Выбрать главу

Вярнуўся з палону красавіцкім днём дваццаць першага года. Знясілены, зняможаны — ледзь душа ў целе трымалася. Аднак на тое, каб акрыяць, даў сабе мала часу. Неўзабаве зноў сустракалі яго сябры ў аўдыторыях акадэміі…

Тады ўжо разам з усімі ён і з двухпудовікамі займаўся, і бегаў, і скакаў… А раптам зноў давядзецца сігаць у Пінскіх балотах цераз «чортава вока»?

Не, гэтага яму больш не давялося.

А служыў ён пасля ў Беларусі яшчэ двойчы: у сярэдзіне двадцатых, а таксама трыдцатых гадоў. Тут і сустрэў сваю Надзюшу, пышнавалосую прыгожую дачку віцебскага архітэктара Васіля Вікулава, тут у трыццаць сёмым годзе камуністы рэспубліканскай партыйнай арганізацыі аказалі яму вялікі гонар — выбралі членам Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі.

Тады, у трыццаць сёмым, ён камандаваў пятым стралковым корпусам Беларўскай ваеннай акругі.

У тым годзе праводзілі манеўры войск акругі. Пяты корпус дзейнічаў на баку «чырвоных», якія ад Бабруйска наступалі на Жлобін і Рагачоў. «Сінія» займалі абарону па левым беразе Дняпра. Корпус фарсіраваў рэкі Друць і Дняпро на поўнач ад Рагачова. На манеўрах прысутнічалі ваенныя назіральнікі з-за мяжы. Сярод іх Пятроўскі бачыў двух генералаў германскай арміі. Гледзячы, як чырвонаармейцы пераадольвалі водныя рубяжы, немцы ўзбуджана перашэптваліся, шматзначна пераглядваліся. Леаніду Рыгоравічу запомніліся іхнія твары, стройныя, падцягнутыя постаці, ветлівасць і далікатнасць у абыходжанні, за якімі адчувалася насцярожанасць і прытоеная варожасць. Асабліва ў маладзейшага — хударлявага, у пенснэ.

А цяпер?..

3 неба даляцеў цяжкі, цягучы, як смала, гул. Ён узмацняўся і нібы накрываў сабою наваколле, спрасоўваў, прыціскаў да зямлі паветра. Пятроўскі ўзняў галаву. Высока роўным строем ляцелі «юнкерсы». Аж тры эскадрыллі! На Гомель. Колькі ж у іх чэравах бомбаў!.. «Юнкерсаў» суправаджалі вёрткія «месершміты». Захлопалі зеніткі. Вакол самалётаў сталі ўспыхваць белыя воблачкі — разрываліся снарады. Воблачкі ўсеялі неба, але ні адзін самалёт не задыміў, не рухнуў на зямлю. Гул іхні стаў цішэць, яны аддаляліся сваім непарушным строем.

У Пятроўскага было такое адчуванне, быццам яго хто пляснуў па твары. «Ці нашай авіяцыі толькі для парадаў хапала?..»

Добра запомнілася яму надрукаваная ў «Правде» справаздача з сёлетняга першамайскага парада.

«У той час, як перад трыбунамі праходзілі шматлікія танкавыя злучэнні, над Краснай плошчай паявілася авіяцыя. Гэта была цудоўная дэманстрацыя ўзаемадзеяння наземных і паветраных сіл Чырвонай Арміі. Самалёты ідуць у два ярусы. Хуткасныя бамбардзіроўшчыкі ідуць эскадрыллямі і звеннямі. За бамбардзіроўшчыкамі следам — хуткасныя знішчальнікі. Усеагульную ўвагу прыцягваюць хуткасныя бамбардзіроўшчыкі новай канструкцыі. Хуткасць гэтых машын перавышае ўсё бачанае дагэтуль на Краснай плошчы. Заключным акордам паветранага параду быў палёт пікіруючых хуткасных бамбардзіроўшчыкаў…»

Камкор доўга моўчкі разглядваў пазіцыі немцаў, стараючыся падавіць у сабе балючую крыўду і гнеў. А ў галаву лезлі іншыя цяжкія думкі.

Якія бываюць недарэчныя і прыкрыя парадоксы жыцця!.. У незабыўным васемнаццатым, калі лёс маладой краіны вісеў на валаску, бацька яго ў складзе савецкай дэлегацыі вымушаны быў падпісаць з немцамі ганебны кабальны Брэсцкі мір, каб маладая савецкая рэспубліка змагла стаць на ногі і выкаваць сваю абараназдольнасць. Яны ж з таго часу ўзгадавалі фашысцкую дыктатуру, стварылі новую ваенную машыну бандыцкіх захопаў і экспансій. Зараз яны, як «чырвоныя» супраць «сініх» у тых манеўрах чырвонаармейскіх злучэнняў, прымяняюць тактыку, заснаваную на тэорыі глыбокага бою — актыўнае ўзаемадзеянне артылерыі, танкаў, авіяцыі. I як прымяняюць!.. Ды, можа, і той, у пенснэ, цяпер на другім беразе таксама стаіць у акопе і пазірае ў бінокль. Сюды…

— Разведчыкі не дакладвалі, Мікалай Андрэевіч, нічога не заўважылі яны за той вышынёй, што справа? — спытаў Пятроўскі ў Прышчэпы, не адрываючыся ад бінокля.

— Не дакладвалі, Леанід Рыгоравіч.

— Сачы за ёй. Бачыш, якая прыдатная яна для гаўбіц? Адтуль гаўбіцы могуць усе твае пазіцыі абстрэльваць.

Камкор даў яшчэ некалькі парад камандзіру дывізіі. Яны абмяняліся думкамі, як з улікам мясцовасці і размяшчэння сіл праціўніка мэтазгодней было б перагрупаваць часці і падраздзяленні на выпадак наступлення.

Затым накіраваліся на пярэдні край. Па хадах зносін пераходзілі з траншэі ў траншэю. Пятроўскі гутарыў з чырвонаармейцамі і камандзірамі, высвятляў, як арганізавана абарона, калі б немцы зараз рушылі ў наступленне…

Але найбольш яго цікавіў настрой, маральны дух байцоў. Не сакрэт, пасля такіх вялікіх няўдач Чырвонай Арміі многіх ахапіла разгубленасць, розныя сумненні, сярод духоўна слабых, маральна няўстойлівых людзей сталі праяўляцца баязлівасць і шкурніцтва… Пятроўскі не пытаў у тых, з кім размаўляў, пра настрой, ён чуў яго ў інтанацыі галасоў, узбуджаных і глухавата-стрыманых, бачыў у вачах, трывожна-бліскучых і маркотна-задумлівых, улаўліваў у выразах твараў, суровых і напружана-жорсткіх. Ён бачыў субяседнікаў у непасрэдным выяўленні сваіх пачуццяў, і гутаркі з імі былі яму не менш дарагія і патрэбныя, чым данясенні і паведамленні, даклады і рапарты.