Чырвонаармеец паціснуў плячамі: не ведаю.
— Пад трыбунал,— сурова кінуў Прышчэпа.
Пятроўскаму падалося, што палкоўнік сілком выштурхнуў гэтыя словы з грудзей.
— Дазвольце весці? — казырнуў малодшы лейтэнант.
Камандзір дывізіі не паспеў адказаць, Пятроўскі апярэдзіў яго.
— Дык што з табой рабіць — пад трыбунал? — папытаў у байца і ўсё ўзіраўся, узіраўся ў яго твар.
— Так точна,— адказаў чырвонаармеец бязгучным, пустым голасам, не варухнуўшыся.
Было ясна, што ён упаў у прастрацыю, знаходзіўся ў стане, блізкім да ступара.
— А можа, палкоўнік, накіруем яго ў сваю часць? Няхай там таварышы з ім пагавораць. 3 імі, можа, ён будзе больш разгаворлівы.
Камандзір дывізіі зразумеў, што камкор не згоды пытае — адмяніў яго рашэнне, але не хацеў шкодзіць прэстыжу: ён быў перакананы праціўнік таго, каб вышэйстаячы камандзір адмяняў загады ніжэйстаячага ў прысутнасці падначаленых.
— Адвядзіце ў полк і перадайце камандзіру палка: байца накіраваць у сваю роту,— загадаў Прышчэпа малодшаму лейтэнанту.
Камкору здалося, што Прышчэпа паглядзеў на яго з удзячнасцю і палёгкай.
Чырвонаармеец раптам тузануўся, як уджалены:
— Накіруйце мяне ў сваю роту! — нема закрычаў. Вочы яго выпучыліся, загарэліся страшным ліхаманкавым бляскам, шчокі папляміла густая барвовая чырвань. — У сваю роту, у сваю роту!
Гэтак жа неспадзявана, як узбударажыўся, ён аціх, неяк абмяк. Паглядзеўшы на камкора, на камандзіра дывізіі позіркам, поўным невыказнага смутку і жалю, ціха сказаў:
— Я апраўдаю сябе.
Ён пайшоў, ссутуліўшы крутыя плечы, угнуўшы галаву. Пятроўскі пазіраў яму ўслед, думаў: адзін, хаця яму і не варта яшчэ на фронт, просіцца туды, настойвае, дамагаецца, другі ўцякае, хаваецца… Людзі, як і птушкі, павінны лётаць, а вось жа не кожны ўмее. Гэта, відаць, спрадвечная загадка, якую нікому пакуль што разгадаць не дадзена…
На зямлю апусціўся позні летні вечар. Палкоўнік Прышчэпа запрасіў Пятроўскага павячэраць. Яны, здаровыя людзі, выгаладаўшыся за дзень (абедаць ні аднаму, ні другому ў клопаце наступлення не давялося), з апетытам елі пахучы мясны боршч, прасяную, на сале, кашу, пілі чай.
— Пачакайце, у мяне ж яшчэ, здаецца, сыр галандскі ёсць,— спахапіўся Прышчэпа.— Працэнка, ёсць у нас сыр?
Дзюбаносы, вяртлявы, як верабейка, чырвонаармеец паставіў перад імі талерачку, на якой ляжаў кавалак малочна-жаўтлявага наздраватага сыру. Пятроўскі ўсміхнуўся.
— Паслухай, Мікалай Андрэевіч. Наняў поп цыгана луг касіць. Паабяцаў за работу накарміць удосталь. «А не паддурыш, бацюшка? — усумніўся цыган. — Глядзі, каб я наеўся — ад пуза». «Наясіся, і на стале яшчэ застанецца»,— запэўніў яго поп. Лянівы быў цыган на работу, але тут стараўся: за сталом ён возьме сваё. Увечары стол — як не ламаўся ад страў. I студзень, і наварысты боршч са свінінай, і мачанка… Цыган еў усё падрад, аж пакуль стала цяжка дыхаць, спустошыў стол падчыстую. Тады пападдзя паставіла перад ім вялізную талерку, на якой ляжала засмажанае парася. Падрумяненае такое, апетытнае. У цыгана аж вочы на лоб палезлі. «Што ж ты, бацюшка, не загадаў матушцы каб спачатку яго прынесла! Ну што мне цяпер рабіць? Дай я хоць пацалую яго!»
Яны дружна зарагаталі.
— Зразумеў, Леанід Рыгоравіч. Далі вы мне ўрок.— У вачах Прышчэпы ўсё іскрыўся смех.
— Урокі ўсім нам, Мікалай Андрэевіч, дае народ.— На твары Пятроўскага таксама яшчэ ўтрымлівалася ўсмешка, а вочы пазіралі ўжо сур’ёзна.— Чаго толькі не наслухаешся ад нашых чырвонаармейцаў! Вось хоць бы і гэта: здавалася б, звычайная выдумка, а колькі ў ёй глыбокай народнай мудрасці, дасціпнага гумару!..
Тыя некалькі мінут, якія Пятроўскі і Прышчэпа аддалі адвольнай гутарцы, каб хоць як змякчыць скамянелую за цяжкі дзень напружанасць душы, ніколькі, аднак, не пазбавілі іх клопатных думак. У падсвядомасці абодва яны ўсё роўна былі ў атакуючых палках, сярод агню і грому.
…А тым часам у Маскве начальнік Генеральнага штаба Чырвонай Арміі генерал арміі Жукаў дакладваў Галоўнакамандуючаму Сталіну, што корпус камкора Пятроўскага перайшоў у контрнаступленне, фарсіраваў Дняпро і вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў. Галоўнакамандуючы ўсклікнуў:
— Гэта перамога! — і раптам звярнуўся да Жукава: — Георгій Канстанцінавіч, а што гэта за званне — камкор?
— Штаб фронту рыхтуе дакументы аб прысваенні Пятроўскаму звання генерал-маёра,— адказаў Жукаў.
Сталін удакладніў:
— Генерал-лейтэнанта.
Хто ведае, можа, у тую мінуту яму падумалася тое, што праз гады ён сказаў Маршалу Савецкага Саюза Ракасоўскаму, які таксама, як і Пятроўскі, у пэўны час быў рэпрэсіраваны: «Гледзячы на вас, мне іншы раз хочацца апусціць вочы».