Выбрать главу

— Вас, таварыш камбрыг.

Дакладваў Карамушка. Пяцьсот дзесяты полк завязаў бой у горадзе ў раёне хлебазавода. Немцы, адчайна супраціўляючыся, адступалі.

Камандзір дывізіі разгарнуў карту.

Задача чатырыста семдзесят трэцяга палка, які з цяжкасцю наступаў у цэнтры горада, цяпер рабілася лягчэйшай. Пры далейшым паспяховым наступленні чатырыста трыццаць сёмага палка, падраздзяленні якога ўжо вялі баі за Паўднёвае дэпо, і пяцьсот дзесятага, цэнтральнай групоўцы праціўніка пагражала акружэнне. Гітлераўскае камандаванне, безумоўна, разумела гэта. Знойдуцца ў яго рэзервы — кіне іх на флангі, каб прадухіліць акружэнне, не даць чатырыста трыццаць сёмаму і пяцьсот дзесятаму злучыцца, не знойдуцца — цэнтральная групоўка вымушана будзе адступаць. Камкор падумаў, а што ён можа даць са свайго рэзерву, калі немцы ўвядуць у бой падмацаванне?

Яны адарвалі позіркі ад карты.

— Май на ўвазе, Якаў Сцяпанавіч, разведка павінна пільна сачыць: увядзе праціўнік падмацаванне ці не.

— Зразумеў, Леанід Рыгоравіч.

Мінуту яны маўчалі, дадумваючы кожны сваё.

— Малавата чатырнаццаць гадоў,— раптам ціха, задумліва прагаварыў Пятроўскі і ўдакладніў: — Подлетах жа ён, твой Антон Губараў, кажу.

Факанаў здзівіўся ходу яго думах. Здагадаўся: камкору, відаць, успомнілася, як сам у пятнаццаць гадоў стаў чырвонагвардзейцам і членам бальшавіцкай партыі. Спакойна, быццам не намякаючы ні на што, камбрыг адказаў:

— Аднак жа колькі іх такіх станавілася змагарамі за савецкую ўладу!.. А разведчыкам, бачу я, вельмі хочацца, каб юнака залічылі да іх выхаванцам, палюбіўся ён байцам і камандзірам.

— Добра, Якаў Сцяпанавіч, перадай ім асабіста сам, хай глядзяць, калі палюбіўся, каб не кідаўся ў пекла з гарачай галавой…

3 чатырыста трыццаць сёмага палка паступіла данясенне Факанаву аб стратах. Акрамя паведамлення пра забітых і параненых у ім значылася, што адзін баец — чырвонаармеец Выбарнаў Мікалай Мікітавіч прапаў без вестак. Камандзір дывізіі далажыў пра данясенне Пятроўскаму і маўчаў, чакаў, што скажа камкор. Пятроўскі таксама маўчаў. Абодва яны думалі пра адно. Страты… I гэты баец… Поле бою было за палком — наступаў жа полк. Сярод забітых і параненых чырвонаармеец не знойдзен. Зямлёй засыпала?.. Перабег да немцаў?.. Дэзерціраваў?.. У здраду не хацелася верыць, але ж — вайна!..

— Лёс байца высветліцца — даложыш, Якаў Сцяпанавіч,— загадаў Пятроўскі камбрыгу.

I зноў светла-блакітная «эмка» намотвала кіламетры на колы: па дарозе на камандны пункт камкора, затым — у Рагачоў.

Дзень быў на зыходзе, калі Пятроўскаму паведамілі, што Рагачоў вызвалены.

Але на ўскраінах горада адбываліся яшчэ ўпартыя баі. Пяхота праціўніка, падтрыманая танкамі, пераходзіла ў контратакі. Насядалі люта, спадзяваліся, што чырвонаармейцы не паспелі яшчэ як след замацавацца і не вытрымаюць іхняга націску. На паўночнай ускраіне, дзе мясцовасць спрыяла манеўранасці танкаў, яны дасягнулі пярэдняга краю рубяжа, на якім знаходзіўся батальён старшага лейтэнанта Загаруйкі. Саракапяткі білі па танках прамой наводкай, байцы і камандзіры закідвалі іх бутэлькамі з гаручай сумессю.

Камкору далажылі: у крытычны момант, калі батальён вось-вось мог не вытрымаць і, ахоплены панікай, пакаціцца назад, Загаруйка кінуўся насустрач танку. «Браткі, бій фашыстаў-гадаў! — прарваўся скрозь гул матораў і rpyкат бою зычны адчайны вокліч.— Няхай гарыць у іх пад нагамі наша зямля!..» Яго агнявая бутэлька пляснулася на гарачую браню, успыхнуў агонь. Старшы лейтэнант упаў мёртвы, грудзі яму прашыла кулямётная чарга.

— Біце фашыстаў-гадаў! — падхапіў як сцяг, што выпаў з рук сцяганосца, вокліч яго лейтэнант Машынін.

Здавалася б: вунь як ведае, што такое вайна — прафесійны ж вайсковец!.. Але ў свядомасці Пятроўскага ніяк не ўжывалася думка, што Загаруйка лёг у дол пясчаны. Кандыдат у майстры спорту па класічнай барацьбе, нястомны весяльчак, жартаўнік, танцор, пяюн… Жыць бы яму і жыць!.. Старшы лейтэнант стаяў у памяці такім, якім пабачыўся аднойчы, калі ехалі з Паволжа.

У Навазыбкаве ён ішоў паўз эшалон, у якім размяшчаліся падраздзяленні батальёна Загаруйкі. Здалёк пачуў гукі гармоніка і прыпеўкі, што даляталі з цяплушкі. Падышоў бліжэй _ праз расчыненыя дзверы пабачыў: камбат у расхрыстанай гімнасцёрцы, без рэменя, так адбіваў рускую, што, здавалася, ажно падлога трашчала, і прыпяваў: «Отвяжись, худая жизнь, привяжись хорошая!..» Чырвонаармейцы заўзята падахвочвалі яго — бурна пляскалі ў ладкі. Пятроўскі абурыўся: што за выгляд!.. Але яго не заўважалі, і ён хуценька адышоў, каб не перашкодзіць, не спужнуць безаглядную чалавечую шчырасць…