Выбрать главу
"А хто - гаўном", - жартуе Ютка тонка. Карэнчыха - у смех!.. Далёка-звонка Спявае, што ў яе за самагонка...
Самагонку ведзьма гнала, Каб ад кроплі - з ног збівала, Ад паўкроплі - з ног валіла, Як нячыста валіць сіла.
Кінула ў кацёл дзяўчыну, Клык мядзведжы, хвост ваўчыны, І курынага памёту, Што набрала каля плоту.
І злавіла хлапчучка, Адшчыкнула ад стручка. Горка плача хлапчучок, У катлы кіпіць стручок.
Тры начы кацёл бурліў... Воўча хлопчыка не збіў, Не зваліў яго мядзведзь, А памёт курыны - ледзь...
Налівае хлапчуку Ведзьма дзеўчыну ў саку, Тут яго нячыста сіла На палаткі й паваліла.
А дзяўчына скок ды скок: "Не кладзіся на бачок, Прыдзе шэранькі воўчок, Адгрызе табе стручок.
А калі пакіне ледзь - Прыдзе буранькі мядзведзь І парве цябе клыком, Вырве душу са струком".
І не спіць той хлапчучок, І кіпіць яго стручок У катле, дзе свет зварыла Белы ўвесь нячаста сіла".
- Як быць табе чмялём? - пчала пытае.
Ах, Кайса, Кайса, пчолка залатая... Хоць кім мне быць... Абы кружыцца тут...
Пчала ўядае: "Крэўнакрэўскі кут, Дзе ўсе з... з-звініць..." - Я вырву з цябе крылы!..
Пчала - увысь: "Мой кут, як ты мне мілы..."
"Йшла малінка на чужбінку, Да чужога саду - вішня, І кацілася брусніца Да атручанай вадзіцы, І хапаў іх дуб дарогай, І бяроза веццем біла, Каб ні вішня, ні малінка На чужбінку не хадзіла..."
Ну... родны кут... Няхай сабе ў закутку... Ды Хведар тут... Карэнчыха і Ютка... Баруны і Каруны... Валуны...
Пчала ўжо проста рве маё цярпенне: "Паўсюль хапае гор, дубоў, камення!.."
Ды ну яе... лятучае стварэнне...
Душа мая - не трэскі, а карэнне, Душа мая і ёсць - адны яны.
Я не патрушчу іх і не парэжу - І праз усе, што ёсць, зямные межы, Як плыў малы, так праплыву стары На Юткавай - пад самы Месяц - вежы, На караблі Літвінавай гары.
Ой ты злая даль-чужына, Адпусці жураўку-сына. Як пачую ў небе звон, Так гадаю: а ці ён?..
А сама не ўчую сына, Дык учуе кроў-рабіна. Я рабіну заламаю, У печ кіну запалаю.
Як вада з яе пальецца, Дык прыцісну сына к сэрцу. Як з яе пальецца кроў - Не чакаць мне журавоў.
Дні за днямі, з году ў год Круціць маці калаўрот І глядзіць усё ў акно: Не відаць мяне даўно.
Круціцца верацяно...
Я ўжо сеў на дзедаў вулей - Што ж не бачыш ты, матуля?.. У кашы рабіны поўна - А ў душы не ўчула Воўку?..
Толькі прала ды спявала - Во якое ў чмеля джала!..
Вокны ў хаце ветрам біты... "Ты, дзіравае карыта, Ты, старая чапяла, З кім гуляла? З кім хадзіла? Сына ты сама радзіла, Ці Айчына нарадзіла, Ці лятучая пчала?..
Ці дрыготкае святло? Ці дубовае дупло? Дзе гуляла?.. З кім была?!."
Маці аж аслупенела, Стала млява, стала бела, Зварухнуцца не магла.
"Ах ты чмелю!.." -стала маці Мяне з хаты выганяці, А душа чмяля ўзляцела На яе калена бела, З белага яе калена На фальбону пад сукенку, Скочыла вышэй на пояс, З пояса на белы грудзі, А з грудзей на падбародак, З падбародку ўжо на губы, З губ у рот яна слізнула І да лона паляцела, Дзе маё блукала цела У глыбі радовых вод...
"Ах!.." - схапіцца не паспела За сцяну, куснуўшы рот, Маці - і ў кутку абсела, Дзе круціўся калаўрот...
І пачаў я ў лоне маці Маці біці, грукатаці Па пячонцы, селязёнцы: "Нарадзі ты, маці, Сонца!.."
Ой як маці з болю ўзвыла, Як ваўчыца вые ў сцюжу: "Я бы Сонца нарадзіла, Ды няма такога мужа..."