Выбрать главу
Хоць ядлоўцам стань пад елкай, Хоць альхою над ракою, Стань хоць ягадай, хоць рыбай, Ці хоць воўкам, хоць мядзведзем - А туга ў грудзях збалелых Застанецца там тугою, Як яе не выракайся...
...Вырас дуб. Пчала, збірайся".
Залатая Кайса - ф-ф-ы-ы-р па Сонца Ветрам у пабітае аконца, Калі вырас дуб на Свят-гары...
Капялюш услед прыўзняў Стары.
Верны вешчы Вяйнямёйнен выпеў Дом і хутар...
Каб я з'еў і выпіў, Наспяваў гарэлку і кансервы...
Выпіў я... заплакаў... мусіць, нервы...
Ой, жураўку, жураўку, Чаго крычаш на ранку?..
Ой, як жа мне не крычаць? - Трэба высака лятаць...
Ой, высока, высака Ды ад дому далёка...
Упаў камень дый ляжыць - На чужыне цяжка жыць...
Як прыдзецца захварэць - Няма каму пажалець...
Як прыдзецца паміраць - Няма каму пахаваць...
Кулікамі над балотам Плачуць тут па мне і ў Крэве... Не такі ўжо я гаротны! Што вы ўсе, як падурэлі?
Я жывы - дык я здаровы, А здаровы - дык багаты, А багаты - дык шчаслівы, А шчаслівы - дык крылаты, -
І магу я сам ускрыліць,
Паляцець да роднай хаты!..
"Не бывае, каб бяскрылы, А лятаці можа. Ды бывае, што нямілы, А такі прыгожы.
І бывае, што крылаты, А не трэба крылы. І бывае, што багаты, А такі нямілы..." -
Плача і спявае маці Над калыскаю маёй...
...Я ўсё прыбраў, спарадкаваў у хаце І паляцеў за залатой пчалой.
Пакуль ляцеў, вярэдзіла адно: Што не зашкліў пабітае акно.
На дальняй старане Мне наплывае ў сне Дом з Дубам пад акном За дымам-туманом... А там, у тумане, А там, у тым акне, А там няма мяне На роднай старане...
Там босыя сляды, Там неба ў галубах, Там ад жывой вады Так горка на губах... Там жытам узыйшлі І запляліся ў лёс Спеў сцішанай зямлі, Гнеў зрушаных нябёс...
Мне птушкай з выраю Да Дому прылятаць І абдымаць зямлю, І неба цалаваць... А як таму не быць - Дык хоць бы сном праплыць, Хоць дымам-туманом Над Дубам пад акном...
З дальняй стараны да Дому Сам гукаюся самому, Тому Дому, Дубу тому - І плывуць, як сны, З дальняй стараны дадому З дальняй стараны дадому З дальняй стараны дадому Дым ды туманы...
Ч а с т к а д р у г а я
Святгор'е
Дуб там стаяў, дзе ўпаў... Была бяда - І адбыла... І я над Свят-гарою Развеяўся, пасеяўся травою, І трэскамі раскінуўся, карою, І да зямлі - і ў ёй зямной крывёю - Была бліжэй, чым я, адна вада.
Плылі аблокі, як акінуць вокам - Ва ўсе бакі... Не знаючы дарог... І нават з-пад гары да тых аблокаў Бліжэй, чым я, быў, можа, толькі Бог.
Сцякаў з царквы на могільніка схілы Плакучы звон - гукаўся мне здаля... Бліжэй, чым я, да крэўных тых магілак - Адна матуля ды сама зямля.
І з магілы ўстала маці, Пачала мяне зграбаці, Віламі мяне насіці, Цела ў цэлае складаці, Душу ў цэлае ляпіці.
І пакуль душу складала, І пакуль ляпіла цела, Байкі-казкі мне казала, Каб не гэтак мне балела...
"Ёсць сястрыца ў плынь-вадзіцы, Ветраснежна мецяліца, Што ляціць на вецярку У срабрыстым кажушку.
Кажушок свой сцеле новы На паляны і дубровы, На пагоркі і лясы, А на елку - для красы.
А стара Баба-Яга, Касцяна яе нага, Праз лясочак скок ды скок - Скрала з елкі кажушок.