Круціўся калаўрот з верацяном...
Пчалы не стала. Проста не было.
Плыло адно дрыготкае святло...
Сляды агню... Бы ў возеры тым плямы...
З якой цяпер яе мне выгнаць ямы,
Як сіга сіняга... як шчупака... пяструшку?..
Дзе - яма?
У паветры?.. У вадзе?..
І голас са святла сказаў: "Нідзе..." -
Так мякка лёг пад вуха, як падушка.
"Я ўсюды, сынку. Як усюды Бог".
"З пчалой я гаварыць хачу!.."
"Ну добра..."
"Кацілася торба
З высокага горба,
А ў той торбе соль, пшаніца
Ды пчаліца-жартаўніца..."
"Пара па Сонца... Ноч у Калявале".
"Даруй, пчала, што я ў такой навале
Амаль нічым дапамагчы не змог".
"Бо думаў пра сябе. Больш ні пра кога".
"Няпраўда!"
"Праўда... Дый няма нічога
У нас, пустых, апроч сябе саміх".
"Чаму пустых?.."
"Бо толькі з нас пустых
І можна чыста-чыста скласці Бога.
Як дзеці - казку... Вяйнямёйнен - спеў...
З чаго яны?.. Я думала: саспеў
Ты да таго, каб гэта зразумець..."
"Але ж не смерць?.."
"І чыста-чыста - смерць".
І з Дуба працяклі агонь і дым...
І я пустым застаўся.
І адным.
"Вецер коціцца па полі -
У зямлі шукае долі.
Доля рвецца з цёмных нетраў
І сябе шукае ў ветры.
Вецер. Поле. Доля. Дым -
Скрозь пустое
у пустым.
Ты ў жыцці сваім зямным
Возьмеш толькі ў дыме дым.
Тое возьмеш ты ў агні,
Што сякера ў камяні".
Што аддасць сякеры камень?..
Нас кідаюць, мы кідаем -
Так і гэтак наліваем,
Мы інакш не ўмеем як,
Мы інакш ніяк не ўмем...
Я да ведзьмы - чмель, бядак...
Тут якраз Лявон з Ляксеем:
- Во!.. Здароў!.. А дзе ты быў?
Што на Месяцы рабіў?..
- Што рабіў?.. На Месяц лётаў!
- Амстранг... - Аляксея ўпотай
Душыць зайздрасці змяя...
Чалавек... Такі ж, як я...
Селі разам, без работы...
У Карэнчыхі пад плотам -
Самагонны родны кут...
Яно й добра... Ну, што ўпотай...
Каб адкрыта - пяць мінут
Ёй на ўсіх хапіла б тут,
Той змяі...
На граблі-вілы
Самагонка падымала!..
Першая, што воўк, не збіла...
Што мядзведзь - не разарвала...
Але ж ёсць нячыста сіла,
Што малойца ўпалявала,
Самагонны дух святы,
Што за душу - і ў кусты...
Ані хаты. Ні граша.
Голы, голая душа.
Ведзьма ўпотай шчыравала,
Дзеўка гола заскакала, -
Дык гары, што не прапала,
Што было, як не было:
Грошы! Вошы! Лёс! Жытло!..
А маё жытло - дупло,
Дзе дрыготкае святло.
Вось што ў лёсе, можа быць,
Не прап'ецца, не згарыць.
Дык яно і не згарэла...
Бо няма ў святле тым
цела,
Бо з дупла
адна душа
Льецца, як вада з каша...
Не туляецца пад плотам,
Дзе шчыруе ведзьма ўпотай -
А да неба, а да Сонца,
А да Бога ў свет бясконцы!..
У Святгор'і, на высокіх могілках,
У буянні руты і гарквы,
У зямлі змаганай ды нязможанай
Дзед з бабуляй - вочы да царквы.
Іх жыццё падманамі і звадамі
Праплыло, як месяц па вадзе...
І ляжаць Іван з Алімпіядаю.
Дзе іх душы?.. Невядома, дзе.
У хмурынках тых вунь?.. У тумане?..
На губе крывінку прыкушу.
Як твая душа, мой дзед Іване?
Ці знайшла Алімпіну душу?
Не збалела?.. Крылы не намуліла
Над царквой маўкліваю кружыць?..
Вымытай хусцінкаю бабулінай
Аблачынка сохне на крыжы.
Маці ў воблаку палошча,
Як у Алуэ ці ў Прошчы,
З вышыванкай ручнікі...
Бог пытае:
"Хто такі?.."
Маці кажа:
"Ды жураўку..."
Кліча хітры Бог Маланку:
"Хто такі?" - яе пытае.
"Ды жураўку..." - кажа тая.
І абедзьве запяваюць,
Як адна адную знаюць:
"Ой жураўку, жураўку,
Чаго крычыш на ранку?.."
Ды хіба падманеш Бога?
Ён да Кайсы:
"Ты такога
Ведаеш? З тваіх зямель?.."