I далей: "..Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу".
Або: " Вы аплявалі людзей і народы і кінулі сваіх нядаўніх рабоў у анархію, каб далей у мутнай вадзе рыбу лавіць.
Дайце волю народам самім будаваць сваю долю. А тады гэтыя народы скажуць сваё шчырае слова аб вашай культурнасці — ці то заходняй, ці то ўсходняй".
Або: "Сягоння кожны, каму не атуманіла расійская і польская рэакцыя мазгоў, адчуе і зразумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваннем сваёй незалежнай Бацькаўшчыны!''
Бацькаўшчына, і зноў Бацькаўшчына, і яшчэ раз Бацькаўшчына! I аднак жа: самы нацыянальны па характару, па духу, па мове паэт у беларускай літаратуры — Купала ў той жа час і самы агульначалавечы, інтэрнацыянальны ва ўсім, што выйшла з-пад яго пяра: ні ценю нацыяналістычнай абмежаванасці, зашоранасці. Міжволі — яшчэ і яшчэ раз — думаеш: і ў гэтым сэнсе ён плоць ад плоці і косць ад косці свайгонарода. Ігэтачысціня, чалавечнасцьівысакароднасць — найпраўдзівы адбітак чысціні, чалавечнасці і высакароднасці беларускага народа, — народа, які за стагоддзі пакут, несправядлівасці і крыўды не азлобіўся, не прынізіўся да таго, каб паддацца настроям расісцкім і шавіністычным. Купала найвыразным чынам адрозніваў, дзе праўда народа-суседа, простых працоўных людзей, гатовых і жадаючых жыць па-суседску дружалюбна з беларусамі, а дзе няпраўда і дэмагогія палітыканаў, сацыяльных экстрэмістаў і нацыяналістычных маньякаў. Купала верыў у добрую волю народаў, людзей працы. “Народы, — пісаў ён у студзені 1920-га — патрапяць найсці супольную мову, каб па-суседску дагаварыцца паміж сабой ды наладзіць і свае граніцы, і свае дзяржаўныя правы на незалежнасць. Віхор праміне, і прыйдзе ясная жыватворная пагода для ўсіх”. Сёння, калі ўсім нам так неспакойна, так трывожна на душы — хочацца паўтарыць яшчэ раз гэтыя словы паэта: “...і прыйдзе ясная жыватворная пагода для ўсіх”. I на адзін сказ прадоўжыць цытату: “Абы толькі рэакцыя ўрадавая не змянілася на рэакцыю грамадзянства. Гэтага трэба як найболей баяцца...'' Вось глыбіня мудрасці паэта — мудрасці і дзяржаўна-палітычнай, і маральна-філасофскай, і проста чалавечай. Каб толькі рэакцыйнасць урадавая не стала рэакцыйнасцю грамадства... Бо страшна і жахліва, калі траціць розум менавіта грамадства, — тады пачынае ліцца вялікая кроў...
Публіцыстыку Купалы перыяду грамадзянскай вайны патрэбна сёння выдаць за кошт дзяржавы мільённым тыражом і раздаць бясплатна кожнаму жыхару Беларусі, пачынаючы з вучняў старэйшых класаў, каб у кожнай хаце гэта кніга была настольнай, а ў першую чаргу — падарыць яе кожнаму народнаму дэпутату ўсіх узроўняў. Гэта трэба зрабіць — калі мы ўсур'ёз хочам абудзіць у народзе нацыянальную самасвядомасць і здзейсніць тое, што абвясцілі на цэлы свет і за што цэлы свет пачынае нас паважаць.
Канцэпцыя дзяржаўнасці Беларусі, распрацаваная Купалам-публіцыстам, зрабіла б гонар прызнаным тэарэтыкам дзяржаўнага права, заканатворцам, палітыкам... Гэта — узор дзяржаўнай мудрасці, да якое так доўга не хацелі нашыя дзяржаўнікі прыслухацца, ды яшчэ і сёння прыслухоўваюцца далёка не ўсе. I як паэт, і як публіцыст, Купала не ідэалізаваў гістарычную даўніну Беларусі, у яго быў зусім цвярозы, рэалістычны пагляд на мінулае, але ён бачыў у ім тое, чаго не хацелі і да сёння не хочуць бачыць многія "беларускія сыны". I дочкі таксама. Ён бачыў тое, што было ду хоўнай веліччу народа, яго трагічнай і гераічнай гісторыяй, яго славай, ён разумеў, што гэта жыццёва неабходна для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, для жыўлення іх нацыянальнай годнасці, бо без гэтага проста не зможа паўстаць і разгарнуцца грамадска-палітычны, нацыянальна-вызваленчы рух, а ў выніку — не паўстане свабодная, незалежная Беларусь.
Сёння можна ганарыць з пэўнасцю: тая акалічнасць, што больш як на паўстагоддзя ад беларускага народа была наглуха схавана п'еса "Тутэйшыя", дзесяткі выдатных вершаў і дзесяткі бліскучых публіцыстычных артыкулаў Янкі Купалы, — значна затармазіла развіццё нацыянальнаіі ідэі ў народзе, нацыянальнай самасвядомасці; гэта было адно з гнюсных злачынстваў, утвораных бальшавіцкай дыктатурай у дачыненні да Беларусі. Хаваць ад народа слова яго вялікага песняра і прарока, яго апостала, яго духоўнага настаўніка — гэта такая нялюдскасць, такая амаральнасць і цынізм, перад якімі нармалыіы здаровы чалавечы розум пачуваецца проста бездапаможным.