— Ды вось, Аляксандр Філімонавіч, не пабачыў яшчэ — шукаю,— нявесела ўсміхнуўся камкор,— зорку Сірыус.— Яна — адна з бліжэйшых да нас. За восемдзесят тры мільярды кіламетраў. I самая яркая на нашым небе. Павінна б ужо была паказацца, каб не воблакі.
Казакоў падышоў, стаў побач.
— Разам будзем шукаць Сірыуса? — Пятроўскі пажартаваў і быццам штосьці пацвердзіў: — Так, разам, Аляксандр Філімонавіч.
Хмары рухаліся ўсё шпарчэй, як на крылах ляцелі. Адна, вялізная, цёмная, спусцілася так нізка, што, здавалася, будзе чапляцца за высокія дрэвы. Паласнула агніста-сіняя маланка, суха трэснуў пярун, як раскалоў неба. Лінуў дождж.
Бліскавіцы ўспыхвалі адна за адной, грозна стагнала бура, дождж ліў як з вядра. Пятроўскі і Казакоў стаялі каля акна, пазіралі ў буру, у навальніцу.
II
«4.V11.41 г. (13 дзень)… Група армій «Цэнтр»: танковая група Гудэрыяна сваім правым флангам (3-я танковая дывізія) фарсіравала Дняпро ў раёне Рагачова і стварыла плацдарм».
(3 дзённіка начальніка генеральнага штаба сухапутных войск Германіі генерала Гальдэра).
«На Бабруйскім напрамку праціўнік неаднаразова імкнуўся фарсіраваць раку Дняпро, але, кожны раз трапляючы пад знішчальны агонь нашых войск, з вялікімі стратамі адыходзіў у зыходнае становішча».
(«Паведамленне Савецкага Інфармбюро» ад 7 ліпеня 1941 года. Масква 1944. Т. 1. С. 33).
«На Бабруйскім напрамку нашы часці знішчылі да 35 цяжкіх танкаў і да 2 батальёнаў пяхоты праціўніка. Усе спробы праціўніка на гэтым напрамку фарсіраваць Дняпро адбіты з вялікімі для яго стратамі. Захоплены палонныя».
(«Паведамленне Савецкага Інфармбюро» ад 8 ліпеня 1941 года. Масква, 1944. Т. 1. С. 35).
III
Адзін за адным рабілі заходы варожыя бамбардзіроўшчыкі, штурмуючы пярэдні край абароны, якую займала сто шэсцьдзесят сёмая стралковая дывізія камбрыга Васіля Сцяпанавіча Ракоўскага. Амаль безупынна грукаталі нямецкія гарматы. Над акопамі чырвонаармейцаў бушаваў вогненны смерч.
Ужо захліпнуліся пяць атак гітлераўцаў, якія намагаліся фарсіраваць Дняпро. Пятроўскі разумеў: фашысцкае камандаванне ўзмоцніць націск, кіне ў бой вялікія сілы, бо напрамак тут стратэгічна важны — шаша на Гомель. А там — шлях на Маскву…
Пад вечар на ўчастак чатырыста шэсцьдзесят пятага стралковага палка ў раёне вёскі Збарова абрушыўся такі шквал артылерыйскага, мінамётнага і бомбавага агню, што, здавалася, сама зямля гарэла, ператварыўшыся ў суцэльнае вогненна-дымнае месіва. Бомбы і снарады літаральна выкарчавалі гай, дзе размяшчалася палкавая артылерыя. Сувязь паміж назіральным пунктам камандзіра палка падпалкоўніка Федзіна і ўсімі батальёнамі парвалася. Многія байцы і камандзіры загінулі, а тыя, якіх смерць абмінула, адыходзілі на другую лінію акопаў.
На заходнім беразе Дняпра з’явіліся танкі і бронетранспарцёры з чорнымі крыжамі на бартах. Хіба можа застацца на зямлі што жывое пасля такога страшэннага ўсёзнішчальнага агню?..
Праз раку па мелях рушыў нямецкі дэсант.
Камбрыг Ракоўскі далажыў камандзіру корпуса абстаноўку.
— Пакуль цэлая наша артылерыя, ім не прайсці,— адказаў Пятроўскі, выслухаўшы паведамленнё.— Сканцэнтруйце на ўчастку прарыву ўсю артылерыю дывізіі.— Хацеў даць: «Спакойна, Васіль Сцяпанавіч, дзейнічайце хутка, але спакойна». Не дадаў: ведаў сабранасць і рашучасць Ракоўскага.
— Лейтэнант, машыну,— сказаў Колесаву.
«Пакуль цэлая… Але ж там яна ўжо далёка не ўся цэлая!..» Камкор таропка ўзяў тэлефонную трубку.
— Аляксандр Філімонавіч, тэрмінова накіруй частку артылерыі з рэзерву корпуса ў раён вёскі Збарова ў распараджэнне Ракоўскага,— загадаў начальніку артылерыі Казакову. Потым аддаў загад камандзіру шэсцьдзесят першай дывізіі палкоўніку Мікалаю Андрэевічу Прышчэпу, каб накіраваў да Збарова стралковыя падраздзяленні.
Каля зямлянкі загуў матор аўтамашыны. Пятроўскі імкліва ступіў за дзверы.
У прызначаным месцы, кіламетрах у пяці-шасці ад пераправы нямецкага дэсанта, Пятроўскага ўжо чакалі генерал Казакоў, камбрыг Ракоўскі, палкоўнік Прышчэпа, некалькі іншых камандзіраў. Часці іх былі ўжо на маршы, на падыходзе. Леанід Рыгоравіч разгарнуў сваю карту.
— Разведка, слухаю.
Па дакладу камандзіра дывізійнай разведкі пазначыў на карце месца знаходжання гітлераўцаў на ўсходнім беразе Дняпра і напрамак іх руху. Яны трымалі кірунак да шашы.
Лаканічны абмен думкамі аб дэталях бою, узаемадзеянняў часцей і падраздзяленняў… Ледзь-ледзь звужаныя вочы, неглыбокая складка, якая з’явілася і застыла на пераносіцы, выдавалі напружанасць думкі камкора.