Выбрать главу

— Патрабую ў атакі не хадзіць, ясна? — паўтарыў ён і спытаў у генерал-маёра: — Куля, Аляксандр Філімонавіч, зачапіла? — не чакаючы адказу, адразу шматзначна дадаў: — Вось бачыце!.. А вас, Васіль Сцяпанавіч, чым так? — звярнуўся да Ракоўскага.

— Не заўважыў, Леанід Рыгоравіч, толькі калі пасля бою стаў пот з ілба выціраць, намацаў.

— Падпалкоўнік, як загінуў камандзір роты? — нечакана спытаў камкор у падпалкоўніка Федзіна.

Не, пытанне гэтае не было нечаканым ні для яго самога, ні для ўсіх астатніх. На вайне гінуць людзі, на тое яна і вайна.

А тыя, пауз каго куля праляцела міма, штосьці бяруць сабе ад загінуўшых, з іхняга жыцця і смерці. Бяруць такое, што кладзецца на сэрца як горкая адчайная крыўда, як суровы адвечны заклён.

— Рота была ад праціўніка на адлегласці кідка гранаты.— На ўпалых шчоках Федзіна ліхаманкавым агнём загарэліся скулы, у вачах адбіўся боль.— Граната з доўгай драўлянай ручкай упала ротнаму пад ногі. Ён схапіў яе і не паспеў размахнуцца, каб кінуць назад… А палітрук… Яго ў тую ж мінуту скасіла аўтаматная чарга. Вось тады і павярнула рота…

Ружова палымнеў гарызонт за Дняпром. Хвіліна-дзве — і сонца схаваецца з вачэй. Пятроўскі глядзеў у той бок, дзе яно за прыціхлым, знямелым Рагачовам хілілася да зямлі.

— Каротка разбяром аперацыю. Для захопу плацдарма немцы, як бачыце, сканцэнтравалі ўдарны кулак.— Ён паглядзеў на камандзіраў і раптам змоўк. «Немцы!..» У гэтае слова ён уклаў сваю прыхаваную злосць і гнеў. Але штосьці нібыта запярэчыла ў ім. Штосьці такое, што здаўна збераглося ў душы. «Немцы…» Дык жа немцамі зваліся і кіраўнік паўстання на крэйсеры «Очаков» Пятро Шміт, і выдатны рэвалюцыянер-бальшавік Мікалай Баўман, і шырокавядомы ў народзе Эмануіл Квірынг, ураджэнец Паволжа, які разам з яго, Леаніда Пятроўскага, бацькам уваходзіў у склад бальшавіцкай фракцыі ў царскай чацвёртай Дзяржаўнай думе — быў сакратаром фракцыі. Той Квірынг, што, як і бацька, быў адным з першых супрацоўнікаў «Правды»…

— Фашысты разлічвалі зламаць нас адным націскам,— працягваў камкор пасля невялікай паўзы, выдзеліўшы «фашысты» інтанацыяй голасу.— Так, разлічвалі, былі ўпэўнены. Чаму? Яны, безумоўна,— прашу гэта ўлічыць,— ведалі нашы сілы. I наземная іхняя разведка, відаць, пастаралася, і «кастыль» з раніцы да вечара кружыў. А гэты нязграбны з выгляду самалёт, каб было вам вядома, аснашчаны найноўшай ваеннай оптыкай. Аднаго…— Тут Пятроўскага зноў памкнула сказаць «немцы». Ён злавіў сябе на гэтым і зразумеў — чаму: бо яны ж, немцы Германіі, дазволілі, каб Гітлер адурманіў іх фашысцкай ідэалогіяй: — «Мы — выбраная нацыя!..» — Аднаго праціўнік не ўлічыў, што мы зможам аператыўна перакінуць падмацаванне. Ад намеру захапіць плацдарм ён, вядома, не адмовіцца. Не выключаю, што — зноў тут жа. Аднак часці падмацавання сёння ўначы будуць адведзены на ранейшыя месцы дыслакацыі. Дык што вынікае? Па-першае: узмацніць пільнасць. Каб нямецкія разведчыкі, якія здолеюць прабрацца на нашы пазіцыі, не з «языкамі» вярталіся, а «языкамі» заставаліся ў нас. Па-другое: неабходна, Васіль Сцяпанавіч, — звярнуўся ён да Ракоўскага, — паддурыць «кастыля». Нарабіце для яго «танкаў», «гармат», замаскіруйце так, каб ён пабачыў маскіроўку, але не разабраўся, што пад ёю — бутафорыя. Яшчэ раз паўтараю: майце на ўвазе, ён пільны.— Пятроўскі паглядзеў на камандзіра дывізіі такімі вачамі, нібы прасіў прабачэння.— Ведаю, знемагліся байцы, і ўсё ж за ноч трэба табе, Васіль Сцяпанавіч, узбагаціцца «артылерыяй» і «танкамі». Аляксандр Філімонавіч,— звярнуўся да Казакова,— перадай дывізіі з рэзерву корпуса зенітны дывізіён: прыляцяць жа юнкерсы бамбіць новую тэхніку.

Ён змоўк, але відаць было, што хацеў яшчэ нешта сказаць.

— Як сябе паводзілі немцы сёння ў наступленні — вы бачылі,— загаварыў пасля мінутнага роздуму.— А ці не варта было б нам што-кольвечы ўлічыць з іх тактыкі, калі б, скажам, давялося перайсці ў наступленне і фарсіраваць Дняпро? Я да ўсіх звяртаюся, падумайце, прааналізуйце пакрысе.— Глянуў на гадзіннік,— Усё, таварышы камандзіры, да пабачэння. — Казырнуў, пайшоў да аўтамабіля.

Лейтэнант Колесаў памкнуўся быў адчыніць дзверцы, але Пятроўскі апярэдзіў ад’ютанта, адчыніў сам. Машына лёгка пакаціла па вузкай лясной дарозе.

Надыходзіла ноч. Цёплая, ціхая. На поўдні паказаўся маладзік. Ён выплыў з воблакаў, каб у цёмнай сінечы прагуляцда па небе. Свяціўся хораша і люба, весела адбіваўся, пакалыхваўся ў хвалістых водах Славуціча-Дняпра. А з лагчын і ўзгоркаў параненай, пашкуматанай зямлі цягнула гарам, тратылавым смуродам, абпаленым металам фашысцкіх танкаў. Там было вусцішна, стаяла глухая паныласць.