Ён павярнуўся да Казакова:
— На заходнім беразе навесіць наземны загараджальны агонь. Ды такі каб камар не праляцеў, ні туды — ні назад. А вам, таварышы, у гэты час атакаваць дэсант,— загадаў камандзірам дывізій.— У трох кірунках.— Паказаў на карце: — Тут, тут і тут. Пытанняў няма?.. Усё.
Па сасновым лесе накіраваліся ў размяшчэнне падраздзяленняў, якія прыбывалі і рыхтаваліся да атакі. Камандзіры дакладвалі Пятроўскаму аб гатоўнасці да бою.
А па водмелях Дняпра, аблепленыя салдатамі, ішлі і ішлі танкі і бронетранспарцёры, падняўшы над галавою аўтаматы, перабіраліся пехацінцы. Камкор пазіраў у бінокль, і вусны яго шапталі:
— Няхай ідуць, няхай…
Нарэшце ён адрывіста кінуў:
— Хопіць. Агонь, Аляксандр Філімонавіч.
3 многіх дзесяткаў ствалоў усіх відаў ударыла артылерыя. Гром гарматных стрэлаў зліваўся ў суцэльны rpyкат. Здавалася, наваколле грукатала і лесам, і полем, і лугамі, і ракою. На правым, заходнім беразе Дняпра адзін за адным ускідваліся стаўбуны зямлі, клубы дыму і пылу змешвалісяі утвараючы цёмна-шэрае шчыльнае воблака. Снарады пачалі рвацца і на левым беразе.
Гітлераўцы, якія перапраўляліся, адразу расшалопалі, што да чаго: трапілі ў «вілку». Ашалела замітусіліся, закідаліся. Частка павярнула назад, частка працягвала пераправу. I тыя, і другія апынуліся пад гарачымі смертаносныміі асколкамі мін і снарадаў. Некаторыя, не бачачы іншага выйсця, кінуліся бегчы ўдоўж ракі, па цячэнні. Але, сыходзячы з водмеляў, траплялі ў ямы, у віры, і іх праглынала глыбіня. Тыя нямногія аўтаматчыкі, што ўцалелі, змардаваныя стомай і страхам, памкнуліся далучыцца да часцей, якія пераправіліся раней і займалі плацдарм. 3 флангаў па іх секанулі кулямётныя чэргі.
Смяртэльная схватка разгарэлася таксама і далёка ўжо ад Дняпра з тымі часцямі, што пераправіліся раней і паспелі арганізавацца, каб дзейнічаць зладжана і напорыста.
Пятроўскі «бачыў» усё поле бою. Усё. Яму паспелі абсталяваць назіральны пункт, і туды працягнуліся ўсе патрэбныя тэлефонныя лініі. Асабліва непакоілі яго танкі. Яны хутка манеўравалі, з’яўляліся то там, то тут, каб прыкрыць пяхоту. Ён загадаў быць гатовымі сустракаць танкі ўсюды, у самых нечаканых месцах.
Начальніку артылерыі генералу Казакову сказаў:
— Агонь па заходнім беразе, Аляксандр Філімонавіч, не аслабляй, каб было там фашысту — як у апраметнай. Падмацаванні каб не ўздумаў перапраўляць. А саракапяткі перадай у падраздзяленні.
Саракапяткі білі па танках прамой наводкай. Але дуэль ёсць дуэль: яны то самі ўзляталі ў паветра, то ад іх трапных пападанняў танкі загараліся, як свечкі. Тых, якім удавалася прарвацца, сустракалі групы смельчакоў. Яны высоўваліся насустрач браніраваным страшыдлам дзе паўзком паміж варонкамі, дзе кароткімі перабежкамі скрозь кустоўе, падбіраліся блізка і закідвалі звязкамі гранат і бутэлькамі з гаручай сумессю.
Бой цягнуўся ўжо больш як дзве гадзіны. 3 часцей паступалі розныя звесткі. Праціўнік абяссільваў. Але на некаторых участках, быццам набыўшы другое дыханне, кідауся ў ярасныя контратакі, вымушаў асобныя падраздзяленні адыходзіць, а то і беспарадкава адступаць. Даводзілася тэрмінова перакідваць туды падмацаванне.
Далекавата ад назіральнага пункта камкора, як улавіць слыхам, усчалася інтэнсіўная кулямётная і аўтаматная страляніна. Дзе, што — тэлефон маўчаў. А страляніна мацнела, імкліва набліжалася. Начальнік палітаддзела корпуса палкоўнік Воранаў і яго ад’ютант кінуліся туды.
Доўжыліся мінуты. Страляніна — вось ужо побач. У лесе замільгалі постаці чырвонаармейцаў. Некаторыя адстрэльваліся з-за дрэў, іншмя сігалі не азіраючыся. Воранаў паспрабаваў спыніць іх. Узняўшы пісталет над галавой, крычаў:
— Стойце! Спыніцеся!
Яго не слухалі. Ён стрэліў угору. Раз, другі…
— Камуністы, не адступаць!..
Нямецкія аўтаматы трашчалі зусім побач. Праз колькі мінут — хто ведае, што магло здарыцца! Аднак Пятроўскі знешне быў стрыманы і спакойны. Толькі вочы свяціліся сухім сталёвым бляскам.
— Час ваяваць, камкор, а не камандаваць,— кінуў ён сабе са злой іроніяй і выхапіў з кабуры пісталет.
— Чырвонаармейцы, наперад! За мной!..
Побач з ім лейтэнант Колесаў крыкнуў: «Ур-ра!» Па другі бок таксама азваліся некалькі галасоў. I далей гукнулі — нястройна, уразнабой, але ярасна.
3-за тоўстай сасны перад камкорам выскачыў даўгавязы, як не папалам перагнуты ў поясе чырвонаармеец. Вочы яго, напоўненыя дзікім неўтаймоўным страхам, здавалася, вылузнуцца з арбіт. Ён спатыкнуўся аб ламачыну, упаў, выпусціў з рук вінтоўку. Пятроўскі падхапіў яе, і ў той міг чырвонаармеец ускочыў на ногі, з сілай ірвануў з яго рук вінтоўку. Ён не пазнаў ці не ведаў камкора? Не, мусіць, ведаў і ў наступны момант пазнаў, бо раптам зрабіў нейкі няўклюдны рух правей рукою, быццам казырнуў, і, абабегшы сасну, з-за якой толькі што выскачыў, засігаў доўгімі, у абмотках да каленяў нагамі. Уперад, у атаку.