Палкоўнік Прышчэпа разумеў клопат камкора, у гаворку не ўмешваўся, не перашкаджаў яму. Толькі калі ўжо яны накіроўваліся на камандны пункт дывізіі, жорстка сказаў:
— Сёння на досвітку адзін баец спрабаваў пераправіцца цераз раку да непрыяцеля. Яму перашкодзіла куля яго таварыша. У штаб корпуса я паслаў данясенне аб гэтым.
Пятроўскі скрушліва прагаварыў:
— Куля таварыша… Якая крыўдная і балючая рэальнасць…
Першыя дні баёў корпуса паказалі моцныя і слабыя бакі ў баяздольнасці кожнай часці і падраздзялення. Паўстала неабходнасць абмяняцца пра гэта думкамі з камандзірамі і байцамі. Лаканічна, па-вайсковаму сцісла. Так, і з байцамі.
Пятроўскі разумеў: у атмасферы непадробнай натуральнасці ўзаемаадносін і душэўнай лучнасці людзі выкладуць тое, што ў іншых умовах яны, можа, і не сказалі б адкрыта.
А яшчэ ён ведаў, што якім бы ні быў таленавіты камандзір, ён ніколі не заменіць калектыўны розум шчырых разважлівых аднадумцаў. Баец, калі яго не абмяжоўвае ўсведамленне падначаленасці, калі ён адчувае сябе раскавана, можа выказаць вельмі карысныя ў вайсковай справе, па-жыццёваму мудрыя заўвагі і парады.
Пад вечар камкор зноў прыехаў у шэсцьдзесят першую дывізію.
На невялікай паляне, якую абступілі выносістыя сосны і разлапістыя елкі, сабраліся байцы і камандзіры батальёна Сцяпанішчава. Сядзелі на траве. Пятроўскі і Прышчэпа выйшлі з-за ялін, за якімі праходзіла лясная дарога. Сцяпг нішчаў падаў каманду:
— Устаць!
Пятроўскі махнуў рукой: сядзіце. Падышлі. Ён прывітаўся з камандзірам батальёна за руку, усміхнуўся яму як даўняму сябру, з якім нецярпліва чакаў сустрэчы. «Прыгожы хлопец» — мільганула ў яго думка. Пазіраў на дробны, з завостраным носам твар і не падумаў, што дзяўчаты, мусіць, гэтага не сказалі б.
Камкор зрабіў кароткую інфармацыю пра абстаноўку на ўчастку корпуса. Падкрэсліў, што ў франтавой сітуацыі надзвычай важна — трымацца свядомай воінскай дысцыпліны. Менавіта такой, якая павінна грунтавацца на двух арганічна звязаных, узаемаабумоўленых прынцыпах: патрабаванне камандзіра каб засноўвалася толькі на аб’ектыўнай неабходнасці і справядлівасці адносін да падначаленага (не тое што — загадаў, і ўсё тут), а падначалены каб унутрана ўсведамляў гэту неабходнасць і цалкам падзяляў яе… Гаварыў ён без камандзірскага націску, які тут быў не патрэбны, выказваў свае думкі з верай ва ўзаемаразуменне і давер’е.
Калі думкамі абменьваліся камандзіры і байцы, ён як і ўсе астатнія, сядзеў на траве. Склаў ногі ў клетку, кулакі на калені ды так і не мяняў позы. Толькі зрэдку паварушваў плячамі, нібы папраўляў на спіне якую нябачную ношу. На кожнага пазіраў так, быццам пытаў вачамі: усё сказаў?..
Гаварылі хто як умеў, адно ўсведамляючы, што словы не на вецер пускалі.
Нізкі, таўставаты чырвонаармеец расказваў, што ў баі загінуў іхні лейтэнант і камандаванне ўзводам узяў на сябе сяржант. Узвод імкліва прасоўваўся наперад. Да хмызняковай грывы на выгіне Дняпра, куды ён кіраваўся, было рукой падаць. Але раптам сяржант загадаў павярнуць і рушыць на ўзгорак, які заставаўся справа. Чаму? 3 узгорка рэзаў кулямёт па суседнім узводзе, і той залёг. Сяржант змікіціў: нельга адным вырывацца далёка наперад — адсякуць, знішчаць. Удару збоку немцы на ўзгорку не чакалі. Пабеглі. Тады сяржант зноў павёў узвод на хмызняковую грыву. Вось якая была тая сяржанцкая тактыка.
Камкор пазіраў на чырвонаармейца і думаў: «Добра вядомае ўсім святое правіла: дапамажы суседу. А ці заўсёды мы пільнуемся яго?.. Трэба выдаць загад аб цесным флангавым узаемадзеянні часцей і падраздзяленняў. Іменна — флангавым».
Сустрэча ўсцешыла Пятроўскага. Галоўнае, што ён вынес з яе — не проста розумам, а душою глыбей пранікся верай у сваіх падначаленых… Пра гэта ён сказаў палкоўніку Прышчэпу, калі яны пакідалі паляну.
— А той таўстунок!.. «Такая вось была яна — сяржанцкая тактыка…» Звярнуў увагу?
Прышчэпа ўсміхнуўся:
— Я гэтага чырвонаармейца ведаю. Вясёлы хлопец, з ім не засумуеш.