Голкай зноўку сэрца мецяць!
- Хто забойца?.. Дзе жыве?.
Анікога...
Востры месяц
Шые воблакі,
Плыве.
- Дзе забойца?.. Што за ліха!..
Ні гу-гу. Маўчаць усе...
Вар'яцею ціха-ціха.
Так, як трэба. Пакрысе.
***
Завея... Снегавыя дзюны...
Паўночны кут.
Калі я недзе жыць не думаў -
Дык гэта тут.
Куды мяне занеслі чэрці
Ад крэўскіх брам?
Калі і думаў я памерці -
Дык гэта там.
Спачну, адолеўшы адлегласць,
У тым куце...
Завея легла пад адлегу -
І не мяце.
Схаваю ў злепленую ўсмешку
Адчай, нуду.
Зляплю і кіну ў мора снежку -
Ваду ў ваду.
5 САКАВІКА
Гуд зялёны, гуд вясновы,
Калі трэскаюць аковы
Рэк - і снег з палёў спаўзае...
Хто, як час праб'е суровы,
Гэты гуд за нас пазнае?
Застанецца ў гэтым гудзе
Наша памяць пра спатканне -
І калі мяне не будзе,
І калі цябе не стане.
***
Я люблю твае вочы
У ночы,
У начы,
Дзе вачэй не відно,
Дзе схаваны твой голас сірочы:
"Я адна.
Ты адзін.
Мы адно".
***
Усё, што ўбірае пагляд,
Напрамку не мае:
Сад-Верасень... Дым-Лістапад...
І дым застаецца, і сад -
Пагляд прападае.
Знікае.
Душу ледзяніць
Над дымам, над садам...
І вецер сустрэчна глядзіць
Тым самым паглядам.
***
Знаю: любая дарога вядзе ў бездарожжа,
Ды прамінаю агні і паўстанкаў, і станцый...
Толькі таму, хто нідзе заставацца не можа,
Лёс дазваляе
аднойчы
дзе-небудзь
застацца.
УСПАМІН ПРА БЕЛАРУСЬ НАД МАГІЛАЙ МАРЫНГЕЙМА
Геній Купалы і Коласа геній
Дзякуй, што даў нам... Але заклінаю:
Госпадзі! Сіла твая незямная!
Дай ты нам хоць аднаго Марынгейма!..
Хай у чатыры бакі пастраляе.
***
Гародня сустрэне журбой,
Забытым, аджаленым жалем.
Давай пастаім пад гарой -
Папалім.
Учуем, як вецер шуміць,
Як, што адбалела, баліць, -
Ды позна, не трэба!..
Глядзі: вунь жураўка ляціць -
Адзін праз высокае неба...
***
Нервова накіну кашнэ
/Французскае нешта/.
- Ты прыйдзеш яшчэ да мяне?
- Канешне.
Глядзіць, як русалка ў ваду.
- Сагрэць яшчэ чаю?
Я ведаю, што не прыду.
Яна адчувае.
Паводле законаў гульні,
Абняўшы за плечы,
Пакорліва кажа: "Звані.
Пакуль. Да сустрэчы".
З двара азірнуся ў акно -
Рукой памахае...
За ёй тэлевізар міргае,
Французскае кажа кіно.
***
Чакаць
гэтых дзесяць хвілін
Няведама колькі! З нізін
Падняцца паспеюць туманы
На вішні, на бэз, на язьмін -
Насыпала іх, нечаканых,
Запозненых дзесяць хвілін!..
Ды во ты мільгнула ў вагоне,
І во мы бяжым па пероне,
Мілуемся, - дзесяць хвілін
Наперадзе!..
Ззаду ўсё тоне:
і вішні...
і бэз...
і язьмін...
***
Усё, што праносіцца міма,
Са скрухі, з адчаю
Ужо адчуваць немагчыма -
І ўсё ж адчуваю.
Бамжу наліваю ў буфеце,
Ён сочыць: а колькі?..
Дзівосныя людзі на свеце -
А толку?..
Хрэн з імі. "Падай ты нам, Дуся,
Халоднага піва..."
Што сам сабе дзіву даюся -
Адзінае дзіва.
П'ЯНКА
У пакоі, замглёным ад дыму,
Непрытомным амаль ад віна,
Трое
поўныя шклянкі падымуць
І налітае вып'юць да дна.