Як жа тады сказаў ён тыя словы: «А няхай бы пагуляў!..»
Яны, Леанід з братам Пятром, неслі варту ў Смольным. Стаялі недалёка адзін ад аднаго на сваіх пастах. Была ноч, у калідорах Смольнага наступіла цішыня. Хлопцам надакучыла нерухома стаяць на адзеравянелых напружаных нагах. Пятро дастаў з сумкі шашкі — бацька падарыў іх яму да дня нараджэння,— якія заўсёды насіў з сабой, і яны, ссунуўшы ў невялікім холе два масіўныя крэслы, распачалі турнір. Сядзелі так, каб у абодва бакі відаць быў калідор. Спачатку, памятаючы свае абавязкі, зіркалі туды-сюды. Але неўзабаве захапіліся гульнёй і на ўсё забыліся. Не заўважылі, як падышоў Галоўны камісар. Яго прыцішана сказанае «Устаць!» прагучала для іх громам.
Пасыпаліся на падлогу шашкі.
— Чырвонагвардзейцы, салдаты рэвалюцыі, груба парушаюць дысцыпліну ў час нясення каравульнай службы… I дзе? У Смольным! — У вачах Прыгароўскага былі дакор і асуджэнне.
Браты маўчалі.
— Трэба ж адчуваць рэвалюцыйную адказнасць: Уладзімір Ільіч ночы вунь не спіць, працуе, а вы… Ці, можа, і ён кінуў кіраваць дзяржавай ды ў шашкі гуляе?..
Вось тут хлопцы абурыліся: хіба яны маглі так падумаць?!. Леанід пакрыўдзіўся:
— Мы што, малыя?
Галоўны камісар паглядзеў у той бок, дзе быў кабінет Леніна, і быццам забыўся пра іх. Мінуту памаўчаў, ціха, задумліва прагаварыў:
— А няхай бы пагуляў…
Леанід не адрываў позірку ад Прыгароўскага. Кожны дзень, а то на дні і па некалькі разоў бачыў яго, аднак вось такім, падалося, пабачыў упершыню: бездакорна акуратная знешнасць, адкрыты добры твар і ясныя сінія вочы, у якіх нібы пераліваліся сполахі, выклікалі адчуванне якойсьці ядрана-свежай, быццам бясхмарная весняя раніца, чысціні і светласці гэтага чалавека.
У хуткім часе пасля таго выпадку Прыгароўскі ўзначаліў зводны атрад чырвонагвардзейцаў. Пралетарыят Піцера накіроўваў атрад на дапамогу фінскім рабочым у барацьбе супраць контррэвалюцыі.
Іграў духавы аркестр. Прыгароўскі, у чорным скураным паўпальто, з маўзерам у драўлянай кабуры, які вісеў збоку амаль каля калена, абышоў строй свайго атрада, паглядзеў выпраўку байцоў. Вярнуўся, стаў развітвацца з чырвонагвардзейцамі, якія прыйшлі яго праводзіць. Леаніду моцна паціснуў руку, усміхнуўся:
— А ў шашкі таксама трэба гуляць. Толькі не тады, калі службу нясеш.
Ужо ледзь чулася музыка аркестра, атрад быў далёка, а Леанід усё пазіраў яму ўслед. Здавалася, пабег бы даганяць — так захацелася раптам быць там, разам з любімым камісарам. Але ж ён ахоўваў Смольны, дзе працаваў Ленін!..
Мінула некалькі тыдняў. Леанід у бібліятэцы Смольнага чытаў. У пакой ускочыў Пятро.
— Лёня, наш Галоўны камісар загінуў,— крыкнуў ад дзвярэй, забыўшыся, што ў бібліятэцы нельга размаўляць гучна.
Леанід усхапіўся з-за стала, падбег да яго, выдыхнуў у твар:
— Дзе? Як?..
— На станцыі Саснова. Белафіны акружылі атрад, дык ён павёў чырвонагвардзейцаў на прарыў… Яго з кулямёта…
Увечары дома ўсёй сям’ёй абмяркоўвалі трагічную навіну. Бацька працёр свае акуляры, ускінуў іх на нос, чамусьці зноў зняў.
— Шкада Прыгароўскага, дужа шкала.— Акуляры злёгку здрыгануліся ў руцэ.— Ён увайшоў у рэвалюцыю, як ва ўласны дом. Здавалася, не толькі ўсёй душой — і фізічна адчуваў ад яе найвялікшую асалоду.— Акуляры, нарэшце, селі на пераносіцу.— I чалавек ён такі быў: што ні слова толькі «ў дзела».
Леанід глядзеў у акно. За Фінскі заліў садзілася сонца. Над буйнымі хвалямі луналі чайкі, то ўзмывалі ўгору, то падалі ўніз. А ўдалечыні… Недзе далёка за залівам, падалося яму, пабачыў чырвонагвардзейскі атрад, паперадзе якога чаканна крочыў статны камісар у скураным паўпаліто з маузерам у драўлянай кабуры…
Успамін прагучаў у душы Пятроўскага нейкай туга нацягнутай, асабліва звінючай струной. Воранаў, мусіць, пра нешта здагадваўся — крочыў моўчкі.
Як і сто, і тысячу, і мільён гадоў назад, у небе плылі воблакі. Падзьмуў вецер, пачаў ірваць іх на пасмы. На зямлю закапалі рэдкія буйныя кроплі.
Пятроўскі зірнуў на гадзіннік: ого, загуляўся!..
Справы клікалі ў штаб. Трэба было ваяваць. Наступаць… Прыбавіў кроку.
Ён не любіў павольнай хады, ступаў шырока і энергічна. Жонка заўсёды, бывала, калі яны хадзілі разам у горад, стрымлівала яго: «Цішэй, Лёня, ты ж не на плацу».