— Было, таварыш камкор, было.
Міронаў пасвятлеў тварам і адразу нібы памаладзеў і пабачыўся Пятроўскаму акурат такім, якім быў тады.
— Чатыры гады — а як учора…
— Чатыры гады!.. Я з самымі добрымі пачуццямі ўспамінаю сваю службу ў Беларусі. А цяпер — вось як давялося…— Голас Пятроўскага прагучаў стрымана, тым не менш у ім пачуўся смутак.— Ну што ж, давялося — будзем ваяваць з фашызмам…— Камкор устаў.— Калі ў вас нічога больш няма, да пабачэння, Уладзімір Арцёмавіч! Будзем ваяваць…
Яны, як і пры сустрэчы, моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Але было ў тым поціску акрамя шчырай людской павагі і новае, што дадалося ў іхнія пачуцці за хвіліны адкрытай непасрэднай размовы — давер і надзея.
Факанаў расчыніў акно, каб упусціць у хату свежага паветра. На зямлю клалася няяркае цёплае перадвячэрняе святло. На недалёкім узлеску тонкія ствалы негустога маладога сасняку, цёмна-бурыя ўнізе, залаціста-мядзянага колеру вышэй, былі спярэшчаны дробнымі ценямі, ад чаго здаваліся як падмаляваныя. Адтуль цягнула прыемным смалістым водарам.
Пятроўскі правёў вачамі статных коннікаў, Міронава і яго ардынарца, якія алюрам паскакалі па нешырокай калёснай дарозе, што ўбівалася ва ўзлесак, пазіраў на знямелыя ў млявай нерухомасці дрэвы. Якія яны, выпеставаныя сонцам і цёплымі дажджамі, стройныя і выносістыя!.. А побач з гэтай думкаю, нібы гукнулася нейкае далёкае, несціханае і дарагое сэрцу рэха, прамільгнула другая — пра Міронава і яго батальён: «Унукі дзеда Талаша!..» У незабыўным двадцатым годзе, калі ваяваў з белапалякамі, ён аднаго разу бачыў легендарнага партызанскага камандзіра. Так вось, як зараз Міронава,— на кані ў сядле…
— У суседнім, Стрэшынскім раёне, Леанід Рыгоравіч, таксама дзейнічаюць знішчальнае падраздзяленне і атрад народнага апалчэння,— парушыў хвілінную паўзу Факанаў.
Леанід Рыгоравіч зірнуў на камандзіра дывізіі, быццам схамянуўся. Тое, што сказаў камбрыг, не было для яго навіной. Але чаму словы Факанава так абрадавалі яго?..
— 3 імі таксама, Якаў Сцяпанавіч, неабходна звязацца і ўстанавіць цесны кантакт.— Пятроўскі чамусыді зноў моцна сашчапіў пальцы рук — як магнітам іх прыцягнула адну да адной.— Пра баявыя аперацыі партызан рэгулярна дакладвайце штабу корпуса. I разам з імі — разведка, разведка… Той, хто больш ведае аб праціўніку, валодае ініцыятывай…
Потым яны некалькі хвілін адпачывалі, бавіліся гаворкай пра надвор’е — якое ж цёплае і сонечнае стаіць яно! — пра тое, што прырода не зважае на вайну, бярэ сваё: буяе краскамі і хлебным духам шчодрага лета…
Але ў падсвядомасці Пятроўскага і ў тыя хвіліны жыла вайна. Жыла неадступна і бязлітасна-трывожна, балюча.
Штаб дывізіі размяшчаўся ў прыбудове вялізнай, на дзве палавіны леснічоўкі. Гаспадары прыбудовы, пажылы ляснік з жонкай, часова перасяліліся ў другую палавіну хаты, дзе жыла сям’я мабілізаванага ў армію аб’ездчыка. Хтосьці, відаць, з дзяцей лесніка — можа, пышнавалосы юнак са значком «Варашылаўскі стралок» на светлым пінжачку ці кірпаносая дзяўчына ў лёгкім берэце, што пазіралі з фотакартак са сцяны — захапляўся мастацкай літаратурай. Шырокая этажэрка, якая стаяла ўзбоч такой жа, як і стол, зялёнай канапы, была застаўлена кнігамі.
Гулка грукнула адсунутая зялёная табурэтка — Пятроўскі ўстаў з-за стала. Падышоў да этажэркі. Узяў невялікі томік у светла-сіняй вокладцы, на якой былі намаляваны два ўзброеныя вінтоўкамі, у будзёнаўках чырвонаармейцы. Але кніжку не разгортваў. Ціха пакратаў пальцам чорную шчотачку вусоў, задумліва прадэкламаваў:
В даль идут державным шагом…
Кто еще там? Выходи!
Это — ветер с красным флагом
Разыгрался впереди…
Ён любіў Блока. Агнявыя вершы паэта пад час рэвалюцыйных бур глыбока ўзрушвалі яго юначае сэрца. Яны засталіся ў ім назаўсёды. I цяпер, калі ён прамаўляў іх, трывожнае шчасце гукнулася ў яго шчымлівых пачуццях. Аднак было яно як сонца за заслонай воблакаў. Толькі на міг прарываючыся, хораша асвятляла яго задумлівы валявы твар.
…Па дарозе ў штаб корпуса Пятроўскі вярнуўся ўспамінам да Міронава. Камандзір знішчальнага батальёна спадабаўся яму: чалавек, па ўсім відаць, разважлівы і цвёрды… Мажліва, тады, пры той першай іхняй сустрэчы, таксама іменна гэта міжвольна адзначыў ён у стройней падцянутай постаці і выразных рысах прыгожага твару. І, мажліва, іменна яно, а не вабная чырвоная кашуля найбольш прыцягнула яго ўвагу…
Думкі гэтыя, аднак, ненадоўга затрымаліся. Стасуючыся ў часе з іншымі, трывала-ўстойлівымі і незабыўна-хвалюючымі, яны саступілі ім месца ў глыбокай памяці. Нагадаўся з’ездз.