Пасля нарады Пятроўскі разам з камандзірам сто пяцьдзесят чацвёртай стралковай дывізіі камбрыгам Факанавым паехалі ў штаб дывізіі. Там у камкора на дваццаць гадзін была назначана сустрэча з камандзірам Жлобінскага знішчальнага батальёна Міронавым. Леанід Рыгоравіч разумеў, што ў наступальнай аперацыі корпуса будуць вельмі дарэчы звесткі, якія здабудуць разведчыкі батальёна. Мясцовыя людзі ведаюць кожную сцежку ў сваіх ваколіцах, на сваіх абшарах.
Міронаў ужо знаходзіўся ў штабе дывізіі, калі Пятроўскі з Факанавым прыехалі туды. Быў ён у цывільным касцюме, але па-вайсковаму аддаў чэсць, прадставіўся. Камкор таксама казырнуў яму, падаў руку. Зіркнуў на гадзіннік: спазніўся? Ён не любіў і не дазваляў сабе ні малейшай недакладнасці. Не, камандзір батальёна прыбыў раней часу.
Селі да невялікага, пафарбаванага ў зялёны колер стала.
— Перш за ўсё шчыра дзякую вам, Уладзімір Арцёмавіч, за супрацоўніцтва.— Пятроўскі пазіраў на Міронава так, быццам у зграбнай, сабранай постаці гэтага чарнявага, з прадаўгаватым тварам і спакойнымі ўважлівымі вачамі чалавека пазнаваў знаёмага, з якім даўно не сустракаўся.— Мне далажылі, што артылерысты Якава Сцяпанавіча,— ён глянуў на Факанава,— знішчылі штаб нямецкага палка, які выявілі вашы разведчыкі.
— Я перадам вашу падзяку разведчыкам, таварыш камкор. — Міронаў злёгку выпраміўся.— Мы і надалей будзем так дзейнічаць.— У яго мяккім барытоне чуліся шчырасць і глыбокі клопат.
— Дзеянні партызан — добрая падмога Чырвонай Арміі. Гэтымі днямі партызаны Гомельшчыны здабылі важную аператыўную карту немцаў — план наступлення на гомельска-чарнігаўскім напрамку. А што значыць у ваеннай справе дазнацца пра планы ворага!..— Леанід Рыгоравіч на колькі хвілін змоўк.— Прабачце, я не збіраюся нічому вас вучыць, да слова прыйшлося. Вось вы сказалі: «Мы і надалей будзем так дзейнічаць». Але ваенная абстаноўка можа змяніцца І тады запатрабуе дзейнічаць крыху інакш.
Камбрыгу Факанаву, які ўвесь час моўчкі слухаў гаворку Пятроўскага і Міронава, таксама, відаць, рупіла нешта сказаць, аднак вайсковая дысцыпліна стрымлівала яго: старшы гаворыць. Дакладней кажучы, брала тут сваё не толькі вайсковая дысцыпліна, a і проста чалавечая этыка, у даным выпадку заснаваная на вялікай павазе: гаворыць Леанід Рыгоравіч, камкор Пятроўскі.
Камкор, мусіць, зразумеў жаданне Факанава ўключыцца ў размову:
— Як думае наконт гэтага камандзір дывізіі, а, Якаў Сцяпанавіч?
— Не выключаецца, Уладзімір Арцёмавіч, што на нашым участку фронту неўзабаве пачнецца контрнаступленне.— Камбрыг перасеў на другое крэсла, бліжэй да Міронава.— У наступленні добрую паслугу дывізіі аказалі б вашы байцы ў якасці разведчыкаў-праваднікоў. Карта картаю, а чалавек, які ведае мясцовасць, незамянімы ў баявым паходзе.
Міронаў уважліва паглядзеў на Факанава, перавёў позірк на Пятроўскага.
— Як я разумею, мяркуецца прыдаць наш батальён сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі?
— Так, ёсць такая думка.— Камкор паклаў рукі на стол, сашчапіў пальцы і гэтым міжвольным жэстам нібы сказаў: вось так нам трэба цяпер дзейнічаць — сумесна. Невялікія смуглаватыя рукі яго на зялёным фоне стала выглядалі пругкімі і дужымі.
— Ваш давер, таварышы генералы, ускладвае на нас вялікі і адказны абавязак. Мы яго выканаем як належыць.— На твар Міронава лёг цень роздуму, дзве складкі каля рота прарэзаліся глыбей.— У такім выпадку трэба было б канкрэтна вырашыць, да якіх палкоў, батальёнаў, рот мы павінны прыдаць свае ўзводы, аддзяленні, а то, можа, і асобных байцоў.
— Гэта неадкладна вырашаць нашы начальнікі штабоў,— адказаў Факанаў.— Прышліце, калі ласка, да нас Аляксандра Міхайлавіча Ярашава.
Пятроўскі затым удакладніў яшчэ некаторыя тактычныя задачы апалчэнцаў, выказаў некалькі парад і пажаданняў.
— Прабачце за цікаўнасць, Уладзімір Арцёмавіч: дзе вы працавалі да вайны? — спытаў ён нечакана.
— Інструктарам ЦК Кампартыі рэспублікі.— 3-за тонкай светла-сіняй павалокі роздуму ў вачах Міронава выглянуў бляск стрыманай мужчынскай прыязнасці.— А я вас, таварыш камкор, з трыццаць сёмага года ведаю. Бачыў на Шаснаццатым рэспубліканскім партыйным з’ездзе.
— Пачакайце, я вас таксама прыгадваю.— Вочы Пятроўскага пазіралі цёпла і ўважліва,— Вы мне абменьвалі часовае пасведчанне на мандат дэлегата з’езда. Яшчэ жартавалі: «Абменьваем, бо чырвонае прыгажэйшае, чым сіняе». I я пажартаваў тады: «Таму, што прыгажэйшае, і чырвоную кашулю сёння надзелі?..» Было такое?