Выбрать главу

Пятроўскі задумаўся над няхітрым дыялогам параненых чырвонаармейцаў. 3 якой прагай і верай проціпастаўляюць яны жорсткаму напору вайны невынішчальную сілу жыцця, чалавечнасці!..

Воранаў перапыніў яго роздум:

— Гэта, Леанід Рыгоравіч, яшчэ не ўсё. Начальнік шпіталя расказаў мне адну гісторыю — ад параненага чырвонаармейца пачуў яе.

…Рота заняла нямецкую траншэю, спынілася на перадых. У такі час сама што падсілкавацца б. I тут чырвонаармеец бачыць — па траншэі ў плашч-палатцы старшына іхні крочыць. За ім — камандзір палка і камандзір роты. Ён і гукнуў: «Затрымліваешся з кашай, таварыш старшына!» Толькі тады скеміў: хіба можа старшына ісці паперадзе камандзіра палка? Прыгледзеўся — ды гэта ж камандзір корпуса! Бачыў яго на вучэннях, калі яшчэ ў Паволжы былі. А старшына і тварам, і постаццю дужа падобны быў на яго.

I толькі чырвонаармеец узяў пад казырок, сам яшчэ не ведаючы, што скажа, а камкор усміхнуўся: «Правільна, таварыш баец, гэта не парадак, што каша запазняецца. Папросім старшыну, каб больш такога не дапускаў». Тут раптам — як бухне! Нямецкая міна. Асколак секануў у лоб чырвонаармейцу і засеў у касці. У шпіталі, калі яму зрабілі аперацыю, ён адвёў рукамі медыкаў, сам устаў з аперацыйнага стала. Павольна павярнуў галаву ў адзін бок, у другі. «Слухаецца… Гэта ж добра яшчэ, хай на яго ліха, што мне. А каб камандзіру корпуса?..» Магутнага, начальнік шпіталя казаў, здароўя быў чалавек.

— Чаму — быў? — Пятроўскі пільна паглядзеў на Воранава.

— Пры мне, Леанід Рыгоравіч, пахавалі яго. Стаў дапамагаць ляжачаму параненаму павярнуцца, упаў — і сканаў.— Воранаву нібы здавіла горла, ён пакруціў шыяй, глыбока ўздыхнуў.— Па прозвішчу баец быў Краснашчокаў Аляксей. Дык параненыя за багатырскую сілу звалі яго Алёша Паповіч.

«Алёша Паповіч… Алёша Паповіч… А каго ж яшчэ так? — замільгалі думкі ў Пятроўскага. Разам з тым ахапіла такое ўражанне, быццам ён вось-вось дакранецца да чагосьці рэальнага, і тады адразу праясніцца яму тое, чаго шукала памяць.— Што?.. Ага, вось чаму помніцца мне назва гэтая — Старая Рудня! Гэта ж той, наш Алёша Паповіч… Так, ён нарадзіўся на беларускім Прыдняпроўі ў Старой Рудні, тут нарадзіўся… Тады яшчэ тыя са старэйшых, што стаялі бліжэй да Галоўнага камісара і называлі яго на «ты» часам жартавалі: «Цяпер ты, Алёша Паповіч, будзеш перарабляць сваю Старую Рудню на новую. Што ж яшчэ рабіць рэвалюцыянеру!..»

Камкор жыва спытаў:

— Не давялося, Мікалай Фёдаравіч, выпадкова пачуць у Старой Рудні, ці не захавалася там хата свяшчэнніка?

Воранаў павярнуўся да яго. Хата свяшчэнніка?.. Пры чым тут яна?.. I ажно ўсміхнуўся: якое супадзенне!

— Выпадкова пачуў, Леанід Рыгоравіч: захавалася. Яна каля самага саду, дзе шпіталь размясціўся, стаіць.— Палкоўнік зрабіў паўзу, спадзяваўся, мусіць, што камкор зараз растлумачыць, чым выкліканы такі неспадзяваны паварот у яго гаворцы.

— Якая яна? — з цікаўнасцю, якая ўсё больш здзіўляла Воранава, дапытваўся Пятроўскі.

— Вялікая, на дзве палавіны. У адной жывуць стары са старой, а другую пад шпіталь аддалі. Там аперацыйная размяшчаецца.— Успомніўшы нешта, Воранаў крутнуў галавой.— Старая, відаць, з норавам. Пагаварыў я з ёю. Хату сама пад шпіталь прапанавала. Толькі не дала зняць ікону Міколы-ўгодніка, што шырока займала покуць, і фотакартку сына ў разной драўлянай рамцы, якая вісела ў прасценку паміж вокнамі. «Ікону, сказала, бацюшка павесіў, калі толькі пабудаваў хату, дык няхай і вісіць яна, пакуль будуць стаяць гэтыя вуглы. А Валічак мой таксама не перашкодзіць тут нічому. Сам, гарэтнік, недзе пад кулямі, то хай хоць дома спакойна пасядзіць на сваім месцы. Тут жа во стол яго стаяў, за якім ён рабіў урокі».

Воранаў змоўк, дапытліва пазіраў на камкора: усё ж такі пры чым тут тая хата?.. Пятроўскі маўчаў.

— А начальнік шпіталя,— працягваў Воранаў,— таксама расказваў мне: прывязуць параненага на аперацыю — яна, калі на дварэ і бачыць, складзе крыж-накрыж рукі на грудзях і шэпча: «Заступнік ты наш, Мікола-ўгоднік, уратуй душу грэшную!..» Медсястра адна неяк пакпіла: «Неба, маці, высокае, ці пачуе малітвы твой барадаты ўгоднік?» Яна раззлавалася: «Дык ты, дачка, маліся свайму, што на зямлі. Няхай твой вусаты ўладыка бароніць нашых дэетачак ад пошасці і згубы…»

Нарэшце Пятроўскі сказаў:

— У хаце той, Мікадай Фёдаравіч, матушка нарадзіла палымянага байца рэвалюцыі.

Ён прамовіў і ссунуў цёмныя бровы. У душу яго хлынуў успамін.

…У той час, калі пятнаццацігадовы чырвонагвардзеец Леанід Пятроўскі нёс ахову ў Смольным палацы, дзе знаходзіўся ўрад маладой Савецкай рэспублікі, камендантам, а затым Галоўным камісарам Смольнага быў Міхаіл Васільевіч Прыгароўскі. Паходзіў ён з сям’і свяшчэнніка. Некаторыя сябры Прыгароўскага праз гэта, мусіць, добразычліва звалі яго Алёша Паповіч… Дык ён жа на заглядзенне вабны быў — прыгожы, статны, дужы,— як той былінны рускі асілак!..