Выбрать главу

— Я спыніўся тут, дзе спынілася маці, чытаючы нам. Яна як бы паўтарыла сама сабе ў думках тое, што прачытала ўслых, і працягвала: «Выгляд нашага чырвонага сцяга ставіць вас у нейкі страх, а на ім усяго толькі напісана, што пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся для дружнай барацьбы за ажыццяўленне на зямлі таго братэрства, роўнасці і сацыялізму, якія нясуць пазбаўленне нам і ўсяму чалавецтву ад таго рабства, што так моцна ўладарыць над намі…» Дачытаўшы, маці падала аркуш Пятру, сказала: «Ты, Пеця, старэйшы, але гэта вам ад бацькі абодвум». Мы з братам не раз перачытвалі бацькаву прамову і вывучылі яе на памяць.— Палец Пятроўскага крануўся шчотачкі вусоў і затрымаўся.

Цяпер Колесаў разумеў, як абвастрыў дарагі сэрцу камкора ўспамін горкія пачуцці, навеяныя цяжкай ваеннай абстаноўкай. Яму захацелася было падтакнуць Пятроўскаму: «Так точна, таварыш камкор, неўміручы сімвал — сцяг наш чырвоны. Паганым гітлераўцам не знішчыць яго». Але не падтакнуў, прамаўчаў. Ведаў, гэтаму цвёрдаму памяркоўнаму чалавеку не даспадобы пустая ўслужлівасць.

Легкавік звярнуў з брукаванкі на бальшак. Імчаў, не збаўляючы хуткасці. Паабапал даспявала жыта. Вецер гайдаў збажыну, і яна перакатвалася жоўтымі хвалямі. «Як здарылася, што фашысцкія галаварэзы з Рэйна апынуліся на Дняпры?..» Думаць такое, гледзячы на гэтыяі цудоўныя мірныя палеткі, Пятроўскаму не хацелася, А як не думаць? Яно не выходзіць з галавы і ў яго, камкора і ў ягоных байцоў, і ў тых, каму зараз трэба было са спрадвечнай хлебаробскай ласкаю збіраць на шырокіх палях залаты жыццядайны дар зямлі.

— Іван Іванавіч, ты бачыў кінафільм «Глыбокі рэйд»? — неспадзявана спытаў Пятроўскі ў ад’ютанта.

— Не давялося, таварыш камкор,— адказаў лейтэнант, крыху здзіўлены нечаканым пытаннем.

— А мне давялося. Задача карціны, як я зразумеў, заключалася ў тым, каб паказаць гатоўнасць Чырвонай Арміі адбіць напад ворага ў любую мінуту. Біць і разбіць праціўніка на яго ж уласнай тэрыторыі. Дык вось у рэцэнзіі на фільм, якую надрукавала «Правда», рэцэнзент адзначыў, што праціўнік у карціне паказаны часам слабым і празмерна разгубленым.

Колесаў зразумеў ход разважанняў камкора. I цяпер ён мог сказаць тое, пра што думаў сам, аднак не адважваўся гаварыць.

— Атрымліваецца, што слабы і разгублены б’е дужага?

— Не, лейтэнант, цяпер не так атрымліваецца. Цяпер ужо для многіх бачна, што праціўнік надзвычай моцны. Але…— Лоб камкора ад унутранай напружанасці прарэзалі глыбокія складкі, круглаваты твар, здавалася, злёгку выцягнуўся.— Але будзе так, як павінна быць па няўхільнай логіцы жыцця: Чырвоная Армія пераможа.

Машына выкаціла на шырокую вясковую вуліцу. Прыціхлыя хаты стаялі зажурана-задумлівыя. Між імі за платамі ў садах спелі чырванабокія яблыкі, сакавіта-празрыстыя грушы і шэра-зялёныя яшчэ слівы. Садавіна ўрадзіла добрая, ад пладоў як не ламалася голле.

Вуліца выходзіла на круглую плошчу, на якой узвышаўся ладны драўляны будынак. Перад будынкам з правага краю кучаравілася вялікая ліпа, а над дахам злёгку пакалыхваўся чырвоны сцяг. «Сельсавет, відаць»,— падумаў Пятроўскі. I тут раптам зразумеў, чаму сёння ўжо другі раз сцяг прыцягваў яго ўвагу: бо ён, аказваецца, падсвядома, напружана жыў настроем, які змацавала ў ім надзвычай важная падзея, самым непасрэдным чынам звязаная са сцягам…

Ён быў тады камандзірам і камісарам першай Маскоўскай Пралетарскай дывізіі. Пралетарская дывізія лічылася лепшай у Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Дзякуючы яму, як адзначала вышэйшае камандаванне, яна дасягнула яшчэ больш дасканалай вывучкі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы. Калі так, то паспрыяла гэтаму — ён цяпер можа сцвярджаць — строгая арганізацыя, высокая культура заняткаў і здаровае спаборніцтва паміж часцямі і падраздзяленнямі. Настойліва вучыўся не толькі асабовы састаў дывізіі, а і ён сам, яе камандзір. I найперш — сам! Ён надзвычай уважліва сачыў за найшоўшай ваеннай літаратурай — як айчыннай, так і замежнай… Напярэдадні Новага, трыццаць сёмага года ў Калоннай зале Дома Саюзаў адбылося ўрачыстае пасяджэнне бюро Маскоўскіх абласнога і гарадскога камітэтаў партыі, Маскоўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных сумесна са стаханаўцамі заводаў і фабрык сталіцы, з чырвонаармейцамі і камандзірамі Пралетарскай дывізіі. Прысвячалася яно дзесяцігоддзю праслаўленай Пралетарскай. Прысутнічалі Будзённы, Тухачэўскі, Ягораў, Блюхер, Гамарнік, іншыя вядомыя савецкія военачальнікі, першыя Героі Савецкага Саюза лётчыкі Ляпідзеўскі і Даронін. Пятроўскі зрабіў даклад аб пройдзеным дывізіяй шляху і стане яе баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Камандуючы Маскоўскай ваеннай акругай уручыў дывізіі ганаровы рэвалюцыйны Чырвоны сцяг Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР. Прымаючы сцяг, ён, усхваляваны і горды камдзіў, горача сказаў: «Мы прыносім глыбокую чырвонаармейскую ўдзячнасць Савецкаму ўраду, які так высока ацаніў нашу працу. Дазвольце запэўніць, што гэты сцяг Пралетарская дывізія панясе толькі да перамогі». Тая клятва была і праўдай яго жыцця, і непахіснай верай, якая дыктавалася розумам і сэрцам. Вось чаму сёння яна як бы недзе пульсавала ў ім, настойліва так стукалася ў свядомасць. «Толькі да перамогі…»