Выбрать главу

Лейтэнант Колесаў наддаў бегу, пачаў заступаць камкору дарогу. Тады раптам пабачыў, што, зрабіўшы тое ж самае, толькі з другога боку, побач з ім паперадзе Пятроўскага апынуўся камандзір чатырыста шэсцьдзесят пятага палка падпалкоўнік Федзін. I яны, стаўшы плячо ў плячо, стварылі своеасаблівы заслон для камандзіра корпуса, прыкрылі яго. Сталі прыцішваць бег.

Чырвонаармейскае «ура» чулася ўжо гучна і дружна разляцелася ўшыркі і вырвалася туды, дзе, заглушаючы аўтаматныя чэргі, загрукаталі выбухі гранат. Пятроўскі спыніўся. Стаў і Колесаў. Падпалкоўнік Федзін, каржакаваты, у цяжкіх кірзачах, шпарчэй замахаў кароткімі рукамі ў такт крокам. Камкор правёў яго позіркам, пакуль той не знік за дрэвамі, моўчкі павярнуўся і пайшоў назад.

На назіральным пункце, калі камандзір корпуса вярнуўся туды, зумерыў тэлефон. Яшчэ не прыклаўшы добра трубку да вуха, камкор пачуў нямоцны густы голас Прышчэпы. Камандзір дывізіі дакладваў: шэсцьдзесят трэці танкавы батальён, які знаходзіўся ў засадзе, ушчэнт разбіў падраздзяленні праціўніка, што прарваліся да Рагачоўскай шашы. На астатніх участках немцы таксама церпяць паражэнне, хаця і люта, раз’юшана агрызаюцца.

Бой скончыўся пад вечар. На ўсходнім беразе Дняпра, калі не лічыць палонных, не засталося ніводнага жывога гітлераўца.

Пятроўскі сабраў да сябе вышэйшых камандзіраў. Абвёў усіх вачамі, спыняючы на кожным уважлівы позірк. На правай шчацэ генерал-маёра Казакова пад вокам чырванеў доўгі пісяг, на лбе камбрыга Ракоўскага красаваўся вялікі цёмны гузак.

— Вось так мы сёння, таварышы камандзіры, ваявалі.— Леанід Рыгоравіч злёгку крануўся пальцамі лба: ці не гакнула часам і яго чым ды ён з гарачкі не адчуў тады? Што было ў яго словах — горкая спагада, пахвала ці нараканне? Хутчэй за ўсё і тое, і другое, і трэцяе.— Падпалкоўнік Федзін, чым тлумачыць панічнае адступленне роты прыкрыцця яе камандзір?

Падпалкоўнік апусціў рукі па швах, выпраміўся:

— Ён забіты, таварыш камкор.

— А палітрук?

— Таксама загінуў.

Твар Пятроўскага пазмрачнеў. На хвіліну ўсталявалася журботная паўза.

— Так, бой быў надзвычай цяжкі, першае наша сур’ёзнае выпрабаванне.

— Але ці не замнога непасрэдна ў баі было вышэйшых камандзіраў? — нечакана ўставіў падпалкоўнік Федзін.— Камандзір корпуса, начальнік артылерыі, начальнік палітаддзела, камандзір дывізіі… Яны ж павінны кіраваць боем, а не ваяваць у баявых парадках. Інакш корпус, даруйце, таварыш камкор, можа застацца без камандавання.

— Ваша праўда,— Пятроўскі пільна паглядзеў на Федзіна.— Мнагавата сёння сабралася начальства на пярэднім краі. Ваяваць нам яшчэ доўга, і залішніх страт аніяк нельга далускаць. Што датычыць мяне асабіста, то… Бываюць такія крытычныя моманты, калі старшы камандзір павінен рызыкаваць сабою.— Ён нявесела ўсміхнуўся.— А што мне было рабіць — драпаць? Дык і вы б за мной, ці — я наўцёкі, а вы — наперад?

— То і для нас, таварыш камкор, быў той крытычны момант.— Камбрыг Ракоўскі абцягнуў гімнасцёрку, паправіў рэмень з вялікай пяціканцовай зоркай на спражцы.— Калі камандзір корпуса павёў у атаку роту, дык камандзір дывізіі павінен ісці ў роце байцом.

— Дасціпна, камбрыг, аднак…— Апошняе слова Пятроўскі вымавіў з націскам, твар яго пастражэў.— Аднак надалей патрабую: без крайняй, выключнай неабходнасці старшым камандзірам у атакі не хадзіць.— Ён адказваў Ракоўскаму, а пазіраў чамусьці на Казакова. Можа, таму, што дужа любіў яго як чалавека і цаніў як удумлівага таленавітага вайскоўца?

Генерал Казакоў, невысокі, хударлявы, не вызначаўся знешняй прыгажосцю, але быў абаяльны, з адкрытым тварам і добрай, прыязнай усмешкай, з моцнымі рукамі і шырокімі плячамі, у якіх адчувалася сіла і надзейнасць. Ён быў аптыміст са шчырай, расхінутай насустрач людзям душой. Гледзячы на яго, думалася, што прыродай прызначаўся ён быць настаўнікам, дзяцей вучыць, а не камандаваць артылерыяй, «богам вайны».

Камандзіры дывізій — камбрыг Ракоўскі, камбрыг Факанаў, палкоўнік Прышчэпа — таксама імпанавалі камкору: энергічныя, валявыя, па-салдацку строгія, але справядлівыя. Прышчэпа — інтэлігентны, многа чытаў, ведаў.

I ўсё ж, можа, нават самому сабе не прызнаючыся ў гэтым, Пятроўскі перад усімі імі больш аддаваў сваёй прыхільнасці Казакову.