— Самалёт хіба па мяне прыслалі? — Антон глядзеў камандзіру корпуса ў вочы.
— Не па вас — дык што?
— Няхай ляціць той, па каго прыслалі.
— Вось ты які!..— вырвалася ў Пятроўскага.— Але ж у арміі не ўпрошваюць — загадваюць. Зразумеў?
Падлетак насупіўся, апусціў галаву.
У другі час Пятроўскі, можа, пажартаваў бы: «Ляці, будзеш там вучыцца, а вырасцеш — магчыма, і зяцем маім станеш…» Цяпер жа яму ўпершыню за доўгія дні і ночы невыносна цяжкага напружання страшэнна закарцела закрычаць. Аднак узвысіць голас на хлопца ён чамусьці не змог і толькі сказаў:
— У арміі загады выконваюцца, чырвонаармеец Губараў.
Антон пачырванеў, здавалася, вось-вось усхліпне. Зіркнуў на камандзіра корпуса збянтэжаным вінаватым позіркам. Але ў глыбіні зрэнак бліснулі гарачыя іскрынкі, і ён упарта прабубніў сабе пад нос:
— Дык вы ж таксама не выконваеце.
Камкор павярнуўся да ад’ютанта:
— Адпраўце на самалёце каго-небудзь з цяжка параненых. Байца Губарава няхай інтэнданты пераапрануць у яго цывільнае адзенне.
Да прарыву заставалася крыху больш як гадзіна. Пятроўскі разам з Факанавым наведаліся ў чатырыста семдзесят трэці полк, якому выпала дзейнічаць на галоўным напрамку.
Ва ўсіх падраздзяленнях палка камандзіры і палітработнікі правялі лятучыя гутаркі: атака павінна быць выключна імклівай, бо менавіта ад гэтага залежыць надзвычай многае, калі не ўсё…
Пятроўскі слухаў даклад камандзіра палка капітана Баталава і падумаў: «Павучыцца б яму ў акадэміі — быў бы генерал!..» Ведаў Баталава па яго подзвігах у час наступлення, калі ён камандаваў батальёнам, падпісваў наградны ліст аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза.
— Значыць, асабовы састаў разумее ўсю адказнасць задачы? — перапытаў капітана. Ён ніколі раней не перапытваў падначаленых, не было ў яго так заведзена, а на гэты раз чамусьці атрымалася неяк само сабой.
— Так точна! — бойка адказаў Баталаў і цішэй, але са значэннем дадаў: — Не сумнявайцеся, таварыш генерал-лейтэнант, абавязак свой выканаем.— Кашлянуў — як прачышчаў горла: быццам яшчэ штосьці хацеў сказаць.
— Што ў вас яшчэ? — Камкор зірнуў на яго прыхавана-насцярожана.
— Байцы і камандзіры пытаюць: якія сілы нам процістаяць?
— Вайскоўцы, таварыш камандзір палка, не пытаюць, колькі ворагаў, іх б’юць,— таропка асадзіў яго Факанаў, інтанацыяй голасу націснуўшы на словы «таварыш камандзір палка». Ён быў незадаволены пытаннем Баталава — што за размовы, хіба цяпер пра такое гавораць!
— Так, капітан, не пытаюць — іх б’юць. Але… — На колькі секунд Пятроўскі зрабіў паўзу.— Вялікі Леў Талстой — дарэчы, ён таксама быў у свой час вайскоўцам — сказаў калісьці, што мала таго, каб прама не хлусіць, трэба старацца не хлусіць, умоўчааючы. Часам мы баімся, што праўда, калі яна застрашаючая, напалохае, выкліча паніку. Не, наадварот, свядомыя байцы зразумеюць, што кожнаму з іх давядзецца не за аднаго — за двух ці нават за трох ваяваць. А гэта запатрабуе ўдвоіць, утроіць сваю воінскую сілу… Чакайце, капітан, самому вам вядома, хто нам тут, каля Скепні, процістаіць?
— Так точна, таварыш генерал-лейтэнант, даведаўся, калі палку ставілася задача.
— Вось бачыце, генерал Факанаў, ставячы вам задачу, не пабаяўся, што жорсткая праўда кіне вас у паніку, выкліча нявер’е ў свае сілы.— Пятроўскі зірнуў на камандзіра дывізіі і зноў сустрэўся вачамі з Баталавым: — Дык так, капітан: калі хто папытае — ні прама, ні адмоўна…
Паўгадзіны застаналася да пачатку прарыву. Пятроўскі сазваў свой штаб. Аб’явіў загад: усяму начальніцкаму саставу, незалежна ад звання і пасады, на гэты раз у начной атацы, маючы пры сабе эфектыўную зброю, знаходзіцца ў перадавых ланцугах. Каб яднаць вакол сябе асабовы састаў часцей і падраздэяленняў… Ён стаяў перад строем з суровай годнасцю на твары, як заўсёды прамы, падцягнуты, ва ўсёй сіле і вабнасці сваіх няпоўных сарака гадоў. Толькі левая рука на марлевай павязцы падвешана была на шыі.
Хто ведае, можа, у тую мінуту «гордаму ўнуку славян», генералу Чырвонай Арміі Пятроўскаму прыгадалася, што некалі з верай у самаахвярную мужнасць людскую сказаў старажытны летапісец Баян:
«Быці вялікаму грому!.. Тут паламаціся дзідам, тут пашчарбаціцца шаблям…»
Прызначаны час набліжаўся.
I вось загула, застагнала зямля…
Пасля пятнаццацімінутнага шквальнага артылерыйскага агню чырвонаармейцы рынуліся на прарыў. Завіхурыла свінцовая крутаверць.
Як і разлічваў Пятроўскі, раптоўнасць і імклівасць атакі адыгралі сваю ролю. Гітлераўцы былі ашаломлены. Баталаўцы першымі, за імі пяцьсот дзесяты полк падпалкоўніка Карамушкі ўварваліся ў іхнія акопы.