«Лятуць стрэлы гартоўныя, грымяць шаблі аб шоламы, трашчаць дзіды сталёвыя ў полі незнаёмым…» Трашчалі, трашчалі «дзіды» сталёвыя…
Праз гадзіну бою падраздзяленні прарвалі абарону праціўніка. У першую чаргу вывелі з акружэння павозкі з параненымі.
Праз многія гады генерал Факанаў у сваіх успамінах напіша: «…Войскі корпуса к зыходу семнаццатага жніўня, прайшоўшы з жорсткімі баямі каля дваццаці пяці кіламетраў, выканалі баявую задачу, пастаўленую Пятроўскім,— разграмілі праціўніка, злучыліся з трэцяй арміяй і працягвалі наносіць страты ворагу ў яе складзе».
Па плане аперацыі штаб корпуса павінен быў выходзіць са сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіяй. Пятроўскі пацвердзіў сваё распараджэнне штабу і сказаў:
— А мне цяпер тут ужо рабіць няма чаго. Я застаюся з падраздзяленнямі прыкрыцця і даганю вас.— Голас яго прагучаў цвёрда і рашуча.
— Таварыш генерал-лейтэнант, вам нельга…— памкнуўся адгаварыць яго Факанаў,-— Капітан Баталаў з палком…
— Капітан Баталаў з палком — гэта добра,— перапыніў яго Пятроўскі.— Але калі з імі яшчэ і генерал-лейтэнант — таксама, думаю, не дрэнна будзе.
«Навастрыў сваё сэрца адвагай, барацьбянай напоўніў дух смагай».
3 боку раз’езда Барацін і станцыі Хальч даносілася шалёная страляніна.
Пятроўскі з невялікай групай — з генералам Казаковым і сваёй аховай — накіраваўся ў той бок, адкуль ішоў, вырваўшыся з акружэння ў Святым. Ён усё спадзяваўся, што адтуль вось-вось з’явяцца, падаспеюць ар’ергардныя падраздзяленні, а таксама медсанбат шэсцьдзесят першай дывізіі, у якім знаходзіўся цяжка паранены Прышчэпа.
Неўзабаве яму ўдалося сабраць некаторыя разрозненыя падраздзяленні. Але генерала Прышчэпу не сустрэў. Вярнуўся.
На той час гітлераўцы ўжо самкнулі клешчы. А шлях быў толькі адзін: туды, па следзе сто пяцьдзесят чацвёртай… Туды — і як шквал!.. Рваліся снарады, міны, трашчала кулямётная і аўтаматная страляніна. Гарэлі дрэвы, кусты. Не было чым дыхаць.
— За мной, таварышы!..
Туды — у агонь, у дым, у смерць…
Ззаду засталіся акопы першай лініі варожай абароны.
— За мной!..
Яшчэ рывок, націск — невыносна доўгі, нясцерпна цяжкі… Яшчэ адна да вар’яцтва лютая рукапашная — і… Другая лінія акружэння таксама прарвана.
Світала. Злева пабачылася грыва кустоў. Група рушыла туды…
Да грывы ужо было недалёка.
— Стой, хто ідзе! — чыста, без акцэнту.
— Хутчэй, паспяшайце!
Вось яны — выратавальныя кусты, на кідок гранаты.
Вунь і чырвонаармеец паказаўся ў прагале, сустракае. Раптам!..
Аўтаматныя чэргі шкуматнулі здрадлівую цішыню. Упаў генерал Казакоў. Лейтэнант Колесаў у імгненным імпульсіўным рыўку засланіў сабою камандзіра корпуса Пятроўскага і таксама рухнуў на дол. Пятроўскі сігануў колькі крокаў, схапіўся за жывот, нагнуўся. Яго з абодвух бакоў падхапілі чырвонаармейцы.
У кустах грымнулі выбухі гранат.
Аўтаматы змоўклі.
— Пераапрануліся, сволачы… — Засмяглыя вусны з цяжкасцю слухаліся Пятроўскага — ледзь паварушыліся.
Вось і грыва засталася ззаду. Чырвонаармейцы неслі камандзіра корпуса на плашч-палатцы. Ён курчыўся ад болю, але не стагнаў. Толькі прыціскаў рукі да параненага жывата і час ад часу лавіў ротам паветра, як выцягнутая на бераг рыбіна.
Абмінулі балоцістую лагчыну за грывай. Ісці па полі — віднавата ўжо, здаля можна іх згледзець… Павярнулі да ўзлеску. Пачулі шум матора на дарозе — імчала «эмка» камандзіра корпуса. Шафёр выправіў пашкоджанні ў машыне, пасечанай варожымі кулямі, калі абстраляла засада з кустоў, і даганяў іх. А «эмку»… даганялі нямецкія матацыклісты.
«Арлы заклікаюць звяр’ё клекатаннем збіраць на пабоішчы косці людскія…»
Бой быў кароткі, бой быў няроўны…
Далягляд на ўсходзе паружавеў, тухлі зоры. Толькі дальназоркі ясны Сірыус яшчэ пільна пазіраў на зямлю і быў адзіным сведкам трагедыі — чырвонаармейцы палеглі ўсе…
Тым часам сто пяцьдзесят чацвёртая дывізія з баямі рухалася на злучэнне з трэцяй арміяй. Яна разграміла штаб сто трыццаць чацвёртай нямецкай пяхотнай дывізіі, захапіла шэсць партфеляў з важнымі дакументамі.
Таксама тым жа часам па другі бок чыгункі Гомель — Жлобін у напрамку Гомеля імчаў грузавік дваццаць другога медсанбата. Ён вёз генерала Прышчэпу. У кузаве каля генерала знаходзілася «медыцына» — міласэрныя сяброўкі-фельчары Лена Лундберг, Ніна Чаракшына, Паліна Васільева, а таксама ад’ютант камдзіва. У лесе непадалёку ад Буда-Кашалёва машына спынілася — скончылася гаручае.