Выбрать главу
І што мяне купляла?.. Рабавала... Пяць кос тупых ды шэсць зламаных віл? Ну то і добра, што ў агні спалала. Не засціць свет і не збірае пыл.
Кайса, вуця залатая, Шчасцянятка залатое, Запыталася б ты ў Бога, У якога ўсяго многа, Можа, мае Божа тое, Ну, не надта дарагое, Для маёй гаротнай маці, Каб заплакала ад шчасця?..
Кніжка - вуцяй з рук!.. За ёю Паляцеў сторч галавою Я, зусім без галавы, У кацёл чарны-травы, Дзе варыўся ўжо бурліва Самагон для талакі...
Маці крыкнула жахліва! Потым бачыць: я жывы, Хоць і трохі не такі - І заплакала шчасліва...
А я жыў у маці ў хаце, Біў па ўсім, што ў ёй было: "Што зварыў, кацёл твой, маці, Чорнае тваё дупло!.."
А цяпер - пра што пытаці? Позна плакаць-гараваці, Воўкам, ветрам завываці: "Ты адна, мая ты маці, І Айчына, і святло..."
А маці шкадаваць: "Не плач... бывае... Я ж не крыўдую... дый не ў навіну, Што маці б'юць і тузаюць... струну Не закрані - яна не заспявае..."
"Як Бог, ты, маці, хітрая такая..."
"Так не кажы... Бо маем мы ад Бога Адразу ўсё з нябеснага каша... Вунь дзіцянятку з целейка малога Яшчэ расці... а ўся ўжо ў ім душа.
Усё - любоў... тут хітрага нічога..."
"Але ж пяе па-рознаму струна..." "Як любіш ты пчалу - яна для Бога Спявае... ненавідзіш - дык яна..."
- Для мухі-прасвістухі! - мне пчала У кацялок, у макаўку ўпякла! - Палёг на печы! Труцень! Абібок! - І два разы яшчэ! У кожны бок! -
Развесіў сліні, нюні: родны край... А ты яго не горлам праспявай, А ты яго - рукамі! Ты - гарбом! Каб у ваконца сонца ў кожны дом!..
Я да маці шкадавацца, Каб дала пчале калодай!..
Але даў мне Божа маці: Можа толькі забівацца - І не можа забіваці. Чмеля, крумкача, удода...
Ні казурку ні малу - Ані муху, ні пчалу. Ані восу касавосу, Ні стракозу сінякосу.
Ані злыдня-авадня, Што куснуў-пагнаў каня Ашалелага - праз лёс...
Маці, горкая ад слёз, Збіты лоб цалуе мой, Авадня кляне кляцьбой.
"Ах ты, злыдзень-авадзень, Злая конская кусачка, А бадай бы, авадзень, На цябе напала срачка!.."
Накусаўся - і праз дзень Абдрыстаўся авадзень.
Я да маці ратавацца, Каб дала пчале калодай!..
Маці Кайсе патакае: "Гэта ж трэба ў свет сабрацца Па святло, любоў, свабоду, Сто разоў лятаць на неба, Хоць усе, што пчолцы трэба - Роўненька, што пчолка мае: Кропля сонца, кропля мёду".
Нават гэта маці знае...
З усіх двароў, з найдальніх хутароў Па спаленым да попелу Святгор'і Пайшоў народ, каб разам быць у горы, І гнаў, што меў: авечак, бараноў, Быкоў, кароў і цельных, і няцельных, І кожны на сабе нёс крыж нацельны, І нёс імя, і з ім - усё, што меў, Што прыхаваць, што зратаваць паспеў, Хто нітку, хто іголку, хто адно, Што стала залатым, верацяно, Што нейкім цудам у агні ўцалела - І тым, што меў, народ складаўся ўцэла...
З таго, што меў, на Святгары народ Сабраў адзін чароўны калаўрот, Як Ільмарынен млын скаваў чароўны З пяра лябёдкі, малака і воўны, -
І, як народ, падраты і пабіты, Стаў скручваць калаўрот жывыя ніты, Мацнейшыя за жылы і драты, З жывой душы - пяючай пустаты...
І ўзвіўся над Святгор'ем вольны вецер, І ў неба ўскінуў залатыя сеці.
Праз імглу, праз ноч, праз вецер Ставяць сеці, цягнуць сеці Мужыкі, жанкі і дзеці - Да крывавых мазалёў! Вось што значыць Жыць у свеце, Дзе агонь - душа. Любоў.
Да жанчыны, да Айчыны, Што на цёмнай старане, Да, няхай чмяля, мяне.
"Палюбіў агонь лучыну..." - Прашаптала Кайса ў сне...
Ой ты Кайса мая Бася - Мая хеўра... Маці... Стася...