Выбрать главу

Камандзір дывізіі Факанаў расказваў Пятроўскаму, што Карамушка з тых людзей, пра якіх гавораць: у гарачай вадзе купаны. Тым не менш была ў яго адна адметная асаблівасць: як бы ні разгарачыўся — адразу, калі наступаў момант прымаць рашэнне, рабіўся надзіва засяроджаны і разважлівы.

Нечаканае з’яўленне камандзіра корпуса на камандным пункце палка не збянтэжыла Карамушку. Ён каротка, але ясна далажыў абстаноўку. Немцы так палілі, што галаву нельга было ўзняць.

Пятроўскі папрасіў:

— Вашу карту.

Далейшая іхняя размова таксама была кароткая і канкрэтная.

— А што, калі павесці полк на Жлобін гэтым кірункам? — камкор паказаў пальцам паміж вёскамі Лебядзёўка і Лукі.— Не ўвесь — два батальёны. Адзін няхай вядзе бой тут. Толькі ўжо не наступальны — абарончы. Дапамагчы яму мы папросім знішчальны батальён Міронава. Ён побач, у Лугавой Вірні, хутка прыбудзе. Такім чынам яны скуюць гэту групоўку праціўніка. А, як думаеш, падпалкоўнік? — Пятроўскі, безумоўна, ужо вырашыў правесці аперацыю такім чынам і не пытаў на гэта згоды камандзіра палка — мог бы загадаць, і ўсё. Завёў ён гаворку для таго, каб высветліць: падзяляе Карамушка гэтую задуму ці не. Здаўна ведаў: калі ніжэйшы камандзір у душы пагаджаецца з загадам вышэйшага, значыць, і паводзіць ён сябе больш свядома, асэнсавана, што з’яўляецца дадатковай умовай поспеху.

Карамушка падзяляў план камкора. Зразумеў ён і тое, чаму Пятроўскі быццам раіўся з ім. Кінуў руку да казырка:

— Дазвольце дзейнічаць, таварыш камкор?

— Дзейнічайце.— Пятроўскі павярнуўся, пайшоў. Ступіў два крокі, азірнуўся.— А людзей — правільна, падпалкоўнік, беражы. Каб знішчыць на зямлі фашызм — колькі яшчэ давядзецца гінуць нам! Таму — каб кожны гінуў недарма.

Безумоўна ж, аніяк не мог ён ведаць, што ў тую мінуту падумаў Карамушка. А ў камандзіра палка неспадзявана мільганула: «Можа, больш за ўеё, каб сказаць мне менавіта гэта, і прыязджаў ты да мяне, таварыш камкор?» Ён не ўсведамляў, з якой падставы з’явілася гэтая думка і ці так яно было сапраўды, як падумалася, але ад яе быццам лягчэй стала ў яго на сэрцы.

Пятроўскі паехаў на камандны пункт камандзіра сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі. Камбрыг Факанаў далажыў яму абстаноўку.

Два палкі дывізіі з упартымі цяжкімі баямі прасоўваліся па вуліцах горада. Батальён, якім камандаваў капітан Баталаў, неаднойчы адбіваў шалёныя контратакі варожых аўтаматчыкаў.

Моцны апорны пункт гітлераўцы стварылі ў раёне вадакачкі. 3-за насыпу чыгуначнага палатна, дзе знайшлі сабе прыстанішча мінамётчыкі, як з рэшата, сыпаліся смертаносныя нямецкія «галушкі». 3 вокнаў, з дахаў вялікіх і малых прыстанцыйных будынкаў касілі станковыя кулямёты. Камандаванне чатырыста трыццаць сёмага стралковага палка пайшло на манеўр. Адна рота трэцяга батальёна, якім камандаваў старшы лейтэнант Гусеў, агнём і дэманстратыўнымі дзеяннямі скавала праціўніка з фронту, а тым часам астатнія дзве абышлі з флангаў і ўдарылі яму ў тыл.

— Што ім паспрыяла — абысці? — Пятроўскі паднёс паўсагнуты палец левай рукі да вусоў і ўлавіў слыхам, як выразна цікаў яго вялікі наручны гадзіннік. Момант слухаў — быццам гэтае ціканне штосьці нагадвала яму.

— Разведка, таварыш камкор… Мушу заўважыць: асабліва ўмела правёў яе юны разведчык знішчальнага батальёна Антон Губараў. Да індустрыяльнай часткі горада прымыкаюць вуліцы, завулкі з індывідуальнымі забудовамі. усе ў прысадах. Дык ён — сядзібамі: гародамі, садамі…

Недзе блізка моцна грымнула — разарваўся цяжкі снарад. Яны пераглянуліся.

— Юнак той, расказвалі мае разведчыкі, што ў агонь, што ў полымя,— працягваў Факанаў.— Смелы, мужны і да ўсяго — надзвычай кемлівы.

Пятроўскі ўлавіў у словах камбрыга ноткі нейкага асаблівага настрою ў адносінах да хлопца, паглядзеў на яго дапытліва: «Што яшчэ ў цябе?»

— Між іншым, Антон Губараў просіцца, каб залічылі яго чырвонаармейцам. I разведчыкі кажуць: «Некалькі разоў, як мы тут на перадавой, сам прыходзіў, звесткі розныя прыносіў».

— Колькі яму гадоў?

— Чатырнаццаць. Сокал, разведчыкі кажуць, хлопец.

— Які сокал, калі подлетак яшчэ…

Факанаў маўчаў. I пярэчыць яму не выпадала, i згаджацца не хацелася — дужа ж прасілі разведчыкі.

Азваўся зумер. Тэлефаніст прыклаў тэлефонную трубку да вуха і адразу працягнуў яе Факанаву: