Выбрать главу

Савецкае Інфармацыйнае бюро ў вячэрняй зводцы за трынаццатае ліпеня паведаміла: «На Заходнім напрамку нашы войскі зноў авалодалі гарадамі Жлобін і Рагачоў».

Гэта былі першыя савецкія гарады, адбітыя Чырвонай Арміяй у гітлераўскіх захопнікаў.

На зямлі ўладарыла позняя ноч. У штабе корпуса Пятроўскі сказаў ад’ютанту Колесаву:

— Хопіць хадзіць за мной, Іван Іванавіч, кладзіся спаць. Заўтра дзень будзе не лягчэйшы, чым сёння.

— Я таксама кажу, што не лягчэйшы.— Колесаў узмахам галавы адкінуў доўгую русявую пасму, якая ўпала на брыво.— Так што пара і вам адпачываць, таварыш камкор.

— Ты ўжо загадваеш мне, лейтэнант?

— Не загадваю, але ў даным выпадку не падпарадкуюся вам. Я выконваю прадпісанне вышэйшага, чым вы, начальніка.

— Вось як? — Пятроўскі здзіўлена паглядзеў на ад’ютанта.

А начальнікам тым была жонка камкора Надзежда Васільеўна. На вакзале ў Саратаве каля поезда, якім штаб корпуса ад’язджаў на захад, яна неўпрыкмет адазвала Колесава ўбок:

— Прашу вас, Іван Іванавіч, глядзіце, каб Леанід Рыгоравіч не забываўся есці, каб адпачываў.

— Вышэйшага, чым вы, начальніка,— шматзначна паўтарыў ад’ютант.

Пятроўскі здагадаўся — якога, развёў рукамі:

— Ну, тады падпарадкуюся…

VIII

«Дучэ!

Я пішу Вам гэтае пісьмо ў той момант, калі цяжкі роздум, які цягнуўся месяцамі, а таксама вечнае нервовае чаканне закончылася прыняццем самага цяжкага ў маім жыцці рашэння. Што датычыцца барацьбы на Усходзе, дучэ, то яна, бясспрэчна, будзе цяжкаю. Але я ні на секунду не сумняваюся ў вялікім поспеху».

(3 пісьма Гітлера Мусаліні ад 21 чэрвеня 1941 года «Аб планах ліквідацыі Расіі»)

«Немцы дрэнь. Гвалтуюць жанчын і проста рабуюць. У іх дзеяннях адчуваецца, што яны гінуць. Армія разлагаецца, калі яна рабуе і гвалтуе».

(3 пісьма Пятроўскага жонцы Надзеждзе Васільеўне.)

«На Заходнім напрамку ў выніку дзеяння нашых войск і авіяцыі знішчана да ста танкаў і многа аўтамашын праціўніка».

«На працягу 16 ліпеня працягваліся буйныя баі на Пскоўскім, Смаленскім, Бабруйскім і Наваград-Валынскім напрамках».

«На працягу ночы на 19 ліпеня нашы войскі працягвалі напружаныя баі на Полацка-Невельскім, Смаленскім і Бабруйскім напрамках».

(«Паведамленне Савецкага Інфармбюрож Масква, 1944. Т. 1.)

IX

Ліпень у той год сапраўды можна было б назваць красою лета: выдаўся ён цёплы, сонечны, ясны… Буйна цвілі мядовыя травы, ліпа, у лясах і садах спелі духмяныя ягады, а на палях урадзіла на славу збажына…

Можна было б, калі б не вайна…

Пятроўскі стаяў ускрай шырокай жытняй нівы, глядзеў, як ціха, прывольна гайдалася пад ветрам вусатае, налітае ядраным зернем калоссе. Колькі разоў ён бачыў яе такую, і заўсёды яму здавалася, быццам упершыню яна перад вачамі. Глядзеў і не мог нагледзецца. Вось і цяпер…

Неспадзявана падступіла (каторы раз ужо — так балюча!) горкае шкадаванне: а ён жа вымушаны весці свае дывізіі па гэтых жыццядайных палях, вытоптваць іх, выпальваць агнём, дратаваць смертаноснымі выбухамі…

Другі тыдзень дывізіі корпуса з цяжкімі баямі прасоўваліся на захад, не даючы немцам замацавацца на зручных рубяжах. Даводзілася адбіваць шматлікія контратакі. Камкор пастаянна знаходзіўся ў часцях, якія наступалі. 3 раніцы да ночы. Ён заўсёды быў там, дзе стваралася цяжкае становішча.

Учора з раніцы яму двойчы давялося ўзнімаць людзей у атаку. У час адной з тых атак параніла яго ахоўніка, які знаходзіўся побач. Міна разарвалася ледзь не пад нагамі, асколак скубануў каля локця генеральскую гімнасцёрку. Другі рассек кабуру.

У чырвонаармейцаў не хапала баявога вопыту — вось і станавіўся ён у пярэднія шарэнгі. Нікуды не дзенешся: неабходны быў асабісты прыклад камандзіра ў крытычныя хвіліны бою. Па сабе ведаў — з часоў грамадзянскай памятаў: бачачы, што камандзір з імі, байцы адважна ідуць у бой… А загад яго той — «Старэйшым камандзірам забараняю быць у атакуючых шарэнгах?..». Дык ён жа для іншых, а не для сябе. Дзе хто калі бачыў, каб камандзір выдаваў загад самому сабе?..

Падзеі дня вымагалі ад яго максімальнай аператыўнасці. Неўзабаве ён абмеркаваў з камбрыгам Ракоўскім план разгрому нямецкай групоўкі, якая на правым фланзе дывізіі прарывалася да ракі Друць. Затым паціскаў рукі лейтэнанту Тулякову, чырвонаармейцам Локцеву і Малышаву…