Наўкола чуліся адзіночныя стрэлы, трэск аўтаматаў, клёкат кулямётаў, зводдаль даносіліся выбухі гармат. Ад’ютант і фельчары не адыходзілі ад параненага камдзіва. Генерал ляжаў нерухома.
Бралася на досвітак. 3 неба яшчэ пазіраў бяссонны Сірыус, а сонца ўжо рыхтавалася вось-вось распусціць свае косы-промні.
Прышчэпа расплюшчыў вочы, падцягнуў рукі да грудзей.
— Піць, таварыш генерал? — нахілілася над ім Лундберг.
Ён ледзь-ледзь хітнуў галавой — не. Непаслухмянымі пальцамі зняў гадзіннік з рукі, працягнуў ёй, паварушыў вуснамі:
— На памяць, сястра…— Раптам падхапіўся на локці: — Таварыш генерал-лейтэнант, дывізія не знішчана, ваюе дывізія, ваюе!..
Ці, можа, ён не ў гарачцы трызніў, а сказаў яшчэ на мяжы явы і небыцця?..
То былі апошнія словы генерала Прышчэпы.
XII
«Дарагі сын мой, ты вайсковец, а тому закліканы ваяваць. Аднак вайсковец арміі, якая змагаецца за шчасце працоўнага люду. Дык ваюй так, каб гэтая вайна стала апошняй у гісторыі чалавецтва і, значыцца, каб людскі род шчасліва зажыў у вечным міры».
(3 пісьма P. І. Пятроўскага Л. Р. Пятроўскаму).
«Лепей смерць у полі, чым ганьба ў няволі, лепей злая куля, чым раба кляймо».
(3 народнай песні, якая нарадзілася пад час наступлення шэсцьдзесят трэцяга стралковага корпуса на Жлобінскім плацдарме).
«Я паслаў двух салдат на месца баёў, каб адшукам трафейную якую аўтамашыну. Недалёка ад вёскі Скепня яны знайшлі легкавую машыну, каля якой ляжаў рускі ваеннаслужачы. Ён пачаў страляць з пісталета і адным з выстралаў забіў аднаго солдата…»
(3 паказанняў былога ваеннаслужачага гітлераўскай арміі Ганса Брамера).
XIII
Горача разгараўся жнівеньскі дзень. У голлі дрэў трапятала музыка сонечных промняў. Над наваколлем запанавала цішыня.
Пятроўскі зварухнуўся. Ціха? Чаму?.. Перш чым як след дайшоў да памяці, недзе ў падсвядомасці на момант устрывожыўся, яго застрашыла цішыня: бой жа ідзе!.. Расплюшчыў вочы.
Ён ляжаў на жываце. Скурчаныя пальцы ўчапіліся ў дзёран. Паварушыў правай, здаровай рукой — слухалася. Памкнуўся сесці. Востры боль разануў жывот, працяў усё цела. Цяжар наваліўся на павекі, але ён з усёй сілы намогся, каб не апусціць іх: разумеў, заплюшчыць вочы — і зноў праваліцца ў чорную бездань. Каб у тую хвіліну ён змог здзівіцца — здзівіўся б: у яго яшчэ знайшлося сілы сказаць сабе сумна-жартаўлівае: «Пакуль ты жывы, ты яшчэ не памёр».
Гэты жарт ён пачуў ад Джона Рыда. Сустрэліся яны пад час асады Зімняга палаца. Але пагутарыць тады з разгаворлівым яснавокім чужаземцам яму не давялося: гарматны стрэл з боку Нявы даў загад, і ён павёў сваё аддзяленне ў атрадзе няўрымслівых чырвонагвардзейцаў на штурм палаца.
Зноў пабачыліся яны ноччу ў калідоры Зімняга. Джон Рыд размаўляў з чырвонагвардзейцамі, запісваў, што пачуў і пабачыў, у блакнот. Потым, размахваючы шыракаполым капелюшом, які трымаў у руцэ, горача расказваў пра мексіканскую рэвалюцыю, пра кіраўніка сялянскіх партызанскіх атрадаў Франсіска Вілью… На хвіліну задумаўся, сказаў сур’ёзна: «Рэвалюцыянер змагаецца, пакуль жывы.— I жартам дадаў: — А пакуль ты жывы, ты яшчэ не памёр».
«Жывы ж…» Пятроўскі прыўзняў галаву. Зараз ён падымецца, пойдзе… Толькі ў які бой ісці?.. Побач ніц ляжаў Калістратавіч, шафёр. Трэба яго расштурхаць — і разам… Ці, можа, машына завядзецца?..
Недалёка раптам пабачыў дзве постаці. Адкуль яны з’явіліся, не было ж!.. Як з зямлі выраслі… Прывід? Паплюскаў вачамі, пакруціў галавой, каб адагнаць прывід. Не, постаці ішлі, набліжаліся… Ён палапаў рукою ўзбоч — намацаў пісталет. А колькі там патронаў? Шчоўкнула спружына. У абойме былі два патроны. Ага, і ў ствале адзін…
Цяпер ён добра разглядзеў — немцы. Адзін — даўгалыгі, другі — невысокі, таўсматы, як цяльпук. На шыі — аўтаматы… Вось яны ўжо зусім блізка… Ён прыцэліўся, націснуў на спускавы кручок. Стрэл… Другі… Цяльпук упаў. Даўгалыгі рвануў з шыі аўтамат. А ён прыклаў да скроні дула пісталета…
Даўгалыгі даў чаргу. Падышоў да нерухомага цела. Раптам спуджана крутнуўся: а што, калі ў спіну яму?!. Вунь колькі іх!.. Дык і гэты ж ляжаў, як забіты…
Потым ён хутка пачаў аглядваць легкавік. Залез у кабіну, націснуў на стартэр. Машына завялася. Ён выскачыў, згроб цельпука. На заднім сядзенні ляжаў чырвонаармейскі шынель. Даўгалыгі паклаў забітага на шынель і ўключыў скорасць.
Камандзір роты, обер-лейтэнант Брамер, якому салдат далажыў аб падзеі, агледзеў шынель. На пятліцах былі знакі адрознення вышэйшага каманднага саставу, якіх яму не даводзілася бачыць.