Хоць за джала... хоць за крылы...
Хоць на граблі... хоць на вілы...
Ды згары яно, каханне...
Хоць уночы... хоць уранні...
Не хачу ўжо анічога:
Ні расстанняў, ні сустрэч...
Калі ўсё, што ёсць у Бога
Для мяне на белым свеце:
Дым пусты жытла чужога
Ды задымленая печ.
- Паслухай, Кайса... Лёс мой чалавечы
Пчаліным мог бы доўжыцца... але...
- Бывай! - пчала ўзляцела. - Не на печы
Задымленай
Спаць залатой пчале.
І знікла з ветрам... човен загайдала...
Над востравам, як стала, ноч стаяла.
Да берага я човен падагнаў
І лёг на печ, дзе ўсё дзяцінства спаў.
Заснуў каменна. Як на дне. Глыбока.
З глыбокіх сноў відаць усё далёка...
На пагорку найвысокім
Крэўнакрэўскага Святгор'я
Плача, як спявае, маці
І спявае так, як плача,
Каля гуры белых трэсак...
Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычаш на ранку?..
Ой, як жа мне не крычаць? -
Трэба высака лятаць...
Ой, высока, высака
Ды ад дому далёка...
Упаў камень дый ляжыць -
На чужыне цяжка жыць...
Як прыдзецца захварэць -
Няма каму пажалець...
Як прыдзецца паміраць -
Няма каму пахаваць...
"Што ты плачаш, мая маці,
Гэтак плачаш, як спяваеш,
І спяваеш так, як плачаш,
Каля гуры белых трэсак,
Каля ссечанага вецця,
Каля змеценай лістоты?.."
Плача маці, кажа маці:
"Гэтым летам на Святгор'і
Паваліла Дуб Маланка,
Што з табой жыла ў пячоры,
Што прапала-знікла ў моры, -
Помніш?.."
"Помню..."
"Што спаліла
Крыж над нашаю царквою,
Калі ты ішоў да шлюбу,
Калі браўся ты з другою, -
Не забыўся?.."
"Не..."
"І ўзяўся
Цар нябесны наш Пяруне
Дуба секчы, Дуба трушчыць,
За дачку з табой квітацца.
Верхавіны абламаў ён,
Тысячы сукоў-галінаў,
Ствол ушчэнт пабіў, на трэскі,
І кару парваў на крыльцы
Меншыя за матыльковы,
Ды яшчэ лісцё развеяў..."
"І няхай пасек, патрушчыў,
Што мне тыя верхавіны,
Тысячы сукоў-галінаў,
Трэскі ўсе, кара ды лісце?.."
Ціха маці праўздыхала:
"Тое ёсць, што не казала...
Я сем год цябе чакала,
Дзевяць месяцаў насіла,
А пасля і сем, і дзевяць
Дзён яшчэ ты не з'яўляўся,
І жывы ўва мне ты?.. Мёртвы?.. -
Не было на тое знаку.
А калі я на Святгор'е
Паднялася памаліцца -
Так у мне ты скалануўся,
Што замглілася я цёмна.
І пачула голас з Дуба:
"Сына ты тады народзіш,
Калі мне паабяцаеш
Даць душу яго жывую".
"Душы Богу абяцаюць!..
Хто ты?.." - стала я хрысціцца.
Голас быў: "Тады нікому -
Хай не выйдзе ён з цямніцы".
Можа, Боскі голас?..
"Як мне
Абяцаць душу-жывіцу
Ды на страту ці на згубу?.."
"Ёсць дупло ў грудзях у Дуба,
Дно пасыпана травіцай,
Што былінку да былінкі,
Кожну-розну, па Святгор'і,
А чатыры па ўсім свеце
Назбіраў лятучы вецер.
Падыміся, пакладзіся
Ты на ложа траў гаючых,
На якім народзіш сына,
Паляціць які па свеце,
А душою, першым крыкам,
Будзе жыць у шуме Дуба
І лунаць па-над Святгор'ем
У яго зялёным шуме".
"Ой ты бедны мой жураўку,
Мой ты вецер, мой ты сыне...
То ж не дуба павалілі,
Не яму пасеклі вецце,
А душу тваю пабілі,
Раскідалі па ўсім свеце...
Я сабрала, мой ты сынку,
Жураўку ты мой жураўку,
І душы тваёй галінкі,
І кару яе, і трэскі,
І лістоту зеляную,
І гадаю, як жа сілу
У яе ўдыхнуць жывую?..
Помніш, сыне, тыя вуллі,
Што ты ставіў з дзедам разам
На сямідзевяцігор'і
За сямідзевяцізор'ем,
Дык з таго, мой сынку, мёду
Нават камень ажывае,
Толькі дзе такая пчолка,
Што так высака лятае?.."