– Разводзіце тут антысанітарыю!
– Як гэта? – ад нечаканасці, пачуўшы такое, Наталля Цітаўна ажно хаўкнула ротам: яна ж спадзявалася, што новая суседка таксама паспачувае кацяняткам, якія рана засталіся без маці, а яна, бачце што!.. Цюкнула, бы маланкай.
– А начамі што яны вырабляюць, каты гэтыя! – твар у новай суседкі ажно пачырванеў ад злосці, яна паставіла торбу перад сабой: відаць, цяжкая, а мо сабралася доўга перавыхоўваць Наталлю Цітаўну. – Спаць людзям не даюць. Вяселлі тут, бачце вы іх, ладзяць. Я на дзевятым паверху жыву, і тое чую. Гэта непарадак.
– Пачакайце, пачакайце, не гарачыцеся, – пачала супакойваць суседку Наталля Цітаўна. – А я вось на другім паверсе, і мне каты не перашкаджаюць. Сплю. Не чую іх. Ага. Сплю і не чую.
– І спіце, а я не магу! Развялі тут звярынец. А сабак колькі! Божа, і што за людзі ў гэтым, цяпер ужо і маім, доме?! Вось там, на праспекце Касманаўтаў, дзе я жыла раней, такога няма. Але было. Я, я навяла парадак. Цяпер мяне там ўспамінаюць, упэўнена, усе добрым словам. А як жа інакш?!
Наталля Цітаўна ўздыхнула, раптам адчула, што перасыхае і храсне ў роце, а нейкая горыч захаланяла ёй у сярэдзіне грудзі. Усё ж яна знайшлася, каб сказаць:
– Не чакала я ад вас, жанчыны, такога зларадства. Вы ж сама маці. А кацяняткі сіроты… Няўжо вам не шкада іх?
– Калі шкадуеце, забярыце дамоў! – валёхаючыся з боку на бок, новая суседка пайшла па сваіх справах, і калі праходзіла пад клёнам, на якім сядзела варона, тая каркнула:– Кар-р!.., чым, падалося, нават спалохала яе, бо новая суседка ад каркання ажно здрыганулася, не адразу, а толькі ачомаўшыся, задрала галаву на дрэва, а тады зіркнула на Наталлю Цітаўну, і злашча папракнула: – Вось, атрымлівайце! Карміце, карміце і варон!.. Яны за вашымі кацянятамі даядуць. Не, я так не пакіну ўсё гэта!..
Настрой быў сапсаваны, але Наталля Цітаўна не асабліва зважала на ўсё гэта, а больш пачала супакойваць кацянятак, нібы і тыя чулі злую цётку і разумелі ўсё, што яна сказала.
– Не слухайце вы яе, ешце, ешце. Вазьмі, кажа, да сябе ў кватэру, калі так любіш… Гэта вас, мае харошыя, сказала, каб узяла. Я б узяла. Месца ёсць. А потым што буду рабіць, калі падрасцеце? Ці пракармлю я вас? Ды і прывыкну, а калі блізка да цела станеце, то адрываць потым балюча. Ведаю. А так вы на свежым паветры куляецеся-забаўляецеся, траўку, якую трэба, знойдзеце, па дрэвах палазіце… А ў мяне што? Асабліва радасці мала… Жыллё як жыллё… Чатыры сцяны… Ложак, стол… Тэлевізар уся радасць… А тут яшчэ такая аказія, мае харошыя: хварэю я часта, то бываю ў бальніцы… А каго папрашу, каб за вамі прыгледзіць і накарміць? Няма каго. Сын п’яніца, яму ключы не давяраю, а мужык, Сцёпка, памёр, ірад… А так, калі на вуліцы, з голаду не памрэце… Тут і сметніца побач… знайсці, кажуць, можна тое-сёе з ежы… Вам бы падрасці толькі хутчэй… на ногі стаць… А тая цётка, з дзевятага паверха, накінулася на вас, як учора варона… Вароне – даравальна: сама галодная… А ты ж, суседка, – чалавек, то не будзь варонай, не адымай у кацянятак ежу… Жывое ж… Няўжо не баліць? Хай варона не разумее… А чалавек павінен бы… павінен бы чалавек…
Варона, нібы таксама пачуўшы і зразумеўшы словы жанчыны, каркнула і паляцела прэч. Кацяняты, насмактаўшыся малачка, пачалі забаўляцца. “Што з іх возьмеш – дзеці ж”, – шчасліва ўсміхнулася Наталля Цітаўна. Яна падняла парожнюю міску, паглядзела яшчэ раз на кацянятак, якія схаваліся ўжо ў кветніку – толькі па тым, што калываюцца ліліі, рамонкі і цыніі, можна было зразумець, дзе яны, і заспяшалася піць чай. За сталом зноў успомніла новую суседку:”Трэба ж быць такой!.. Ай-я-яй! ” Не выпускаючы з рукі кубак, Наталля Цітаўна падалася на балкон. Сёрбаючы кароткімі глыткамі халодны чай, яна пашукала вачыма кацянятак. Кветкі стаялі нерухома. “Спяць”, – падумала жанчына і тут убачыла, як на тое месца, дзе колькі часу назад стаяла міска з ежай для кацянятак, прыляцела варона з кавалкам нечага у дзюбе, паглядзела па баках, а потым паклала прынесенае на дол і села на прыстрэшак ганка. Сядзела і не зводзіла вачэй з кавалка каўбасы, як паспела заўважыць Наталля Цітаўна: чакала, трэба меркаваць, кацянятак. Нібы і яна ведала, што тыя – сіроты, і іх трэба агарнуць цеплынёй і клопатам.
На вачах Наталлі Цітаўны выкругліліся слязінкі. Яна паглядзела на варону, іх позіркі сустрэліся.
– Прабач, – сказала жанчына птушцы. – Ты ведаеш, за што…
ПРА ВАЙНУ
1
Не, я тады не хадзіў яшчэ нават у школу, калі ў нашай вёсцы зрабілі брацкую магілу – як і належыць, з помнікам салдату, які моцна сціскаў у руцэ аўтамат. Я, відаць, быў яшчэ у той час зусім малы, бо не помню нават зусім таго дня. Помню толькі, што помнік той з’явіўся перад маімі вачыма неяк адразу, нечакана, не было не было яго, і раптам - вось ён перад табой: глядзі, хлопчык, гэта салдат. Чаму ён такі вялікі і суровы - даведаешся пазней. Гэта цяпер я разумею, што ў жыцці чалавека настае той момант, калі ён нешта заўсёды пазнае і запамінае ўпершыню.
Хадзіў, канешне ж, каля таго помніка я і раней, калі, мабыць, мама вадзіла мяне яшчэ за руку, а мо я трымаўся за яе падол. Хоць помнік і быў, але я не бачыў яго - не бачыў так, як трэба было бачыць: не дарос. Усяму, сапраўды, свой час. А ўжо калі быў вучнем, мы штогод прыходзілі да помніка ў Дзень Перамогі, нехта са старэйшых абавязкова расказваў пра вайну, а мы чыталі вершы - таксама пра вайну. Даверылі і мне аднойчы прачытаць напамяць верш, аднак я схібіў, не дачытаў яго да канца: расплакаўся. Мяне супакоіла настаўніца Вольга Кандратаўна і выцерла мне сваім насавіком слёзы. Я даў сабе слова больш не пускаць слязу, калі буду чытаць зноў верш на наступны год, але мне не далі больш яго, - ні на наступны год, ні пазней. Былі ў нас чытальнікі, якія не плакалі. Яны і дэкламавалі. Няхай. А я тым часам, пакуль яны расказвалі, чытаў прозвішчы салдат, што былі выбіты на помніку, і мне так іх было шкада, што я румзаў яшчэ мацней, але ўсе глядзелі на таго, хто чытаў верш, і мяне не заўважалі. Гэта і добра, што не заўважалі: няма чаго выстаўляць слёзы напаказ.
Помнік добра быў відаць з акна нашай хаты, і я, калі рабілася сумна, падоўгу глядзеў на салдата. І хоць ён адвярнуўся ад мяне і я бачыў толькі шырокую спіну, я ўсёроўна бачыў яго вочы, і так шкадаваў, што глядзіць ён уніз, ніяк сабе пад ногі, а мне вельмі хацелася, каб азірнуўся ён на нашу новую школу, на нашу хату, якую пабудавалі мае бацькі замест той, што згарэла ў вайну. Ды багата чаго мог бы ўбачыць салдат, каб павярнуўся: і ферму, і млын, і кузню...
- Ён, сынку, усё бачыць, не хвалюйся, - суцяшала мяне мама, калі я сказаў ёй пра тое, што непакоіла.
Хоць я і не разумеў, як ён бачыць, калі стаіць спіной да ўсяго, але пагаджаўся з мамай: мамы ўсё ведаюць. Ды і не толькі мамы - таты таксама, а калі паслухаць майго, то без яго б і зусім не было брацкай магілы. Не раз і не два апавядаў ён мне, калі траха падрос, як збіралі яны, вяскоўцы, косці дзе толькі можна было і звозілі на пагорак, дзе мелася быць брацкая магіла. За вёску ішоў цяжкі бой, шмат было забіта салдат, і самі ж салдаты хавалі тых, хто загінуў. У іх, аказваецца, была свая пахавальная каманда. Але дзе там было ім калі глыбока капаць ямкі, і калі прайшоў час, дажджы і веснавыя ручаіны размылі паграбенні. І яшчэ плугі, калі пачалі апрацоўваць людзі зямлю, пачалі натыкацца на косці.
- У нас тады спрэчка адбылася, - прыгадваў тата, - па такому пытанню. Трапляліся і конскія косці, іх звозілі разам... І хацелі таксама закапаць з салдацкімі: маўляў, і яны ж, коні, ваявалі, як і людзі... Няхай побач спяць людзі і коні. Чубіліся ажно. Але перамаглі тыя, хто быў толькі за салдат. Конскія косці пахавалі асобна, за вёскай. Правільна, канешне ж, зрабілі. А ты як думаеш?