Выбрать главу

Камкор дапытліва паглядзеў на палкоўніка: раскажы, паслухаю.

— Быў я ўчора на перадавой,— не перастаючы ўсміхацца, пачаў Прышчэпа.— Ідзём з камандзірам палка па траншэях, зводдаль пачулі: такі рогат за заломам, напэўна, аж за Дняпро да немцаў далятае. Падышлі бліжэй і спыніліся. Там на колькі секунд ціха стала. Потым чуем: «А то яшчэ было зімою. Сабраўся мой бацька да суседа ў госці. Толькі выйшаў на вуліцу, як на яго — сабакі. Адзін другі, трэці… Выскокваюць з двароў, як ашалелыя, поўсцы на хрыбцінах тырчком, вочы гараць… I свой, Сігнал, таксама. Той — дык яшчэ зласнейшы за ўсіх. Росту таго — ну шчанюк, а падскоквае, зубамі клацае, усё роўна як да гарлянкі рвецца дапасці. Бацька: «Сігнал, Сігнал, ты што?» — дзе там!.. Ледзь ускочыў у сенцы да суседа. Але выжла адна ўсё ж цапнула яго за палавінку. У сенцах ён адсопся крыху, ачомаўся і толькі тады сцяміў: гэта ж сабакі яго за ваўка прынялі. Ён надзеў святочную шапку, а яна была з воўчага футра…» Рогат грымнуў — быццам саракапятка стрэліла. Мы выходзім з-за залома — сяржант рапарт аддаваць, я а пытаю: «Не, што далей было?» Гэты знаёмы наш — крок наперад, руку да казырка: «Бацька шапку суседу падарыў…»

Весела пазіраючы на Прышчэпу, Пятроўскі бліснуў белымі зубамі. Калі ён усміхаўся, зубы ўспыхвалі чыстым бляскам. Леанід Рыгоравіч разумеў: палкоўнік наўмысна расказаў яму гэту вясёлую небыліцу. Добры, шчыры Мікалай Андрэевіч хацеў развесяліць яго, хоць на колькі хвілін пазбавіць неадступных цяжкіх дум пра вайну. Усміхаючыся, Пятроўскі спытаў:

— Як яго прозвішча?

Прышчэпа не стаў перапытваць чыё, адказаў:

— Хадарэнка.— I ўважліва паглядзеў у прыгожы ўсмешлівы твар.

Разумныя, ласкавыя вочы камкора пацямнелі — у іх адбіліся одум і сум. «Што, шчыры, добры чалавек, наканавала табе вайна…»

V

«Камандаванне праціўніка дзейнічае энергічна і ўмела. Праціўнік б’ецца бязлітасна і фанатычна».

(3 дзённіка начальніка генеральнага штаба сухапутных войск Германіі генерала Гальдэра, 11 ліпеня 1941 года).

«Немцы з дня на дзень паўтараюць, што вайна на ўсходнім фронце развіваецца згодна з выпрацаваным планам. Але калі паглядзець на ход военных дзеянняў, то стане зразумела, што вайна развіваецца далёка не па планах нямецкага камандавання, якое разлічвала на хуткае заканчэнне вайны. Па ўсіх даных відаць, што разлік на хуткае завяршэнне вайны праваліўся. Цяпер пра гэта гавораць нават германскія і італьянскія спецыялісты».

(Турэцкая газета «Тан», Стамбул, 9 жніўня 1941 года).

«Жудасна ў Расіі, тут б’е кожны».

(3 пісьма гітлераўскага афіцэра дадому. «Правда», 9 жніўня 1941 года, артыкул «Героические партизаны Белоруссии»),

«Партызаны дзейнічаюць і ў глыбокім тыле праціўніка, і непасрэдна на лініі фронту, дапамагаючы часцям Чырвонай Армі».

(Тамсама).

VI

Пад вечар адзінацдатага ліпеня камкор Пятроўскі паведаміў вышэйшаму каманднаму саставу корпуса, што праз дзень, трынаццатага, 21-я армія пераходзіць у наступленне. Корпус будзе наступаць на галоўным напрамку. На карце правёў дугу ад Рагачова і Жлобіна далёка на захад. У гэтым месцы былі адзначаны размяшчэнні 53-га армейскага корпуса праціўніка, а таксама яго 52-й, 255-й, 267-й пяхотных дывізій. Нанесеныя алоўкам паметы абазначалі вялікую колькасць танкаў, артылерыі, мінамётаў.

— Колькі на гэтым участку танкаў? — спытаў начальнік палітаддзела палкоўнік Воранаў.

— Каля двухсот. Але майце на ўвазе,— працягваў Пятроўскі,— што нямецкае камандаванне — а гэта вельмі можа быць — пойдзе на тое, каб кінуць супраць нас буйныя сілы, бо наш удар створыць пагрозу іхнім камунікацыям.

У канцы нарады ён звярнуўся да начальніка артылерыі генерал-маёра Казакова:

— У наступленні, зыходзячы з нашых тактычных задач, твой «бог вайны», Аляксандр Філімонавіч, павінен дзейнічаць яшчэ больш манеўрана, чым у мінулых абарончых баях, Спадзяюся, ты разумееш, што мы не заўсёды ў канкрэтных выпадках зможам разлічваць на нашу авіяцыю.

Казакоў злёгку прыжмурыўся ад мяккага перадвячэрняга бляску сонца, што зазірнула ў вокны.

— Артылерысты, Леанід Рыгоравіч, не падвядуць.— Павярнуўся, паглядзеў на камандзіраў дывізій, кіўнуў галавой: — Не падвядуць, не…

Праціўнік меў вопыт наступальных баёў, быў добра аснашчаны разнастайнай ваеннай тэхнікай, як кажуць — узброены да зубоў. Для контрудару, безумоўна, корпусу патрабавалася старанная, дасканалая падрыхтоўка. Але часу было надзвычай мала. Разведчыкі не ведалі ні дня ні ночы, як мага стараліся раздабыць больш звестак аб размяшчэнні варожых часцей, падраздзяленняў і агнявых сродкаў.