Выбрать главу

Тонкі, з выгляду слабасільны Тулякоў за дзень чатыры разы вадзіў сваю роту ў атаку. Лейтэнант у адказ на падзяку сказаў яму: «Не пойдзеш у атаку — чаго добрага, давядзецца ўцякаць, і цябе застрэляць у спіну, бо яны ж ідуць, навальваюцца. А так — грудзі ў грудзі, хто каго…» Камкор з нейкай дзіўнай, задушэўнай паблажлівасцю, у якой чулася светлая, чыстая радасць, падумаў пра камандзіра роты: «Акурат Сувораў — тут табе і тэорыя, і практыка бою. От лейтэнант!..»

Малышаў і Локцеў з ручных кулямётаў падпалілі два варожыя бамбардзіроўшчыкі, і чырвонаармейцы даставілі ў штаб трох лётчыкаў. 3 ручных кулямётаў!.. Ён быў асабліва ўдзячны байцам: вось так, а то — «сцярвятнікі беспакарана ўладараць у небе…». Не — бачыце? Дастаюць іх чырвонаармейскія кулі! Усе глядзіце!..

Надзвычай цяжкі быў учарашні дзень. На ўсіх участках фронту ад Жлобіна да Рагачова гітлераўцы кідаліся ў шалёныя контратакі. Корпус прыпыніў сваё наступленне. Але і фашысты выдыхнуліся, уціхамірыліся.

I вось сёння ў Пятроўскага — перадых, «выхадны», як ён напісаў у пісьме дадому.

3 раніцы неба нахмурылася, нізка папаўзлі хмары. Самалёты не лёталі, толькі дзе-нідзе вялася рэдкая артылерыйская перастрэлка. А «выхадны» — дык «выхадны»: аціхнуць сэрцам, паслухаць звычайныя чалавечыя думкі пра жыццё, якія б надавалі добры лад душы. Ён на колькі хвілін выйшаў з назіральнага пункта.

…Гайдалася перад вачамі вусатае калоссе. Зямля, здавалася, дыхала цішынёй і спакоем. Прыкладзіся да яе вухам — і пачуеш, як шэпча жыта, растуць сінія васількі ў ім, трава ўзбоч поля… Аднак — во і вуха прыкладваць не трэба: бухае. То там, то тут… I як яно ўжываецца адно з адным сіла жыцця і недарэчная, пачварная сіла згубы?.. Ды не, тут нічога не зробіш — вайна… I корпусу зноў трэба наступаць. Навошта?.. Канешне, контрудар сродкамі корпуса, арміі, не спалучаны з шырокім наступленнем на іншых франтах, не прынясе больш-менш значнага поспеху ў вайне з такім моцным і каварным праціўнікам, як гітлераўскі вермахт. Але ж Масква!.. Ёй будзе лягчэй. А выстаіць Масква — выстаіць дзяржава…

Ён верыў — выстаіць Масква. Зарукай гэтаму — здольнасць людскога духу ўздымацца высока іменна ў той час, калі чалавек, здавалася б, знаходзіўся на мяжы такога стану, што мог быць зломлены, раздушаны, знішчаны. Ён жа, камкор, не раз бачыў вунь, сам пераконваўся, як праяўлялася яна ў чырвонаармейцаў пад час наступлення… Тут не мелі значэння, хто ты і адкуль, якія ў цябе нацыянальнасць і месца на сацыяльных прыступках быцця, быў ты аблашчаны ці пакрыўджаны жыццём… Тут перад усім — айчына, яе лёс, быць ёй ці не быць…

Тым не менш сярод гэтых думак ён трывожна чуў тую, якая ўвесь час не давала спакою, прыходзіла ў галаву і як жорсткі папрок камусьці, і як пакутліва-горкае неўразуменне.

Людзі, ужыўляючы ў сябе святыя словы аб сацыялізме і камунізме, раслі, выхоўваліся на рэвалюцыйных, ленінскіх ідэалах у духу высокага патрыятызму. Вось жа запомнілася яму: у жніўні трыццаць восьмага года газета «Правда» змясціла адказы на пытанне «Што вы будзеця рабіць, калі заўтра вайна?», з якімі звярнулася да сваіхі чытачоў гарадская газета «Харьковский рабочий». Жанчына, токар аднаго з заводаў, парашутыстка і варашылаўскі стралок, адказала, што будзе ўдзельнічаць у паветраным дэсанце ў тыл непрыяцеля, каб нанесці яму смяртэльны ўдар; хатняя гаспадыня — што збярэ абодвух сваіх сыноў у дарогу і пажадае ім лепш загінуць, чым адступіць nepaд ворагам; паравозны машыніст — што папросіцца, каб яго прызначылі вадзіць браняпоезд… Шчырасць і страснасць памкненняў… Трое — з мільёнаў іншых такіх… Аднак Чырвоная Армія церпіць няўдачу за няўдачай?..

Міжвольна ён пачынаў аналізаваць дзеянні армій, франтоў. I адкрывалася яму вельмі прыкрае: падобна было, што ў Стаўцы, у эшалоне вышэйшага камандавання, панавала бязладдзе. Інакш чым можна было вытлумачыць, што адсутнічалі ясныя і канкрэтныя загады, што войскі атрымлівалі адны агульныя ўказанні: «Біць ворага, імкнуцца затрымаць яго, не дапускаць абходу нашых войск».

Сёння пры гэтых думках яму ўспомніўся Тухачэўскі. Нездарма так настойліва і смела выказваў маршал свае навукова абгрунтаваныя патрабаванні новых форм вайсковай арганізацыі, удасканалення тактычнага і аператыўнага майстэрства. Паскоранае фарміраванне танкавых злучэнняў за кошт скарачэння колькасці кавалерыі бачылася Тухачэўскаму жыццёва неабходным. Баявая стратэгія яго зыходзіла з таго, што наступная вайна, якую рыхтаваліся развязаць фашысты, будзе вайною матораў і ракет… Як бы апраўдала яна сябе цяпер, пры стратэгіі, якую прымяняюць гітлераўскія генералы!.. Так не хапае цяпер маршала Тухачэўскага!.. Як, чаму здарылася, што ў імя трыумфу высокіх ідэй, святых для савецкага чалавека, аказаліся выкрасленымі з жыцця і ён, і многія іншыя сумленныя, адданыя гэтым ідэям людзі?..