Дождж так жа нечакана перастаў, як пачаўся. Вечар загортваў раку ў туман.
Штаб корпуса знаходзіўся ў вёсцы Святое. Туды ў хату пад прысадамі з усіх канцоў прыбывалі ганцы з данясеннямі аб баявой абстаноўцы. На ўзмыленых конях, на матацыклах…
Данясенні тыя былі бязрадасныя. Нямецкія часці, якія заходзілі наўкруг, на зыходзе дня пятнаццатага жніўня занялі станцыю Буда-Кашалёўская. Гэтым гітлераўцы завяршылі поўнае акружэнне шэсцьдзесят трэцяга стралковага корпуса.
Неўзабаве іхнія рухомыя падраздзяленні сталі прарывацца ў размяшчэнне чырвонаармейскіх часцей з тылу.
Адзін такі прарыў быў надзвычай небяспечны: яны адрэзалі штаб і асобныя часці корпуса ад яго асноўных сіл. Ha вуліцах вёскі затрашчалі матацыклы… Камкор узброіўся аўтаматам.
— Лейтэнант, са сцягам і штабным сейфам — ні на крок не адставаць ад мяне,— загадаў камандзіру каменданцкага ўзвода.
Ён павёў штабных камандзіраў, чырвонаармейцаў аховы штаба ў атаку…
Выбавіліся яны з акружэння ў гарачай, шалёнай схватцы.
У гайку, што быў ад вёскі кіламетры за тры, Пятроўскі спыніў свой атрад. Памкнуўся працягнуць левую руку да планшэткі, каб узяць карту, і знерухомеў ад болю. Паглядзеў на руку — яна была ў крыві.
— Усё-такі зачапіла, дурніца.— Ён нервова, натужліва ўсміхнуўся.
Куля прадзёўбнула перадплечча каля локця, не пашкодзіўшы, відаць, косці: пальцы, праўда, з болем, сціскаліся і разгіналіся. Ад’ютант Колесаў выхапіў з палявой сумкі індывідуальны пакет, хутка перавязаў рану.
— Цяпер зноў можна ваяваць.— Словы Пятроўскага прагучалі падкрэслена бадзёра.
Ён разгарнуў карту.
«Паспаць бы яму хоць гадзіну,— гледзячы на схуднелы, змучаны трывогамі і невыноснай стомаю твар генерала, падумаў Колесаў.— Каторыя суткі вачэй не змыкае…»
Камкор вызначыў па карце маршрут, і яны накіраваліся да месца знаходжання сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі ў раёне станцыі Хальч, вёсак Чэцверні і Рудзенка.
Паміж вёскай Старая Рудня і станцыяй Хальч, ва ўрочышчы Чашаўка, перайшлі чыгунку. На лясной дарозё сустрэлі старога. Быў ён прысадзісты, каржакаваты, з пышнымі, як у Тургенева, сівымі барадой і шавялюрай. Стары, згледзеўшы іх, яшчэ здаля саступіў на ўзбочыну, абапёрся на тоўсты сукаваты кій, пазіраў з-пад калматых броваў. Яны маўчалі — і ён маўчаў. У вачах яго жалобіліся крыўда і дакор. Але Пятроўскаму падалося і яшчэ штосьці, надзвычай скрушлівае. Адкуль, з чаго ішоў цьмяны водсвет гэтага «штосьці» — са свету сівой даўніны, нялёгкай, нярэдка трагічнай гісторыі тутэйшага народа?..
Калі яны ўжо мінулі старога, той цяжка рыпнуў нізкім скрыпучым голасам:
— Адыходзіце?..
Колесаў крутнуўся, нібы ўджалены:
— Часова, бацька…
Пятроўскі не азірнуўся. Можа, мінуту, а можа, цэлую вечнасць ён улоўліваў патыліцай цяжкі, як старэчыя гады, пагляд.
Далей на лясной дарозе групе сустрэўся чырвонаармеец, які нёс на сабе старшага лейтэнанта. «Акурат падлетак, a і ён — пад ружжом»,— роспачна прамільгнула ў Пятроўскага ў галаве.
Хударлявы, нехлямяжага выгляду чырвонаармеец пад цяжарам рослага старшага лейтэнанта ледзь не перагнуўся папалам. Распараны твар быў выпацканы зямлёй. Пятроўскі яшчэ раз акінуў яго позіркам, больш уважлівым, і пазнаў: выхаванец корпуса Антон Губараў…
Тыдзень таму назад ён бачыў Антона ў штабе дывізіі. Спытаў:
— Як ваюецца, баец?
Хлопец меў тады іншы выгляд: быў падцягнуты, шыю аблягаў белы падкаўнерык… Што запраўскі вайсковец, ляснуў абцасамі, выструніўся:
— Праходжу школу камандзіра разведчыкаў старшага лейтэнанта Панкрацёнкі, таварыш генерал-лейтэнант!
Увесь час потым, пакуль ён быў у дывізіі, падлетак чамусьці не выходзіў у яго з галавы. Ад’язджаючы, ён не стрываў, спытаў у Факанава:
— Выхаванец наш не выкідвае ніякія штучкі з дзіцячага розуму?
— Гутарыў з разведчыкамі — характар арыгінальны.— Складкі над шырокімі бровамі ў камандзіра дывізіі памякчэлі, што заўсёды было з ім, калі ён адчуваў прыхаванае задавальненне.— Усяго ў хлопцу быццам цераз край: і энергіі, і адчайнасці, і дзёрзкасці, і ўпартасці, і непасрэднасці… Але ўсё гэта — адкрыта і шчыра, таму балансуе адно другое…
Перад камандзірам корпуса Антон выпраміўся і толькі мацней прыціснуў да сябе старшага лейтэнанта закінутымі цераз плечы рукамі. Пятроўскі спыніўся.
— Каго нясеш, баец?
— Параненага старшага лейтэнанта Панкраценку, таварыш генерал-лейтэнант.