Выбрать главу

Ад плошчы разыходзіліся яшчэ дзве вуліцы — адна ў паўночным напрамку да чыгункі, другая ў паўднёвым, да лесу. Машына павярнула на паўднёвую вуліцу.

Было горача. Пятроўскі дастаў з кішэні хусцінку. Але перш чым выцерціся, прыклаў яе да рота, нібы хацеў удыхнуць аднаму яму ўлоўныя пахі тонкай снежна-белай тканіны і сіняй кветачкі-званочка, прыгожа вышытай на ражку. Ад’ютант Колесаў крадком пазіраў на камкора, і яму нешта дужа захацелася, каб той даўжэй падыхаў у хусцінку, пасядзеў так сцішана сам-насам з нейкімі дарагімі яго сэрцу думкамі і пачуццямі. Лейтэнант ведаў незвычайную гісторыю з кветачкай-званочкам на ражку камкораўскай насоўкі.

Незадоўга да вайны, калі корпус знаходзіўся ў Паволжы, майскім выхадным днем яны сем’ямі паехалі на Волгу адпачыць. Леанід Рыгоравіч і Колесаў рыбалілі вудамі, Надзежда Васільеўна і жонка Колесава збіралі на лузе краскі. Рыбацкае шчасце было не дужа прыхільнае да маласпрактыкаваных рыбакоў: апоўдні, калі жанчыны прыйшлі на бераг, у кошыках, апушчаных у ваду пад кустамі вербалозу, плёскалася па некалькі плотак ды акунёў. «Табе, Лёня»,— працягнула Надзежда Васільеўна мужу свой невялічкі, але надзіва прыгожы пярэста-яркі букет. Вочы Леаніда Рыгоравіча заблішчалі: «Дзякуй, Надзюша, шчырае дзякуй». Ён паднёс букет да твару, прагна ўдыхаў яго пахі. Забыўшыся пра вуды, так і пайшоў да машыны, каб знайсці што-небудзь і паставіць кветкі ў ваду. «Леанід Рыгоравіч так любіць палявыя кветкі?» — спытаў у Надзежды Васільеўны Колесаў. Яна адказала задумліва: «Ён бязмежна любіць маці і бацьку, а яны гэтыя кветкі абажаюць…» Уважліва глянула на Колесава, быццам папытала вачамі: калі цікава — раскажу?

I расказала.

Майскім днём тысяча дзевяцьсот другога года такі букет Домне Фядотаўне і Рыгору Іванавічу падарыў вядомы рэвалюцыянер Пятро Анісімавіч Майсеенка. Рыгор Пятроўскі, слесар Нялепаўскага рудніка цяперашняй Данецкай вобласці, высланы туды з Екацярынаслава за рэвалюцыйную дзейнасць пад нагляд паліцыі, быў у Майсеенкі. Яны абмяркоўвалі, як наладзіць на шахтах марксісцкую прапаганду. У хату зайшоў шахцёр, у якога кватаравалі Пятроўскія: «Рыгор Іванавіч, у цябе сын нарадзіўся!» Увечары на столік каля ложка Домны Фядотаўны леглі свежыя лугавыя краскі. Іх паклаў Майсеенка. У гонар маці і сына, якога назвалі Леанідам. Потым блізкія і сябры называлі Леаніда Рыгоравіча рэвалюцыянерам ад нараджэння: і бацькі сацыялісты, і «хрысціў» не святар, а вунь які знакаміты рэвалюцыянер! Лугавыя краскі сталі своеасаблівай рэліквіяй у Пятроўскіх, і Леанід Рыгоравіч ніколі не прапускаў выпадку, каб не падарыць іх бацькам, а яны і жонка — яму…

Далекавата ўжо ад’ехаўшы ад плошчы, Пятроўскі чамусьці азірнуўся. Хто ведае, можа, нейкая непераадольная сіла не вытлумачанай нікім інтуіцыі змусіла яго азірнуцца.

Не мог ён ведаць — не дадзена такое чалавеку,— што гэтая утульная плошча ў прыгожай яблыневай вёсцы Старая Рудня стане яго вечным прытулкам…

Неўзабаве камкор прыехаў у свой штаб у раёне станцыі Хальч. Перш-наперш ён заслухаў даклад начальніка разведаддзела корпуса маёра Болатава. Маёр далажыў, што паўночней горада Рагачова немцы падцягваюць да Дняпра дадатковыя часці пяхоты, артылерыю, танкі.

Вечарэла. Пятроўскі памыўся з дарогі, павячэраў неразагрэтымі кансервамі (любіў халодныя), выпіў дзве шклянкі моцнага гарачага чаю і схіліўся за сталом над картай. Вывучаў яе пільна, уздоўж сініх пакручастых стужак Дняпра і Друці наносіў розныя знакі, дзе-нідзе закрэсліваў іх, перапраўляў і на нейкі момант як бы застываў.

Бралася на змярканне. Ён устаў, падышоў да акна. Усчынаўся вецер, па небе папаўзлі абрыўкі хмар.

— Што вы там пабачылі такое цікавае, Леанід Рыгоравіч? — пачуў ад дзвярэй. Азірнуўся — у парозе стаяў начальное артылерыі корпуса генерал-маёр Казакоў.