Выбрать главу
- А не хочаш, Вова, дулю З мёдам? - Кайса запытала Дальнім голасам матулі - І пчалою зноў прапала.
І далей святло казала... вецер... бітае акно... "Ты й навучыны не мала - І навукі не відно.
Помніш, як шукаў тры словы У таемнай Боскай спраце Для выспеваў, для закляцця - Што не ссохнуць і не змокнуць, Што ў любой бядзе памогуць, Што злавіць памогуць сонца, Вяйнямёйнен-песнятворца?
Ён шукаў выспевы-словы У мазгах рачных касатак, У галовах лебядзіных, У лапатках у гусіных, У малой вавёркі ў роце, Пашчы летняга аленя.
І набіў ён шмат касатак, Лебядзяў набіў чароды, Процьму ён здабыў вавёрак, Табуны злавіў аленяў, І да Віпунена пашчы, Песняра заклёнаў-словаў, Па канцах іголак тонкіх, Па наточаных сякерах, Вастрыях мячоў сталёвых Ён прабраўся - і маланкай Ссек з яго плячэй асіну, І са скроні ссек бярозу, Вольхі высек з падбародку, З барады лазняк пахілы, З лобу елку векавую, Ссек з зубоў ён бор сосновы І калом расціснуў зубы, Каб сказаў, узвыўшы з болю, Віпунен, пясняр заклёнаў, Для выспеваў тыя словы, Што зратуюць у няшчасці, У любой бядзе памогуць, І злавіць памогуць Сонца..."
Голас сціх...
"Далей ты помніш?.. - Залатое верацёнца, Пчолка тут як тут якраз. - Пра агонь? Пра дым? Пра бруха?.. А калі ўжо, бляха муха, Над табой і ў трэці раз Праплыве ўсё - дым над полем, Дык тады змагайся з доляй, Як захочаш. Кайса - пас".
І на ложы траў гаючых Укусіла так балюча, Як ізноў пад дых дала - І трава не памагла...
І калі я ўзвыў ад болю, Голас зноў - далей і болей...
"А калі пайшоў па долю Самы лепшы Леммінкяйнен, І здабыў ён лёс - Гардэчу, Волю закілзаў - Нязлоўцу, І злавіў бы долю-Сонца, Ды пастух у мокрай шапцы, Дзед сляпы з краіны Маны, Падсцярог яго дарогу, Перапоўз яе змяёю, Вадзяной прабіў гадзюкай, Найатрутнай, яму сэрца, Потым сек яго сякерай, Насадзіўшы востры месяц На павалены маланкай Дуб стотысячнагадовы, І ляцелі, быццам трэскі, Па зямлі далёка косці, А скрываўленае мяса На сякеру наліпала..."
"Пакажы... - пчала кусала, - Твае раны, твае шнары Па навале, па пажары!.. Дзе яны ў таго героя, Што схаваўся за гарою?.."
Зараслі...
Ды пад карою Сокам-сочацца-крывёю Так пякуча, што не спаці, Так балюча - не ўтрываці...
Стала маці ратаваці: "Хлопчык мой, - казала маці, - Пратрывайся, хоць балюча, Праз сябе, праз кроў, праз жылы, Ты ў мяне такі трывучы, Ты ў мяне такі цярплівы..."
"Ну... як дуб..." - куснула Кайса.
"А ты, пчолка, не чапляйся... Як лятаеш, так лятай Вакол Дубу зелянога, Як збіраеш, так збірай, З яго мёду залатога, Як кахаеш, так кахай, І не выдумляй - што Бога..."
От уела дык уела! Дзякуй, маці... Палягчэла. А то ўсё зы-зы, жы-жы... І фарсіць, што з-за мяжы.
Маці ўраз зламала джала!.. Пчолка села, крыльцы склала, Стала раны цалаваці...
І заклёны-словы маці Стала ціха выспяваці:
"Як парве трыванне душу, Як пачнеш каменне трушчыць, Дык вазьмі ты ў камяні, Што жалеза і ў агні, І ў вадзе бярэ адразу, Каб цвярдзейшым стаць за сталь..."
"Ці амаль! амаль! амаль!" - Кайса зноў кусаць! Зараза, Закавай цябе каваль!..
А пчала - у высь, у неба... Ёй сталёвыя не трэба Песнятворцы-кавалі...
Ільмарынен з-пад зямлі Грукнуў молатам...
"Паслухай!.." - Кайса з неба, Бляха-муха...