Камкор прыўзняў галаву старшага лейтэнанта, якая безжыццёва звесілася на плячо чырвонаармейца, паглядзеў у твар, хутка ўзяў за руку, памацаў пульс. I з нейкай вінаватай роспаччу, быццам у ім рушылася якаясьці самая дарагая надзея, глянуў на Антона:
— Старшы лейтэнант памёр.
— Як — памёр! — хлопец жахнуўся і — аслупянеў.
Ён так і стаяў, не знімаючы безжыццёвае цела камандзіра з плеч, з вачэй яго пацяклі слёзы.
Пятроўскі распарадзіўся двум байцам са сваёй аховы пахаваць старшага лейтэнанта. Антону загадаў:
— А вы, чырвонаармеец Губараў, следуйце са мною.
Апоўдні група прыбыла ў штаб дывізіі. 3 ёю падышлі некаторыя часці карпуснога падначалення і падраздзяленні шэсцьдзесят першай дывізіі, якія таксама прарваліся з акружэння на подступах да вёскі Святое. Генерал-маёр Факанаў далажыў камкору абстаноўку. Палкі займалі пазіцыі на ўзлессі ўсходней вёскі Чэцверні. Паўночней станцыі Хальч абарону трымаў Жлобінскі знішчальны батальён.
— Якія вынікі баявых дзеянняў за дзень?
— Ад раз’езда Барацін напрапалую лезла васемнаццатая стралковая брыгада фашыстаў. Яна амаль цалкам знішчана артылерыйскім і мінамётным агнём. Мы таксама нясём значныя страты.
— Удакладніце, генерал, якія — і далажыце.
Баяздольнасць, праяўленая чырвонаармейцамі, насцярожыла і ўстрывожыла гітлераўскае камандаванне, і яно пэўны час не адважвалася распачынаць рашаючы штурм на знішчэнне акружанай групоўкі корпуса. У падмацаванне дзвесце шэсцьдзесят сёмай нямецкай дывізіі, якая прайшла баявую вывучку на палях бітваў у Францыі, была перакінута сто дзевяноста другая пяхотная дывізія. I ўсё ж нават ва ўзаемадзеянні гэтыя дзве дывізіі, што займалі рубяжы каля вёсак Скепня першая і Скепня другая, не ішлі ў наступленне. У той час, калі праціўнік рушыў з боку Рагачова, сціскаючы кола акружэння, яны бачылі сваю задачу ў тым, каб трымаць абарону і не даць прарвацца акружаным часцям.
Пятроўскі ўважліва выслухаў Факанава. Маўчаў, аналізаваў, супастаўляў. I з якога боку ні падыходзіў, ні разглядваў сваё становішча, рашэнне напрошвалася адно: прарывацца на Скепню, Губічы. Пры тых суадносінах сіл, якія так трагічна склаліся, адзіным іхнім саюзнікам магла быць гэтая нерашучасць ворага. Воін, які наступае, заўсёды мацнейшы за таго, што абараняецца. Сваім духам, сваёй воляй…
Нарэшце ён загаварыў:
— Ваша дывізія, Якаў Сцяпанавіч, нанясе ўдар вось у гэтым напрамку,— паказаў на карце.— Прарыў прызначаецца на тры гадзіны семнаццатага.
Ад’ютант Колесаў прынёс камкору абед: у салдацкім кацялку салдацкую прасяную кашу. Ён апаражніў кацялок, працягнуў яго ад’ютанту.
— Ніколі, Іван Іванавіч, не еў я такой смачнай кашы. Ну, не раўнуючы як у рэстаране.
«I тут жартуе»,— са спагадай падумаў Колесаў. Раптам ён у міжвольным недарэчным памкненні, зусім неспадзяваным, памацаў свой нос. Усміхнуўся сам сабе.
Учора было: ён спадцішка назіраў, як Пятроўскі, абедаючы, быццам забыўся на ўсё, быццам увесь быў у свеце няўмольных падзей вайны, што нястрымна і грозна, як штармавыя марскія хвалі, набягалі адна на адну. Няхай бы ж хоць паабедаў па-чалавечы, пра што спакайнейшае падумаў!..
— Таварыш камкор, дазвольце ў вас папытацца,— нечакана для самога сябе звярнуўся Колесаў да генерала.
— Пытайся…
У той момант лейтэнант спалохаўся свайго раптоўнага дзёрзкага намеру, але заўпарціўея.
— Чаму ў вас такая глыбокая маршчына над пераносіцай — ад задумлівасці? — Ён ведаў, што Леанід Рыгоравіч ставіўся да яго з бацькоўскаю ласкай і даруе яму, калі і незалюбіць.
Пятроўскі паклаў лыжку, выцер сурвэткай рот, хітравата прыжмурыўся:
— Я таксама хачу ў цябе папытаць, Іван Іванавіч, можна?
— Калі ласка, калі ласка!..
— Чаму ты такі дзюбаносы?
— А што, непрыгожы? Дзяўчаты любіць не будуць?
— Я не гавару — непрыгожы. Дзюбаносы!..
— Як вам сказаць…— Колесаў прамармытаў бездапаможна і тут жа знайшоўся: — Таму, відаць, што нарадзіўся на птушак гледзячы,— у птушыным краі. У нас на Тамбоўшчыне, ведаеце, Леанід Рыгоравіч, колькі розных птушак?.. На досвітку як зашчабечуць, засвішчуць!.. Аркестр!
— I хітры ж ты, Іван Іванавіч! — камкор цёпла пазіраў на яго.
Цяпер у вачах генерала Колесаў бачыў смяртэльную стому.
— Сапраўды, смачная каша,— паўтарыў Пятроўскі.— Каб і заўтра такою паласавацца, і паслязаўтра…— Ён сказаў са значэннем.
А Колесаў зноў, як там, у прысадах за Святым, скрушліва і трывожна падумаў: «Паспаць бы яму, паспаць…»
Падсілкаваўшыся, Пятроўскі выйшаў са штабной палаткі Факанава. Пастаяў пад разгалістым дубам, прысеў на траву. Дужае цела яго, расслабіўшыся, адчула непераадольную знямогу. Павекі пацяжэлі, апусціліся. I ён уявіў: над буйнымі хвалямі луналі чайкі, то ўзмываючы ўгору, то падаючы ўніз, а ўдалечыні крочыў чырвонагвардзейскі атрад на чале з камісарам у скураным паўпаліто і з маўзерам у драўлянай кабуры… Ён драмаў усяго некалькі хвілін. Страсянуў галавой, павёў плячамі. Пацёр далоняй лоб, праганяючы санлівасць. Сеў зручней, абапёрся рукою на дол. Пальцы адчулі штосьці цвёрдае, прадаўгаватае. Узяў — леташні жолуд. Паглядзеў на яго, узняў галаву. Дуб шырока раскінуў магутныя густыя галіны. Ветру не было, і ён як застыў у сваёй гордай прыгожай велічы. Хвіліну генерал пазіраў на дрэва. «I гэты асілак-прыгажун вырас вось з такога жолуда»,— падумаў. Пакруціў жолуд у пальцах, механічна расшпіліў гузік на кішэні гімнасцёркі і так жа механічна ўкінуў жолуд у кішэню.