Выбрать главу

Яна паклала яму на руку свае цёплыя далоні:

— Так, Лёня, людзі, што б з кім ні здарылася, павінны жыць па-людску. Чалавечы век кароткі, але ж чалавецтва павінна быць вечным…— Твар яе асвяціўся ўсхваляванай зарумяненасцю.

Вось так яны пагаварылі тады. Дык хіба такія гаворкі забываюцца?.. Сэрца чалавека такое маленькае, а колькі яно ўмяшчае ў сабе ўсяго!..

…У глыбокім роздуме Пятроўскі ўвесь увайшоў у сябе.

— На кватэру? — перапыніў яго думкі лейтэнант Колесаў.

— У штаб,— сказаў адрывіста камкор, упершыню за ўсю няблізкую дарогу зварухнуўшыся на сядзенні.

У тую ноч ён выдаў баявы загад пад нумарам шэсць. Аб наступленні.

VII

Яно пачалося на досвітку трынаццатага ліпеня. Дывізіі наступал! па ўсім фронце. Пасля інтэнсіўнай дваццацімінутнай артылерыйскай падрыхтоўкі фарсіравалі Дняпро. Плыўсродкаў не было. Спатрэбілася ўсё: рыбацкія лодкі, бярвенне, дошкі, на скорую руку збітыя плыты. Чатырыста трыццаць сёмы полк выкарыстаў паўразбураны чыгуначны мост цераз раку каля Жлобіна: падручнымі сродкамі ўдалося аднавіць узарваны пралёт.

Шэсцьдзесят першая стралковая дывізія наступала паўночней Рагачова, у раёне Збарова з выхадам на Рагачоў; сто шэсцьдзесят сёмая — на Лучын, Побалава з выхадам на Рагачоў з поўдня; сто пяцьдзесят чацвёртая — на Жлобін.

Пятроўскі знаходзіўся на сваім назіральным пункце разам з начальнікам артылерыі Казаковым у непасрэднай блізкасці ад перадавой. Адзін за адным на назіральны пункт з’яўляліся нарачныя.

Данясенні паведамлялі, што дывізіі паўсюдна паспяхова атакавалі праціўніка. На першым часе немцы, не чакаючы такога контрудару, не змаглі аказаць моцнага супраціўлення. Аднак неўзабаве, апамятаўшыся, яны тэрмінова пачалі падцягваць падмацаванне, пераходзілі ў контратакі, каб скінуць палкі корпуса ў раку і ліквідаваць яго плацдарм на правабярэжжы. У небе з’явіліся самалёты з чорнымі крыжамі на крылах і фюзеляжах. Яны высыпалі са сваіх чэраваў чароды страшных смертаносных «птушак». Бомбы падалі на зямлю з жахлівым свістам і выццём.

Камкор прадбачыў, што пры чыстым небе актывізуецца варожая авіяцыя, гітлераўцы пастараюцца выкарыстаць сваю поўную перавагу ў паветры. Ён загадаў шчодра забяспечыць зенітчыкаў снарадамі, каб тыя, страляючы, «не лічылі» іх. Зенітная артылерыя сустракала бамбардзіроўшчыкаў інтэнсіўным агнём, і гэта перашкаджала нямецкім лётчыкам весці прыцэльныя бамбёжкі. На вачах у камкора два самалёты загарэліся.

— Малайцы! — пахваліў зенітчыкаў Пятроўскі.— Навучыліся.

— А яшчэ большыя былі б малайцы, каб перапынілі і тых, што ўцякаюць,— заўважыў Казакоў. Ён пільна глядзеў у неба.

Тры юнкерсы, якія бязладна скінулі бомбы, развярнуліся назад. Раптам за адным з іх пацягнуўся шлейф дыму.

— Ну вось — і яшчэ большыя малайцы!

«Жалезны генерал, а, як і ўсе, схільны да звычайнай чалавечай радасці,— падумаў Казакоў, слізгануўшы па твары Пятроўскага ўважлівым бакавым позіркам.— Грымасы жыцця: аказваецца, і ў бойцы, у вайне могуць праяўляцца звычайныя чалавечыя радасці».

— Зрабі, Аляксандр Філімонавіч, вывад. Як мага ўмацоўвай зенітныя падраздзяленні, бо на даным этапе вайны твае зенітчыкі не толькі артылерысты, а і лётчыкі-знішчальнікі.

Начальнік артылерыі зразумеў, што гэтыя словы камкора былі не проста заўвага, а загад, і коратка кінуў:

— Слухаюся.

Пры распрацоўцы наступальнай аперацыі ў штабе корпуса штабісты прапаноўвалі зыходзіць з таго, што на ўчастку наступлення важнейшым стратэгічным пунктам з’яўляецца Жлобін: буйны чыгуначны вузел. Таму яны лічылі, што штурм Жлобіна будзе найбольш цяжкім, і там трэба сканцэнтраваць мацнейшую ўдарную сілу. Пятроўскі заўважыў тады: так можна і трэба лічыць, але нельга катэгарычна сцвярджаць. Прадузятая непахісная думка адносна таго як будзе дзейнічаць праціўнік і як разгорнуцца падзеі — адна з найчасцейшых прычын няўдач і паражэнняў.

Наступленне на Жлобін прадугледжвалася з фронту і абходным манеўрам. Са штаба сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі камкору паведамілі: чатырыста трыццаць сёмы полк з упорнымі баямі прасоўваецца ў паўднёва-ўсходняй частцы горада, а пяцьсот дзесяты, які павінен быў уварвацца з поўначы, у раёне прыгараднай вёскі Лебядзёўка наткнуўся на лютае супраціўленне. Атакі яго захлёбваліся. Пятроўскі разгарнуў карту. Мінуту-дзве разглядваў тапаграфію мясцовасці паміж вёскай і Жлобінам. Рашуча згарнуў карту, сказаў Казакову:

— Я ў пяцьсот дзесяты.

Камандзір пяцьсот дзесятага палка падпалкоўнік Карамушка знаходзіўся на сваім камандным пункце. Худы, у шыракаватай, як з чужога пляча, выгаралай гімнасцёрцы, ён хутчэй быў падобны на якога лесаруба, чым на кадравага вайскоўца. Між брывоў у яго, як ад вялікай натугі, выступіла сіняя жылка і нібы раздзяліла лоб на дзве часткі, пачырванелы твар выглядаў раз’юшаным.