Выбрать главу
Бачу: джала! І змяі ў яе язык! -
Не піла б я тое мора, Хай бы ў ім тапіўся крык Тых, хто кінуў цябе ў горы!
І агонь бы той не ела, Хай бы ў ім душа гарэла Тых, хто на цябе грашыў!
А калі б Гасподзь рашыў, Каб я Дубам вечным стала, Я б на ім раскрыжавала Тых, хто ў сыне задушыў Прагу помсты, спеў адплаты!.."
І агонь з падземнай хаты, З коміна Святой гары, Што вулканам стала раптам, Джала ўзняў! - змяёю, лавай: Я направа - ён направа, Я налева - ён налева, Быццам Кася, каралева Лепшага на свеце места, Не чмялёвая нявеста, З сумкай вогненнай за мной, За чмялінай галавой, Я з гары - ён пад гарой, Я ў двары - і ён дварамі, Іскранымі тапарамі У бяссонечнай начы Лазні, пуні секучы, Свіраны, хлявы, адрыны!.. Што за гнеў Гасподзь абрынуў Са сваіх падземных спрат?!. Пяць хвілін - і ўсё! Ні хат, Ні двароў! - і да сінечы Распалёныя цвікі, Ды задымленыя печы - Сіраціны-жураўкі.
"Прыляцелі, селі-селі, Ці пілі вы, ці вы елі?.."
Святагор'е да Смаргонь Зжэр нянавісці агонь, Што таіўся пад зямлёй...
Той, што ў маці ўпоўз змяёй.
Маці села на маю Правую сядзець руку: "Выцягні з мяне змяю,
Мой жураўку-жураўку".
Я абняў сыру зямлю, Стаў цягнуць з яе змяю - Левай не магу рукой Выцягнуць змяі такой.
Села маці на маю Левую сядзець руку: "Выцягні з мяне змяю, Мой жураўку-жураўку".
Я абняў сыру зямлю, Стаў цягнуць з яе змяю - Правай не магу рукой Выцягнуць змяі такой.
Маці я падняў маю, Кінуў у сыру зямлю. Я падняў на плечы печ- Кінуў маці ў горла з плеч.
"На ты, маці, падавіся, Ты змяёю пакруціся!"
Пачала круціцца маці, Дымам рваці, сажай рваці. І праз комін у зямлю Вырвала з яе змяю.
Быць перастала чорнаю змяёй - І ўстала маці белаю царквой, І, як царква, гукнулася здаля, Звысоку, скуль гара - пустыя схілы...
Як азірнуццца - голая зямля. Як углядзеццца - попел ды магілы.
Селі мы ў царкве на печы І сядзім - адны на свеце. А ці раніца? Ці вечар? Цёмна. Пуста. Дым ды вецер.
Што рабіць, з чаго пачаць, Як нічога не відаць? І які пасеяць лён, Каб без сонца вырас ён?
Во загадка-загадайка, Што пра курыцу ды яйка - Галава адно баліць...
Ад няма чаго рабіць Стаў я ў дым і вецер выць: "Выспевай ты, Вяйнямёйнен..." Маці ў карак: "Сціхні, Воўка!.."
Злезла з печы і сказала: "Ты й навучаны нямала - І навукі ніякой. Не такі ўжо голас твой... Трэба разам... Талакой".
"Во, наладзіць зараз хор", - Я падумаў. Маці ў двор Да суседкі Стапуліхі, Там пазычыла грачыхі, У Былінскіх памяняла Грэчкі пуд на лусту сала, З салам збегала ў Ваўкі, Памяняла на цвікі, А цвікі занесла ў Клышкі, Памяняла іх на кніжкі І прынесла: "На чытай. І не вый, не замінай..."
Падала да кніжак чаю - Я ляжу сабе... Чытаю...
Верны вешчы Вяйнямёйнен Стаў на кантэле іграці Так, што слёзы з Каве-маці Пакаціліся крыштальна - Слёзы шчасця... Іх сабрала Залатая ў моры вуця, Склала ўсе ў жытло-гняздзечка, Выседзела шчасцянятак, І яны з калена Каве Узляцеліся па свеце...
Струн пачуўшы пералівы, Ты заплакаў?.. Ты шчаслівы. У тваё гняздзечка-хатку Прыляцела шчасцянятка.
Я сеў на печы, звесіў ногі з неба, З якога Бог мяшком мяне прагнаў... Пра тое думаць стаў, пра што не трэба, Што за жыццё мяшкамі нацягаў.
Пыл у мяшкі збіраў, а думаў - шчасце... На свеце тым - мяшок не развязаць. Заставіў хату - яблыку не ўпасці. Завесіў вокны - яблынь не відаць.