Выбрать главу
- Але яго не праляцець пчале, Не адпачыўшы ў тым святле дрыготкім На ложку траў гаючых у дупле.
У печ пастукаў нехта... - Хто?.. - Каваль... - Давай залазь... - Свяцілася амаль, Амаль што грэла... Кайса, ты ляціш?..
Пчала яго - кусаць! - За што ты? Кыш! - Махаў рукамі, як вятрак, каваль. - За сонца ты?.. - Амаль! Амаль! Амаль! - У неба звон узнёсся за пчалой...
- Ну, злючая... Як ты на печы з ёй?.. Там Вяйнямёйнен... - Кліч... - Ты гаспадар...
Залез на печ асмалены пясняр... - За хутар і за дом які ты дар Хацеў бы?.. - Дом не мой... Я тут чужы... - А выглядаеш фінам...
- Пакажы Яму прапіску... - рагатнуў каваль.
- Зусім чужы?
Амаль... амаль... амаль...
- Тады праблема, гром яе скасі, - Зірнуў каваль на прысак... - Не з'ясі, Не вып'еш на чужыне ў смакату...
Пчала - кусаць! - Чаго? За што? Ату! - Па пчолцы ляснуў кантэле пясняр! - І печ у друз...
Ну ўсё...
- Дык быў пажар... - Сказаў, што мне сказаць гаспадарам, Пясняр, калі мы з горам папалам Ледзь выбраліся з-пад гары цаглін... - За гэта - дар. Любы. Але адзін.
- Вазьмі з яго ты грошай натрасі, - Сказаў каваль, чыхнуўшы сажай чорнай, І з чыху птах зляпіўся, чорны воран -
І за пчалой!.. Яна то ў печ!.. То ў горан!.. Нарэшце ў вуха: "Дуба папрасі!.."
Падумаў я: "І праўда... Дуб - не млын. Ён і ў пчалы, Ён і ў мяне Адзін".
"Выспявай ты, Вяйнямёйнен, - Як ты выспяваў быў елку На святой паляне Восма, Верх і вецце залатыя, Месяц у якой на версе І Мядзведзіца на вецці, І якая аж за хмары, Аж за неба высягала, На якую Ільмарынен Ускараскаўся і ветрам Перанёсся ў Сірыёлу, -
Выспявай ты, Вяйнямёйнен, Гэткі Дуб мне на Святгор'і, Як павалены маланкай, На які пастух у шапцы Насадзіў сякеру-месяц, Каб ён сотні верхавін меў, Тысячы сукоў-галінаў, Меў карэнняў больш, чым Сампа, Каб і бык яго не вырваў, І яшчэ каб гэны Дубе У грудзях сваіх магутных Меў дупло, каб вольна дыхаць, Каб у тым дупле дубовым, У Сусвеце ўсім, што з яйка Дзева Ільматар стварыла, Нарадзіўся я ў матулі, Ускрычаўшы першым крыкам, І душа мая ўзлунала Над пагоркамі Святгор'я У зялёнавечным шуме..."
З прадоння мора, у якого гора, Пчала глядзела на мяне балюча, І быў яе пагляд, як соль, сыпучы, Нібы мука, развеены на ветры, - Бо я забыўся...
"Вяйнямёйнен! - Я абняў пчалу-жанчыну, - Даспявай яшчэ ў выспевах Драбязу зусім малую, Не Мядзведзіцу на вецці - За пчалу яна не болей, За адну з пчаліных ножак, І ты горла не намучыш, У дупле травой гаючай Для пчалы заслаўшы ложак".
Верны вешчы Вяйнямёйнен Так пачаў свае выспевы, Што ў мяне, як соль, сыпучы Стаў пагляд - мука на ветры...
"Лепей лапцем воду чэрпаць На радзімай на старонцы, Чым на дальняй на чужыне Мёд - хоць чашай залатою.
З тым, што вольна не пяецца, З тым, што здушваецца ў горле, Жыць - як з ранаю пад сэрцам. Я хадзіў па свеце з ранай.
Не пакінуў ні пясчынкі, Што не змочана слязою, Не пакінуў ні травінкі Не залітае крывёю.
Ці ты за багатай доляй, Ці за доляю-жанчынай - Толькі на гадзючым полі Знойдзеш долю на чужыне.
Векавечны Ільмарынен, Каб араць такое поле, Выкаваў са сталі боты, Порткі з медзі ды кашулю Адкаваў сабе з жалеза І жалезныя пальчаткі...
Каб там зайца ўпаляваці, Ён каваў ваўка з туману, Каб там рыбіну злавіці, Ён каваў арла з агніска.
Птушцы вогненнай праз горла, Зверу дымнаму праз зяпу І па лёдзе цераз бездань Паўз змяінай агароджы І паўз плоту з чарапамі Па чужыне прабіраўся Верны вешчы Вяйнямёйнен, Каб глынуць з мядовай чашы Жаб з гнілымі чарвякамі...