Намёк Карамушкі быў зразумелы: няма адпачынку ад розных заняткаў! Мала вы, таварыш генерал-лейтэнант, паганялі нас?..
Калі корпус перамяшчаўся з Паволжа ў Беларусь, Пятроўскі, каб не марнаваць час у дарозе, строга ўстанавіў: на працягу шасці-васьмі гадзін праводзіць баявую падрыхтоўку. Камандзіры вывучалі карты, рашалі тактычныя задачы, займаліся з чырвонаармейцамі па спосабах і прыёмах вядзення бою ў розных умовах мясцовасці, надвор’я, часу сутак…
Адразу спахапіўшыся, што нельга так размаўляць з камандзірам корпуса, Карамушка паправіўся:
— Вораг — вось жа ён, перад намі, яго бесперастанку біць трэба, праклятага.
Пятроўскі строга зірнуў на камандзіра палка.
— Але біць трапна, беспамылкова, падпалкоўнік, трэба ўмець. А прокляты ж вораг біць нас умее. Ці мы яшчэ не адчулі гэтага? — Іронія яго была з прысмакам горычы і крыўды.
Карамушка сумеўся, маўчаў.
— Вучыцца біць праціўніка ў таго ж праціўніка гэта не значыць выракацца сябе, гэта дыялектыка вайны. Так што, падпалкоўнік, засвойце: хочаш ці не хочаш, а і пад бамбёжкамі, і пад артылерыйскімі абстрэламі… — усё з тым жа дакорам пазіраючы на Карамушку, Пятроўскі, мусіць, па сваёй душэўнасці пашкадаваў раптам, што строга размаўляў з добрым вайскоўцам і шчырым сумленным чалавекам. Памаўчаў, сумна ўсміхнуўся сваёй яснай адкрытай усмешкай: — I, што праўда, то праўда: біць праклятага, каб ажно чэрці з яго сыпаліся!..
Не знаючы спакою, Пятроўскі наведваўся ва ўсе часці, правяраў арганізацыю і якасць заняткаў, сам вучыў і iнструктаваў камандзіраў, даваў ім парады і настаўленні.
Між тым гітлераўскае камандаванне падцягвала новыя вайсковыя злучэнні як на рубеж корпуса, так і на яго флангі. Абстаноўка на фронце ўсё больш абвастралася.
Як піша ваенны гісторык палкоўнік Куляшоў, былы камандзір гаўбічнага палка ў корпусе Пятроўскага, цяпер з мемуараў Гудэрыяна, Гота і іншых крыніц стала вядомо, што паварот часткі сіл групы армій «Цэнтр» на паўднёвы ўсход у напрамку Гомеля быў зроблены паводле патрабавання Гітлера. Каб ліквідаваць пагрозу з боку Цэнтральнага фронту і аказаць дапамогу групе «Поўдзень», якая рвалася да Кіева. У выніку гэта азначала, што эначныя сілы групы армій «Цэнтр» былі адцягнуты ад наступлення на Маскву больш чым на два месяцы і фактычна зрываўся гітлераўскі план яе захопу.
У канцы першай дэкады жніўня нямецкія злучэнні прарвалі абарончыя рубяжы суседзяў корпуса на правым фланзе ў раёне Клімавіч і на левым — у раёне Стрэшына. Гітлераўцы, якія фарсіравалі Дняпро каля Стрэшына, зайшлі шэсцьдзесят трэцяму корпусу ў тыл.
Адзінаццатага жніўня дывізія Ракоўскага была выведзена ў рэзерв. У гэты ж дзень разведчыкі прынеслі трывожныя весткі: «Немцаў ідзе — ажно зямлі цяжка».
Да лініі фронту праціўнік зноў падцягнуў свежыя часці мотапяхоты, артылерыі, мінамёты і танкі. Дзве дывізіі корпуса процістаялі сямі варожым: трыццаць першай, пяцьдзесят другой, сто трыццаць чацвёртай, сто шэсцьдзесят сёмай, дзвесце пяцьдзесят пятай, дзвесце шасцідзесятай, дзвесце шэсцьдзесят сёмай.
Гітлераўцы перайшлі ў наступленне. Нямецкія самалёты шалёна бамбілі пазіцыі чырвонаармейцаў.
Асабліва ўстурбавала Пятроўскага адступленне за Дняпро ў раёне Стрэшына групы генерал-маёра Нярэціна. Прыгадалася «сяржанцкая стратэгія» чырвонаармейца Хадарэнкі, якую той выказаў пад час ліквідацыі фашысцкага плацдарма на левабярэжжы Дняпра пад Рагачовам. Камкор горка падумаў: «Эх, дарагі таварыш Хадарэнка, дапамажы тут, калі фронт корпуса расцягнуўся на семдзесят кіламетраў, а ў корпусе толькі дзве дывізіі…»
I ўсё ж ён загадаў генералу Факанаву зняць з пазіцый чатырыста трыццаць сёмы полк і накіраваць у сектар прарыву з задачай: аб’яднаўшы разрозненыя часці атрада Нярэціна, разам з ім арганізаваць абарону па ўсходнім беразе Дняпра.
Пятроўскі не мог пагадзіцца з тым, каб пакінуць плацдарм на дняпроўскім правабярэжжы, заваяваны з такімі цяжкасцямі. Ён яшчэ спадзяваўся на падмацаванні. Падначаленым сваім гаварыў: «Будзем біцца на заходнім беразе». Невыносна цяжкія баі вялі трыста семдзесят трэці і пяцьсот дзесяты палкі дывізіі Факанава супраць часцей нямецкіх дзвесце шасцідзесятай і дзвесце шэсцьдзесят сёмай пяхотных дывізій, якія атакавалі Жлобін. Дывізія генерала Прышчэпы адбівала псіхічныя атакі фашыстаў на Рагачоў.
Корпус абараняўся фронтам на захад. Улічваючы, што яго флангі, адкрытыя суседзямі, не былі забяспечаны абаронай і з тылу яму заходзілі матарызаваныя часці праціўніка, камандуючы фронтам маршал Цімашэнка даў дазвол Пятроўскаму адысці на ўсходні бераг Дняпра.