Выбрать главу

Сцяпанішчаў нарэшце заўважыў камкора і камандзіра палка, якія моўчкі назіралі зводдаль, падляцеў, хвацка, прыгожым, ідэальна дакладным рухам загарэлай рукі аддаў чэсць, адрапартаваў. Пятроўскі нечакана для яго спытаў, ці не стаміліся байцы. На момант сумеўшыся, Сцяпанішчаў бойка выпаліў: «Не скардзяцца, таварыш камкор!..» Вочы вялікія, нібы здзіўленыя, вусны прыпухлыя, усё роўна як дзіцячыя. Невысокі, хударлявы, а ўвесь — быццам з адных мускулаў і жыл. Здавалася, ён ажно трымцеў унутры ад нецярплівасці, жадання рухацца, ад нястрымнага імкнення хутчэй туды, да сваёй роты, з якою ён павязаны спрадвечнай нязменнай салдацкай доляй.

I вось той самы Сцяпанішчаў, цяпер ужо маёр і камандзір батальёна, правёў такую ўдалую аперацыю: цэлае танкавае падраздзяленне праціўніка знішчана!.. «Не скардзяцца, таварыш камкор»,— нечакана прыгадаліся Пятроўскаму яго словы, і адразу падумалася: «Але ж, святая праўда: цяжка ў вучэнні — лягчэй у баі».

Прыказку «цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі» Пятроўскі сам перайначыў на «лягчэй у баі». Лёгкіх баёў не бывае, бо ўсе яны — на знішчэнне, на смерць. А самому далося засвоіць глыбінны сэнс гэтай прыказкі, перажыўшы падзею, што надзвычай дорага каштавала яму: «польскі эпізод», як ён казаў.

К таму часу, калі быў залічаны ў акадэмію, ён, шаснаццацігадовы юнак, які стаў дарослым, прамінуўшы пераходны ўзрост, пакамандаваў ужо ротай першага кулямётнага сацыялістычнага палка Чырвонай Арміі ў баях з кайзераўцамі, паваяваў у якасці камісара, а потым камандзіра першага Саранскага стралковага палка з белачэхамі, атрымаўшы там раненне ў нагу.

Вучыўся ў акадэміі ён старанна, спасцігаў ваенныя навукі, чытаў кнігі па філасофіі, гісторыі, мастацкую літаратуру. Па выхадных днях у манежы асвойваў верхавую язду.

А вось фізічнай трэніроўкай не захапляўся. Іншыя слухачы — на турнікі, на трапецыі, лазіць, бегаць, скакаць, а ён пасміхаўся: навошта гэта яму!.. Напружыць мускулы, пакратае пальцамі — як каменныя… Іншым — трэба, ён вунь, каторы, глядзіш — ад ветру можа паваліцца: ні росту, ні самавітасці ў постасці…

Неўзабаве ён перапыніў вучобу, пайшоў ваяваць з дзянікінцамі. Камандаваў кавалерыйскай брыгадай. У гарачай атацы пад ім забіла каня, а яго параніла. Але загаілася рана, і ён вярнуўся ў акадэмію. Прагна вывучаў асновы тактыкі, стратэгіі, ваенную гісторыю, а таксама працы Маркса, Энгельса, Леніна, Гегеля, Пляханава.

Толькі ж зноў не паспеў закончыць курс навучання, зноў паклікала яго вайна. На гэты раз — на Заходні фронт. Дык вось пад Лунінцам і здарыўся той «польскі эпізод».

Пілсудчыкі пераўзыходзячымі сіламі адцяснілі частку яго палка ў балота. I там праследавалі іх па пятах, загналі ў самую багну. Колькі часу яны выбіраліся адтуль — Пятроўскі не помніў. Зноў, у трэці раз, ён быў паранены ў нагу і, змардаваны болем і стомай, ступаў з вялікай цяжкасцю. Нарэшце да сухадолу, парослага ўскрай балота кустамі, заставаліся ўжо лічаныя метры. Яму трэба было пераскочыць «чортава вока», якое цьмяна блішчала пад слабым святлом паўзахмаранага месяца. Ён скочыў і — адразу як не па пахі. Крыкнуць бы, на дапамогу каго паклікаць… Не крыкнуў: бывае, жаўнераў наклічаш — яны ж недзе тут, недалёка… Боўтаўся, з усіх сіл намагаўся выбавіцца, але багна паглынала яго ўсё больш і больш. Закрычаў, калі зразумеў, што — усё, канец… Тут яму кінулі лясіну. А на сухім — па-польску: «Кто ты естэсь?» — і палон.

Затым — здзекі, знявагі, цяжкія хваробы: дызентэрыя і двойчы сыпняк.

У доўгія пакутлівыя дні і ночы палону ён жорстка дакараў сябе: сам, і толькі сам вінаваты ў тым, што здарылася. Слабак, паўтара метра якіх з купіны на купіну не змог пераскочыць — рана ж была няцяжкая…