Выбрать главу

Дагарала зара. Жыхары Рагачова, якія ў час бою знаходзіліся хто дзе, павылазілі са сваіх схованак, з нястрымнай радасцю абдымалі чырвонаармейцаў, частавалі іх чым хто мог. Да ад’ютанта камкора лейтэнанта Колесава таропка падышла пажылая жанчына. 3 палісадніка, у якім буялі пышныя вяргіні, яна прынесла цэлы сноп барвовых і ярка-чырвоных кветак, ускінула яго лейтэнанту на рукі.

— У мяне свой недзе так вось, як вы…— Яна заміргала вейкамі, але слёзы стрымала.— Няхай, сыночкі, беражэ вас бог!..

— Дзякуй, маці, шчырае дзякуй! — Колесаў збянтэжана патаптаўся на месцы, не ведаючы, што рабіць з кветкамі. Позірк яго ўпаў на «эмку». Ступіў да машыны, паклаў букет на задняе сядзенне.

А ў дывізіі палкоўніка Прышчэпы з вуснаў у вусны ляцела: за дзень бою сямёра камандзіраў і байцоў бутэлькамі з гаручай сумессю спалілі больш як дваццаць фашысцкіх танкаў! 3 вуснаў у вусны перадаваліся прозвішчы старшага лейтэнанта Загаруйкі, лейтенанта Машыніна, малодшага ваентэхніка Булгакава, малодшага лейтенанта Зубава, чырвонаармейцаў Базяева, Качышвілі, Рыбачыка.

Сем чалавек — больш як дваццаць танкаў!.. Гэта здавалася неверагодным, але так было.

Недзе далёка вухнула гармата, снарад разарваўся яшчэ далей, і стала ціха. Камкор і палкоўнік Прышчэпа спыніліся пад раскідзістым клёнам на галоўнай вуліцы Цымерманаўскай. Хвіліну моўчкі слухалі незвычайную цішыню.

— Можа б, Мікалай Андрэевіч, пазнаёміў мяне са сваімі героямі? — павярнуўся Пятроўскі да камандзіра дывізіі.

— Абавязкова, Леанід Рыгоравіч.

Праз паўгадзіны Цымерманаўская, якая на сваім вяку з часоў барацьбы за савецкую ўладу бачыла нямала гістарычных падзей, і гераічных, і трагічных, стала сведкай яшчэ адной, дагэтуль нікім нідэе не бачанай і не чутай.

Два камандзіры і два байцы сталі ў шарэнгу. Твары іх ад стомы былі шэрыя, шчокі паўвальваліся.

— А дзе яшчэ двое? — спытаў Пятроўскі ў Прышчэпы.— Акрамя Загаруйкі. Сямёра ж вызначыліся.

— Яны загінулі, таварыш камкор.

Пятроўскі схіліў галаву, памаўчаў. Падышоў да строю чатырох. Глядзеў кожнаму ў вочы, павольна пераводзячы позірк з твару на твар. Глядзеў так, нібы ў глыбіні блакітных, карых, шэрых зрэнак хацеў пабачыць нешта самае дарагое, самае патрэбнае яму цяпер. I яму, і ім самім, і ўсім, хто ў жудаснай крывавай калатні вызваляў сёння ад злыдняў-прыблуд гэты ўтульны прыдняпроўскі горад, каму яшчэ надоўга наканаваны смяртэльна-цяжкія пакуты і выпрабаванні, якіх можна пазбавіцца толькі ў неймаверных намаганнях, толькі ў перамогах.

— Аб’яўляю вам, таварышы, падзяку.— Пятроўскі прамовіў афіцыйна, як належыць вайсковаму начальніку па статуце. Хацеў яшчэ нешта сказаць, ды раптам захваляваўся, колькі секунд маўчаў. Павярнуўся да ад’ютанта:

— Іван Іванавіч, нясі — што там у нас у машыне.

Колесаў, відаць, аніяк не чакаў такога і не адразу ўцяміў, што камкор меў на ўвазе. А зразумеўшы, стрымгалоў кінуўся да «эмкі». Праз мінуту ў руках Пятроўскага быў сноп вяргіняў.

— Гэга вам ад удзячных гараджан і ад мяне таксама.— Камкор даваў кожнаму вялікі букет кветак і паціскаў руку.— Дзякую, дзякую… За мужнасць вашу салдацкую, за грамадзянскую адданасць Радзіме.

Кветкі — гэта усё, чым ён мог іх тады адзначыць. Ордэнаў і медалёў у яго не было. Камандзіры воінскіх злучэнняў у той час яшчэ не былі надзелены правам узнагароджваць урадавымі ўзнагародамі.

А неўзабаве, праз якіх мінут дзесяць, Пятроўскаму давялося займацца зусім іншай, прыкрай і горкай справай.

У штабе дывізіі, куды яны прыехалі з палкоўнікам Прышчэпам, перад ім у струнку выцягнуўся нізкарослы, як падлетак, выпацканы ў зямлю малодшы лейтэнант.

— Таварыш камкор, дазвольце звярнуцца да палкоўніка.

— Звяртайцеся.

— Таварыш палкоўнік, камандзір палка загадаў даставіць вам труса. — Ён павярнуў вочы да каржакаватага чырвонаармейца з круглым нешырокім тварам.

— Што значыць — труса? — Прышчэпа акінуў байца пільным позіркам і запытальна ўставіўся на малодшага лейтэнанта.

— Немец касануў са станкачоў — мы залеглі. Нашы мінамёты адкрылі па ім агонь — мы зноў у атаку. А гэты застаўся ляжаць. Прыбеглі санітары, думалі, што забіты ці паранены, а ён — цэленькі, хоць бы дзе драпнула.

— Так? — узвысіў голас камандзір дывізіі.

— Так точна,— буркнуў баец.

Пятроўскі ўзіраўся яму ў твар. Пад непрыгожым, нейкім прыплюснутым носам — мякка акрэслены рот. Шырока раскрытыя, нерухомыя вочы здаваліся сляпымі, погляд быў дзіўна пусты.

— Значыць, цэленькі і некрануты? — У голасе Прышчэпы пачуліся злавесныя ноткі.— I многа вас такіх заставалася на полі бою?