Выбрать главу

На досвітку чатырнаццатага жніўня немцы прарвалі абарону корпуса, разбурылі каля Жлобіна пераправы цераз Дняпро. Пятроўскі загадаў генералу Казакову па ўсім фронце стварыць шчыльную сцяну загараджальнага агню, каб не даць фашыстам наблізіцца да адыходзячых часцей. Дзякуючы гэтаму, дывізіі арганізавалі адыход так, што адарваліся ад праціўніка і пераправіліся на левабярэжжа.

Але ўслед за паведамленнем пра гэта камкор атрымаў данясенне начальніка тылу корпуса: падраздзяленням выданы апошнія боекамплекты, на складах — хоць шаром пакаці. Пятроўскі разумеў: у такіх умовах спадзявацца, што не сягоння-заўтра боепрыпасы падвязуць, не даводзілася. 3 горыччу ў душы аддаў загад: боепрыпасы па магчымасці — берагчы. Але што значыць — берагчы, калі страляць трэба?!

Атрымаў ён і яшчэ адну цяжкую звестку: у час пераправы паранены камандзір шэсцьдзесят першай дывізіі генерал-маёр Прышчэпа.

Паехаў у дывізію. Сядзеў у машыне, заплюшчыўшы вочы, звесіўшы галаву. Шафёр думаў, што камандзір корпуса задрамаў, вёў «эмку» асцярожна — няхай хоць тут адпачне.

— Чаго паўзем, як па смале, Калістратавіч? — азваўсяі камкор, не падымаючы галавы.— А то Іван Іванавіч руль адбярэ.

Шафёр прыбавіў газу.

Заўсёды, калі «эмка» каціла цішэй, чым карцела Пятроўскаму, ён казаў шафёру:

— Націсні на жалезку.

Той націскаў.

Пятроўскі іншы раз не задавальняўся і патрабаваў нецярпліва:

— Мацней націскай, мацней.

— Не магу мацней, таварыш генерал-лейтэнант.

— Зноў ты за сваё!..

— Ніяк не магу, бо я адказваю за ваша жыццё.

Іван Іванавіч, падмяні Калістратавіча,— загадваў Пятроўскі ад’ютанту.— А ён няхай адпачне.

Лейтэнант Колесаў з радасцю садзіўся за руль. Машыну ён вадзіў зухавата, са спартыўным азартам.

— Ты адказваеш, а лейтэнант не адказвае, па-твойму? — кідаў камкор цераз плячо, калі Калістратавіч усаджваўся на заднім сядзенні.

— Думаю, што адказвае. Але калі ён садзіцца на маё месца — пачынаю сумнявацца ў гэтым,— пакрыўджана бурчаў шафёр.

— За такія словы ў старыя часы, Калістратавіч, на дуэль выклікалі,— весела адгукваўся Колесаў і наддаваў газу.

На пераправе ніжэй Рагачова было тлумна. Ржалі коні, гулі маторы, гукалі людзі. Сярод гэтага тлуму Пятроўскі пачуў голас Прышчэпы:

— Без панікі, таварышы… Не панікуй, браткі… Рускія заўсёды білі прускіх. Хто так сказаў?.. Сувораў, а яму верыць можна.

Пятроўскі падышоў так, што Прышчэпа, лежачы на насілках, не заўважыў яго,— з галавы. Адазваў фельчара.

— Лейтэнант Лундберг,— адрэкамендавалася дзяўчына.

— Чаму генерал-маёр не ў санбаце?

— Рашуча адмовіўся, таварыш генерал-лейтэнант. Сказаў: пакуль дывізія не пераправіцца — пра санбат і гаворкі не заводзіць з ім.

— Як ён?

— Некалькі раненняў. Асабліва цяжкае — пазваночніка. Дужа пакутуе, аднак стараецца, як толькі можа, не паказаць гэтага.

Прышчэпа пачуў яе словы, але не ведаў, каму яна гаварыла.

— Я болю не баюся — хварэць не люблю, сястра.

Камкор наблізіўся да Прышчэпы. Генерал-маёр пабачыў яго, зрабіў такі pyx плячамі, быццам хацеў устаць.

— Ляжы-ляжы…

— Леанід Рыгоравіч, я ведаю, чаго вы прыехалі… Не загадвайце мне — у санбат. Пераправіцца дывізія — адразу паеду.— Прышчэпа гаварыў запаволена, але падкрэслена выразна.— А так — самі разумееце, нельга мне.

— I добра, калі ведаеш. Ваяваць павінны здаровыя людзі…

— Я ж не ў атаку ісці збіраюся, Леанід Рыгоравіч…

Пятроўскі хацеў загадаць яму — і не змог: расхвалюецца, узрушыцца, а хвалявацца яму цяпер — дужа на шкоду. Нейкі момант маўчаў, не ведаючы, што сказаць.

— Дык хоць медыцыне безагаворачна падпарадкоўвайся. Зразумеў, Мікалай Андрэевіч? Безагаворачна… Лейтэнант,— камкор зірнуў на дзяўчыну з кубікамі на пятліцах,— вам загадваю: не пазней як праз гадзіну даставіць генерала ў санбат. Нягледзячы ні на якія пярэчанні яго… Мне далажылі, Мікалай Андрэевіч,— пераправа дывізіі заканчваецца.

Яны моўчкі парукаліся. Колькі секунд пазіралі вочы ў вочы, сказалі позіркамі адзін аднаму штосьці такое, што зразумела было толькі ім.

— Папраўляйся, Мікалай Андрэевіч, дывізія будзе чакаць цябе.

Напаўзла вялізная сівая хмара. Спорна лінуў касы дождж. Ён люта сек ваду. Рака густа пузырылася і здавалася рабой.

Чырвонаармейцы нацягнулі над Прышчэпам палатку. Але ўваход не закрывалі, каб ён мог бачыць Дняпро.

Палявая дарога, па якой Пятроўскі вяртаўся ў штаб корпуса, то падыходзіла блізка да парослага лазняком берага Дняпра, то адварочвала, цягнулася воддаль. Ён праз сетку дажджу пазіраў на дарогу, на раку і цяжка думаў: «Ці правільна я зрабіў, што неадкладна не адправіў яго ў санбат?.. Мала што — прасіў!..» Сумленне дакарала яго: такое раненне!.. У пазваночнік!..