Выбрать главу
Сама ходзіць, як царыца, Плача ў полі мецяліца, Мерзне елачка ў ляску У зімовую траску.
Бег лясочкам Дзед-Мароз, Сіні сам, чырвоны нос, І злавіў Бабу-Ягу За касцяную нагу.
Баба з ім давай хітрыцца, Кажа Баба: "Я лісіца, Бегла лесам я наўпрост, Злапаў ты мяне за хвост".
Дзед ёй кажа: "Так і ёсць, У лісіцы мякка поўсць, Ды адкуль такі хрумсцяны У лісіцы хвост касцяны?"
Баба кажа: "Шэры воўк Хвот лісіцы драў ды тоўк, І набіў на ім гузоў, Што хрумсцяць ад маразоў".
Адпусціць хацеў лісіцу Дзед-Мароз, ды мецяліца Прыляцела з поля гола, Закруцілася, як кола.
"То не воўк і не лісіца, - Заспявала мецяліца, - То сама Баба-Яга, Касцяна яе нага!
Цар-царыца чорных кветак, Што ўначы пужае дзетак, Што лясочкам скок ды скок - Скрала з елкі кажушок".
Раззлаваўся Дзед-Мароз, Скрыўдаваўся аж да слёз І занёс ён сам-адзін Касцяну нагу на млын.
Там змалоў яе ў муку, Каб не бегала ў ляску Ні лісіцай, ні ваўком, Ні срабрыстысм кажушком.
Кінуў мех з мукой на вецер, Той панёс яго па свеце - Рассыпаць на ўсе снягі Костачкі Бабы-Ягі.
З тых часоў, як толькі вокам
Сонца гляне з-за аблокаў, Тыя костачкі ўсе чыста На снягах блішчаць срабрыста.
Казка ўся... Табе, мой Стася, Гэта казка бабы Стасі, Што ляжыць у руце-мяце У магіле - вечнай хаце.
У зямным пчаліным гудзе, Што гудзець не перастане - І калі мяне не будзе, І калі цябе не стане.
А яшчэ табе, мой Стася, Пакідаю словы-веды, Запавет ад дзеда Яся, Ад твайго ўжо пра-прадзеда.
Ён сказаў іх, як сабраўся У шлях вечнанезваротны, Як у доме ўсім прыбраўся, Зачыніў усе вароты.
Ён адкрыў мне тайну гэту, Мой ты Стасю, з таго свету: "Прыйдзе час - душой пакойся... Тут не цёмна... Ты не бойся..."
- Як ты плакаў, мой ты Воўка, Па лісіцы і па воўку, Ды па Бабе па Язе, Касцяной яе назе.
І прасіў ты дзеда Яся, Бабу не малоць Алімпу, А яе - кажух не красці, Каб мінула тое ліха.
І як зараз па ўсім свеце Ты збіраеш мёд тугі, Так збіраў ты па ўсім снезе Костачкі Бабы-Ягі.
Каб сабраці яе цела, Каб мяцеліцай ляцела, Ці каб бегала цішком Хоць лісіцай, хоць ваўком.
Каб душу яе зляпіці З касцяной нагой уцэла Серабрыста бела-чыста, Серабрыста чыста-бела....
- Залаціста-залаціста, - Мне пчала на вуха села.
- Ну як? - яна спытала. - Пацяплела На скразняку?.. - Ты першай даляцела, Дык як табе Святгорскі наш скразняк? - Такі ж ён, як і ў нас... Хавалі так І плакалі... без толку... толькі б плакаць...
Па скразняку маю ганяла памяць Да вежы Юткавай, Літвінавай гары...
Стары ўжо Ютка... І памёр стары... Яны як не былі тут маладымі...
Вунь ён сядзіць у вечаровым дыме На вежы - за аблокамі амаль: Глядзіць у высь і паглядае ў даль...
З далечыні да вежы крочыць Хведар: "Ну што ты ў Бога, Ютка, сёння ўведаў? Што новага ў нябеснае красе? Як будзем жыць?.."
"Да смерці. Як і ўсе".
"То злазь тады. Карэнчыха нагнала Атрутнай самагонкі. Запрашала..."
Яны на карабель удвух сядаюць, Што на гары Літвінавай стаіць, Карэнчыху бяруць... і адплываюць...
- Дык як?.. Пчала да Сонца даляціць? - З-за карабля пытаюся я ў Кайсы. - Даведаецца там, як будзем жыць?..
І Ютка кажа: "Ты ж ужо пытаўся..." І Хведар кажа: "От жа звон стаіць Які ў вушах... І ўсё адно і тое... І ўсе з гаўна. Хоць нешта б залатое..."
"Дык вунь!.. - крычыць Карэнчыха. - Зямля! Не бачыце хіба? Пчалу!.. Чмяля!.."
"Атруту, - Хведар кажа, - як дап'ём, Дык станем - хто пчалою, хто чмялём".