ты на сваім участку справы, што ўжо дырэктара школы – падумаць толькі! – таўкуць кулакамі. Ды і крымінальную справу завядуць. А калі не заводзіць тую справу, то навошта везці? Але ж тады трэба іх неяк пакараць сваёй уладай. А якая яна, улада ў участковага, што ён можа?

Разважаючы пра ўсё гэта, участковы Баравы сам таго не заўважыў, як нарадзілася ў яго ідэя арыштаваць Кандрацьку і Валодзьку і пасадзіць у склеп. Ён так і зрабіў. Аднак узняў лямант усё той жа загадчык фермы Палазкоў, бо няма каму рабіць замест іх, і участковы падаў яму ключ:

– Адмыкай, калі так дужа трэба. Але спярша трэба было папытаць у дырэктара, ці згодны ён?

– Дараваў, дараваў Паўлавіч,– часта затрос галавой Палазкоў. – Сам хадзіў да яго. На парукі ўзялі хлопцаў. Больш не будуць!

У той дзень участковы паставіў кропку ў яшчэ адной крымінальнай справе, і таму настрой у яго быў добры : парадак перш за ўсё, і няхай усе ведаюць, хто тут стаіць на яго варце.

Вось так!

12

Настаўнік Шэпелеў на першым жа ўроку ўспомніў, што яго ўчора прасілі ў сватах паказаць фокусы, але тады не было ў яго настрою, і настрой гэты з’явіўся толькі сёння. І таму дзень ён пачаў з фокусаў. Ледзь пераступіўшы парог класа, ён загадаў усім вучням глядзець толькі на яго і глядзець надзвычай уважліва, засяроджана. Вучні паслухаліся. А потым настаўнік папрасіў дзённікі ў трох вучняў і паставіў ім дрэнныя адзнакі.

– Вы сёння не падрыхтавалі хатняе заданне. Я не памыліўся?

Тыя прызналіся: так, не падрыхтавалі. Больш таго, усе яны ахвотна растлумачылі, чаму не падрыхтаваліся да заняткаў. Адзін хварэў, другі ездзіў у лес па дровы з бацькам, а трэці ўвогуле забыўся, што трэба было вучыць верш на памяць.

– Вось гэта фокуснік дык фокуснік!– разявіў на перапытку рот адзін з невукаў, Сашка Баравы. – А я не верыў!

Паколькі Сашка Баравы быў сынам участковага, то Баравы-старэйшы, паглядзеўшы ў сынаў дзеннік, адразу зрабіў сур’ёзны твар, насупіўся і сабраўся нанесці візіт Шэпелеву.

– Як жа так? Мы ж з ім разам ехалі, былі, панімаш, і ў сватах, а ён сыну «двойку» ўляпіў! Такія фокусы ў мяне не праходзяць!

І ўчастковы патупаў да фокусніка.

Фокусы, падобна на тое, у Хутары будуць працягвацца...

2000 г.

ГУЛЬНЯ

1

Амаль у адзін і той жа час з пункту «А» ( Чарнігаў) у пункт «Б» (Гомель), і насустрач, выехалі два чалавекі: дацэнт факультэта славянскіх моў Чарнігаўскага універсітэта імя Т.Р.Шаўчэнкі Васіль Будзёнаўскі і дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага універсітэта імя Ф.Скарыны Віктар Ярась, абодва былі ў строгіх касцюмах, пры гальштуках і абодва з’яўляліся прызнанымі паэтамі, членамі творчых саюзаў сваіх незалежных з нядаўняга часу краін. Васіль Будзёнаўскі ехаў у госці да Віктара Ярася, а Віктар Ярась – да Васіля Будзёнаўскага. Славяне сябравалі. І даўно. Таму пра паездку адзін да аднаго нават не дамаўляліся, яны рабілі гэтак і раней, сабраліся... і паехалі. «Няхай Васілю будзе сюрпрыз!», «Няхай Віктару будзе сюрпрыз!» Колькі разоў так яны ўжо рабілі, і нічога – прамашак не было: заўсёды сустракаліся, як і мае быць, на належным узроўні. Поціск рук, абдымкі, а з моцных напояў не бралі ў рот ні кроплі. Плюньце таму ў вочы, калі кажуць, што паэты п’юць занадта, меры не ведаючы, як вярблюды перад спёкай – прызапас. Гэтыя не п’юць. Ні кроплі. Для многіх, мусіць, і сапраўды цікава – а навошта ж яны тады збіраюцца, ездзяць у госці адзін да аднаго? Што, ім больш няма чаго рабіць? А яны ездзяць, бо ім, відаць, нешта ж во цікава разам. І не лічаць сябе дзівакамі.

2

Васіль Будзёнаўскі білет на аўтобус купіў загадзя, бо ведаў: у суботу шмат гандляроў-торбачнікаў стараецца трапіць у Гомель, аўтобус жа, як вядома , не гумавы. Жадаючых паехаць да беларусаў на базар было зашмат і на гэты раз. Што вязуць браты-украінцы братам-беларусам? Вядома ж: сала, алей, марачнае і таннае віно, маргарын, сметанкавае масла, а таксама – шкарпэткі, майкі, трусы... Усяго патроху. А выгода, мусіць жа, нейкая ёсць, калі не ўперціся з-за іх у той аўтобус такім вось сціплым і – не яго бяда! – вядомым людзям, як паэт і выкладчык Васіль Будзёнаўскі. У Гомелі, дарэчы, ёсць праспект Краўчука –дарога ад чыгуначнага ( а побач і аўта) вакзала да цэнтральнага гарадского рынку: некалі паабапал яе стаялі гандляры з Украіны і прапаноўвалі розны тавар. Перайменаваць праспект з выпадку змены прэзідэнтаў не паспелі – ужо калі быў абраны Кучма, то гандляваць там забаранілі, і сябры-суседзі абляпілі, дзе толькі можна, гарадскі рынак, а найбольш пранырлівыя ўцёрліся і асяродак. Праспект жа Краўчука і сёння існуе – у памяці хоць, аднак усё ж...

Перш, чым заняць сваё законнае месца ў аўтобусе, Васіль Будзёнаўскі памеўся выручыць хлапца ў кепцы і з прарэхай у роце, узяў у таго чатыры пляшкі віна. Тых пляшак паэт не бачыў, яны былі ў цэлафанавым пакеце, да таго ж яшчэ і ў газеціне, на якой ён паспеў угледзець сваё празвішча, і здагадаўся, што гэта апошні нумар абласной «маладзёжкі», дзе на гэтым тыдні надрукавалі падборку ягоных вершаў. Хлапец у кепцы і з прарэхай у роце такія ж пакеты перадаў яшчэ двум чалавекам, і ўсім шчыра дзякаваў, а то , казаў, мытня не прапусціць, а гэта ягоны хлеб. Не віно, канешне ж, а чаўночны гандаль. Яму пайшлі насустрач. Васіль Будзёнаўскі не надта разбіраўся ва ўсім гэтым, а людзям дапамагаць любіў, хоць іншы раз яму гэта дорага каштавала. І заракаўся ж не рабіць больш такога, аднак забываўся на гэта чамусьці адразу, варта было звярнуцца да яго зноў каму-небудзь: «Вы , шаноўны, не змаглі б мне?..»

Неўзабаве аўтобус закалываўся на выбоінах, якіх з’явілася чамусьці многа ў апошні час на прывакзальнай плошчы, і пакіраваў па маршруце. Пасажыры памалу суцішыліся, і амаль усе яны былі заняты сваімі дробнымі справамі: адны снедалі, іншыя перакладалі з сумкі ў сумку, з пакета ў пакет розныя скруткі, пакецікі, пакункі... І так амаль усю дарогу, пакуль будуць ехаць да мытні, корпаліся, бы жукі. Адчувалася, што яны хвалююцца. І яшчэ тое, што амаль усе яны старыя знаёмыя. Паміж сабой.

Васіль Будзёнаўскі паспрабаваў заснуць – не атрымалася, галаву таўклі розныя думкі, ён адчуваў радасць ад прадстаячай сустрэчы з беларускім сябрам. Успамінаў і сваё жыццё. Нешта лагодзіла душу, нешта пакідала прыкры , прагорклы напамінак. Але ж жыццё ішло, ідзе і будзе, трэба спадзявацца на тое, ісці. Выдаў адзінаццаць кніжак вершаў, вырасціў сына, а цяпер песціць-гадуе ўнука. Выкладае ва ўніверсітэце. Праўда, за кандыдацкую нават не браўся. А навошта? Што новага, карыснага, патрэбнага людзям, разважаў, ён скажа? Атрымоўвалася – нічога. Тады навошта псаваць і свой час, і час людзей? Лепш напісаць кніжку вершаў. Гэта ў яго выходзіла добра, а трэба рабіць заўсёды тое, што атрымоўваецца. Да таго ж і выкладчыкам ён быў ад Бога – на яго лекцыях студэнты адсутнічалі толькі па нейкай важнай прычыне. Мала хто ведаў, што Васіль Будзёнаўскі пераклаў на сваю родную мову Біблію. Цалкам. Пакуль ён не надрукуе яе, мала хто, мусіць, і паверыць. А ён зрабіў такую працу! Уяўляў, як пахваліцца Віктару Ярасю, і той вохне ад здзіўлення: няўжо?! Так, братка-беларус, так.