Выбрать главу
Тую вогненную іскру Я пайшоў шукаць па свеце, І пайшоў шукаць са мною Іскру тую Вяйнямёйнен, Праплылі Няву-раку мы, За Нявой сустрэлі Каве, І сказала маці сыну Дзе шукаць агонь нябесны.
Ён у Алуэ скаціўся, Многа бедаў натварыўшы, Паў-Карэліі спаліўшы, Пох'ёлы і Савы хаты, І яго ў вадзе халоднай Сіні сіг зглынуў галодны, Сіга - хуткая пяструшка, А яе - шчупак зубаты.
Ды ўскіпець паспелі воды, Алуэ катлом бурліла, І кідаўся сіг на сіга, І пяструшка на пяструшку: "Дзе мужчыны Калявалы? Шчупака чаму не ловяць? Можа, ім не трэба Сонца, Калі ўжо агню баяцца?
Дык на тых, хто жыць баіцца, Бог з нябёс праклён абрыне!.."
Над берагамі іскрай, бліскавіцай Лятала Кайса... Ноч маўчала глуха... Закідваў сеці ў воды Ільмарынен, З той лодкі, што пакінуў схоўшчык Юха.
І падляцела Кайса: "Не баішся? Як што - паспі. Тут ложак у мяне На шчупаку. На самым-самым дне..."
"Ты б не іскрыла так... Пераіскрышся..." - Сказаў я ёй, узяўшыся за сеці...
Мужчыны і жанкі, Старыя, дзеці, Увесь народ па берагах усіх За сеці ўзяўся... Толькі так у іх - Калі ўсе разам! -кінуты з нябёс Агонь злавіцца можа: доля, лёс, Злавіцца Сонца можа з цемнаты - І той шчупак, што зжэр агонь святы...
Праз імглу, праз ноч, праз вецер Ставяць сеці, цягнуць сеці Мужыкі, жанкі і дзеці - Да крывавых мазалёў! Вось што значыць Жыць у свеце, Дзе адзін агонь: Любоў.
Выйшаў волат з вод азёрных, Сеці там да дна давёўшы, Кажа волат: "Трэба нехта, Хто пагнаў бы тую рыбу Найвялікай самай палкай", - І герой, ад немаўляці Трохі большы, ссек асіну, Прывязаў скалу да верху, Грукануў з пляча ў прадонне...
Воды Алуэ ўзбурлілі, Сеці рваў шчупак зубамі, Рваў хвастом і плаўнікамі, Сам сябе парваў - не іх: Сеці, сплеценыя з бітых, Сеці, сплеценыя з мятых, Сеці, сплеценых з дратых, Вечных нітак ільняных.
Верны вешчы Вяйнямёйнен, Шчупака наверх падняўшы, Запытаў: "Хто возьме рыбу Без жалезных рукавіц?" І другі герой - скалаю І яшчэ скалой другою - Распластаў імгненна рыбу, Як маланкамі нажніц.
Трэці ўзрэзаў так пяструшку І ў пяструшцы ўзрэзаў сіга, Сіні клуб з яго дастаўшы - Разматаўся сіні клуб, І пабег па сіняй нітцы Сам-агонь, клубок чырвоны, Вяйнямёйнену спаліўшы Бараду да самых губ.
І ад возера пабег ён Па ядлоўцу - берагамі, Па сасонніку - раўнінай, Па пагорках - дубняком, Паў-Карэліі спаліўшы, Пох'ёлы і Савы хаты..." ...Востраў, хутар спапяліўшы - Дом Ану і Юхі дом.
"Дзе ж мне жыць цяпер?.." - я ўсплакаў...
Верны вешчы Вяйнямёйнен, З кантэле з касцей шчупачых - І таму такіх шчыпачых - Са спалёнай барадой, Распачаў заклёны-спевы На святой паляне Восма, Па-над Пох'ёлай і Савай, Над зямлёй і над вадой.
Голас плыў, бы ў моры хвалі, Па ядлоўцы - берагамі, Па сасонніку - раўнінай, Па пагорках - дубняком, І ён выспяваў нанова, І, як новыя, паўсталі На святой паляне Восма Кожны хутар, кожны дом.
А агністы той клубочак, Як пачуў заклёны-спевы, Так схаваўся ў залацістых, У дубовых жалудах, І яго на іх сабрала Залатая пчолка Кайса І па горанах разнесла Ды па хатніх ачагах.
Ты, агонь, у іх гары, Плаў жалеза, боршч вары.
Верны вешчы Вяйнямёйнен, Што ўсё выспеваў нанова У далёкіх і найдальніх Калявалаўскіх краях, Блізка - і не нахіліўся, Побач - і не азірнуўся На Ану і Юхі хутар, На ягоны пыл і прах...
"Ё-маё... - я думаў ціха. - Не было, дык стала ліха... Што скажу Ану і Юху? А казаў жа мне Стары... Бляха-муха, гэту муху, Гэту муху-палятуху, Залатое яе бруха - Кожнай ножкай дагары!..