Вёска зжалілася. Родная ты вёска! Пакінула яна ў спакоі Сцяпана, дала магчымасць звесці павекі, але ненадоўга. «Як там маці? А дзед Сымон? А Чопкі лажок? Касіць пара... Пара касіць!» Што ж тэта робіцца, не, вы падумайце толькі: Сцяпану касіць самы час, а ён сёння ранкам апаласне твар халоднай вадою з-пад краніка ды i пойдзе – як не пад ручку з Зінкай, каб не згубіўся ў лабірынце вуліц, – на завод, на працу ўладкоўвацца. «Каб, Маруська, ты мак ела ўсё жыццё! – злуецца Сцяпан, думкі распіраюць галаву. – Каб жа не ты, то я касіць бы ужо даўно падаўся. Каса ў мяне новенькая, сямёрачка, а ржавець будзе. Каб ты мак ела...»
Не, ну дык праўда ж: падвярнулася тут Маруся Саўкава са сваёю гарадской сяброўкай, стрэўся з імі на вуліцы Сцяпан, павітаўся без аніякай там лішняй думкі. Помніць, што азірнуўся, праводзіў незнаёмую дзяўчыну цікаўным позіркам, але каб вышэй узяў, у заўтрашні дзень зазірнуў – сам бы сябе дзіваком палічыў, прайграў бы ўсю матчыну хату разам з прысядзібным участкам, з градкамі тымі ды яблынямі, каб пад заклад біўся: тут свае, бярозаўскія дзеўкі, абмінаюць, а няўжо ж яна, гарадская, модная i з твару прывабная, затрымае на ім свой позірк? На каго глядзець? Сцяпан як Сцяпан. Хіба ж можна зазірнуць у яго душу, ацаніь яе здаля? Калі 3інка змагла, калі сама, то такой дзяўчыне i ён пара. Багатая душа ў Сцяпана. Дабрынёй поўніцца, што рака ўвесну вадою – з беражкоў выходзіць. Толькі ж ці i сама? Ясна, Марусіна работа. Пастаралася суседка. Спярша, канешне ж, з маці ягонай пашапталася, казала, мяркуй, на вуха старой Понцісе: «Ой, Ладыміраўна, i дзеўка ж Зінка! У горадзе жыве, а як вясковая: усё похапкам да похапкам. Мы з ёю разам на заводзе робім. Яна на аўтакары кіруе, дэталі з цэха ў цэх развозіць. Мужчынам нос утрэ. Утрэ, цётачка. I смірненькая, дамашняя. Думаеце, за ёй хлопцы гужам не ўюцца? Яшчэ б! Толькі яна абы на каго не кінецца, пераборлівая: мне, кажа, такі мужык трэба працавіты, як сама. Я, кажа, чэсна жыву, i калі падвернецца ўжо шчасце, то за яго трымацца моцна буду. Толькі каб гарэлкі не піў багата. Курыць – няхай сабе, не так брыдка. Гэта Сцяпан ваш – не прыпомню, ці курыць? Не, вось бачыце, я ёй таксама: каб сусед мой ды курыў. У вас жа i бацька не курыў. Яна ж, Зінка, i кватэру ў горадзе мае. Як кватэру? 3 бацькамі жыве ва ўласным доме. У самым цэнтры. Уяўляеце? Вёска ў горадзе. Яблык, цыбулька, парнічок – свае! Не з базару, капейка цалей як-ніяк... Зінка во i давыбіралася: дзяцей пара няньчыць, а яна не спяшаецца. А на Сцяпана вашага зірнула – целам апала: той, той, каго шукала! Не бяда, кажа, што няўклюдны трохі, мехаваты нейкі, затое ціхі, сарамлівы, рабацяшчы. Вялікі плюс, што чарку ў меру бярэ. А што жанчыне памыліцца? Век гаруй тады . Дык вось, Ладыміраўна, як бы нам пазнаёміць ix, звесці? Дужа б пара была роўная. Як трэба была б пара. Залатая».
А Сцяпанава маці, відаць, уздыхнула,скрыжавала сухія, патрэсканыя пальцы на грудзях, мо i хустку паправіла – яна заўсёды ў хустцы ходзіць – i сказала Mapyci мякка i пяшчотна: «Дык i я да Зінкі прымервалася. Думаеш, не? Прымервалася. Пасля таго, як Сцяпан баяцца дзявок пачаў, кожная мне ягонай жонкай здаецца, якая хоць трохі больш меней... Бачу ix разам, вясёлых, сваіх. Бачу, Маруська. Ox i гора ж мне са Сцяпанам, гора... Усе нашы неяк рана надавуміліся, а ён – як у манахі запісаўся. Я ўжо i кажу яму: манах ты, сын. А ён смяецца, зубы скаліць. Смяецца-то смяецца, а няўжой-та матка па вачах не ўгадае, што i ў яго самога на душы няладна. Вунь i маршчынкі кружочкамі разбегліся па твары, не ад дабра яны, маршчынкі. Ты ж, Маруська, добрая душа, ведаеш, як усё атрымалася... Не дачакалася як з арміі Сцепку Тамарка Ігната Падшыванца, выскачыла за некага ў 3імніцу, то быццам падмянілі хлопца. Замкнёны, на танцы не ходзіць, гырчыць, калі на пуць настаўляеш, што дзед стары. Пераламіла яму дзеўка Падшыванцава жыццё. Ox i пераламіла! Во i не жэніцца. Бабыль. Яго равеснікі ўсе да адзінага дзяцей маюць, а ён бытта i не здольны да жаніцьбы. Думаеш, мне лёгка? Людзі ўсё бачаць. Ківаюць, нягож. А якая, ты вось мне скажы, Марусь, радасць ад адной толькі яго працы калгаснай? Упіраецца, не сядзіць домацькі, а мне ягоныя заробкі шчэ болыш слёз дабаўляюць. Тыя б грошы на дзетак траціць, а яны вунь ляжаць непрытыкна. Ці багата ж нам на двох трэба? Хлопец ён непераборл-івы: што ёсць, у тым ходзіць. Ды я i кажу: якая радасць ад твайго рубля, калі ён не на карысць прадназначаецца? Кажаш, i Зінцы прыглянуўся хлопец? Хлопец ён ёмкі, грэх слова сказаць. Хай бы i абвянчаліся ці як цяпер па-новаму. Маладзічка яна нязбалаваная, раз з табою дружыць, то i хай бы... Толькі як нам яго, Сцяпана, на размову навесці? Не параіш? Я ўжо i баюся гаварыць... «Што ты мяне ўсё жэніш, што ты мяне ўсё з двара гоніш...». 3 якога двара? Прыводзь, жывіце, а я пад нявестку падладкуюся, саступлю, дзе трэба. Абы ўжо вам мелася. Дык, кажаш, прыглянуўся мой Сцёпка Зінцы? То i добранька, Маруська, то i добранька...»
I вось цяпер Сцяпан ляжыць на раскошным гарадскім ложку. Стомлены ад першай ночы на новым месцы. Боязна варухнуцца. Калі ж ужо той дзень нахопіцца? Калі пасвятлее за вокнамі? Ціха, пачакайце! Ці не певень гэта на падворку? Эх, падалося. Няма, не чуваць аніякага там пеўня. I карова не рыкае ў пуньцы... I парсюк не рохкае... Нібыта на іншай планеце. А там, у Бярозаўцы, на нагах, мусіць, ужо i людзі, i жывёліна. Ідзе жыццё, спяшаецца. Вось то жыццё!
Што, так i ляжаць? А мо асмеліцца, набрацца мужнасці ды адстукаць пяткамі па гэтай гарадской падлозе, га? Цярпі не цярпі, а трэба: у вачах пачынае цямнець. Трэба, браткі. Даруй, цешча! Прабач, цесць! Сцяпан выслізвае з жончыных рук. Зінка не верыць, што знікла жар-птушка – калі ёй i сапраўды казка снілася – была i няма, а шкада, ой i шкада, але яна яшчэ доўга так трымае рукі, спадзяючыся зноўку ашчаперыць яе, прыціснуць да сябе, а потым усе ж апускае ix на падушку. I спщь. Са-лодка спіць Зінка. Усміхаецца, бачце вы яе, у сне. Вусны – у букецік: чмок! А каго? Сцяпан грыміць ужо недзе ў прыхожай – зачапіўся за парожнюю пасудзіну, прашлёгаў далей, на ганак: забыўся, што цяпер ён гарадскі жыхар, прамчаў міма таго месца, куды намерваўся зазірнуць, сеў на халоднай прыступцы. Сядзеў як прыкуты. Пазіраў на дрэва, што развесіла перад самым носам густое лісце. I што хоць за дрэва будзе? Учора за дзень і не паспеў ён нічога толкам убачыць. Нават на гародчык, што дужа ўжо Маруся хваліла-перахвальвала, не паспеў вокам кінуць. «Табе, Сцяпан, разварот будзе. Не бядуй асабліва. Цяпер горад – тая ж вёска: свой харч, у каго лапік маецца...» Ды, слава Богу, не галадаў, лебяду i зацірку не еў – абышло, абмінула, тады навошта яму пра той гарадскі лапік зямлі назаляць? Ну? У горадзе яшчэ больш пузатых. А як жа ён будзе тут без сваёй вёскі? Без матулі? Без дзеда Сымона? А як жа без яго там касцы Чопкі лажок упарадчаць? Ты, Маруся, лепш на такія пытанні адкажы. Вось. А ў ядзе мы не пераборлівыя.
Дрыготка на ганку. Назад, у кватэру, вяртацца неяк адразу не з рукі. Няхай хоць бразгат той аціхне. У вушах так i звініць.
– Сцёпачка, – ён пачуў, як адчыніліся дзверы. – Чаму тэта ты так? Што з табою?
Зіна i сама прысела побач. Прытуліла галаву да Сцяпанавага пляча, уздыхнула:
– Сумна табе ў нас?
– Сумна.
– Нічога, міленькі, нічога. Прывыкнеш. Вось пойдзеш на работку, а пакуль адпачні, адпачні, а там абтаварышкуешся, у новую спецыяльнасць уцягнешся. Ну навошта сумаваць, скажы мне, Сцёпка? А я цябе кахаць буду, адзінага. Ежу гатаваць. А на выхадныя будзем да маці тваёй... цяпер ужо i маёй ездзіць, памагаць. Так, Сцёпка? Не сумуй. Будзь трошкі весялейшы, а то i мне тады робіцца сумна, як на цябе гляну. Слухаеш, Сцёпка?
– Слухаю.
– Пайшлі, пайшлі ў дом, – i Зінка першая ўзнялася, пацягнула Сцяпана за руку. Ён i не упарціўся. Ён ступаў паслухмяна ўслед, а недзе за спіною ўпаў на дол зялёны – дзецям толькі на зуб i браць – яблык. Лёгка чмякнуўся вобзем, а Сцяпану падалося, бытта шчоўкнуў ранні i не патрэбны нікому пакуль што яблык яму па галаве.